Бязвізавы ўезд для грамадзян Польшчы будзе дазволены ва ўсіх пунктах пропуску на мяжы з ЕЗ


З 2 сакавіка для грамадзян Польшчы будзе дазволены бязвізавы ўезд у Беларусь ва ўсіх пунктах пропуску на мяжы з Еўразвязам, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі. Ён будзе дзейнічаць да 31 снежня ўключна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга аўтамабіляў на памежным пераходзе Лаварышкес на літоўска-беларускай мяжы. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Раней грамадзяне Польшчы маглі ўехаць у Беларусь без візы толькі на беларуска-польскім участку мяжы, зараз жа гэта можна будзе зрабіць на любой мяжы з Еўразвязам, у тым ліку з боку Літвы і Латвіі.

У Дзяржпагранкамітэце сцвярджаюць, што зроблена гэта нібыта праз «высокі запыт на беларускі бязвіз».

«Улічваючы высокі запыт на беларускі бязвіз, кіраўніцтвам краіны прынятае рашэнне аб дазволе бязвізавага ўезду для грамадзян Польшчы ва ўсіх беларускіх пунктах пропуску на мяжы з ЕЗ», – тлумачаць новаўвядзенне ў Памежным камітэце.

Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы з 15 красавіка мінулага года, грамадзян і не грамадзян Латвіі, а з 1 ліпеня – для грамадзян Польшчы.

Цяпер жа на польска-беларускай мяжы дзейнічае толькі адзін пагранічны пераход, праз які легкавыя машыны і аўтобусы могуць уехаць у Беларусь. Польшча прыпыніла працу пункта пропуску «Баброўнікі» з 10 лютага, праз рэпрэсіі ў дачыненні да польскай меншасці ў Беларусі. А ў адказ на новыя недружалюбныя крокі з боку Беларусі з 21 лютага абмежавала рух беларускіх грузавых аўтамабіляў праз памежны пераход «Кукурыкі-Казловічы».

Таксама афіцыйны Менск вырашыў выслаць з Беларусі афіцэра сувязі польскай памежнай аховы і двух супрацоўнікаў польскага консульства ў Горадні. У адказ на гэта Польшча вырашыла выслаць беларускага аташэ па пытаннях абароны.

Hавiны
Што з чэргамі на межах Беларусі – і дзе праз межы яшчэ пускаюць. Мапы
2023.02.21 15:14

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў