Затрыманні працягваюцца. Падрабязнасці справы аўтараў «Regnum»


У Беларусі затрыманы яшчэ адзін аўтар расейскага інфармагенцтва «Regnum» – Сяргей Шыпценка. Пра гэта паведаміла ўласна старонка «Regnum».

Раней Следчы камітэт заявіў аб распачацці крымінальнай справы супраць выкладчыка Беларускага дзяржуніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Юрыя Паўлаўца і берасцейца Дзмітрыя Алімкіна, выпускніка Акадэміі кіравання. За арганізаванае распальванне нацыянальнай варожасці ім пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Паўлавец і Алімкін пад псеўданімамі публікаваліся на расейскіх парталах імперскай скіраванасці.

«Гэтыя асобы паводле ўказання шэф-рэдактара інфармацыйнага агенцтва «Regnum» Юрыя Баранчыка – грамадзяніна Беларусі, які пастаянна жыве ў Маскве, рыхтавалі публікацыі за грашовае ўзнагароджанне», – распавёў прэс-сакратар Следчага Камітэту Сяргей Кабаковіч.

Хто такі Юрый Баранчык?

Юрый Баранчык кіраваў інфармацыйна-аналітычным цэнтрам той самай Акадэміі кіравання, а пасля пераезду ў Маскву стаў выканаўчым дырэктарам Інстытуту інфармацыйных войнаў. Цяпер курыруе беларускі кірунак.

«Практычна немагчыма знайсці розніцу ў палітычнай рыторыцы між празаходняй апазіцыяй і афіцыйнай уладай», – цьвердзіць куратар затрыманых аўтараў.

Паводле матэрыялаў следства і ўзламанай перапіскі, падапечныя Баранчыка Паўлавец і Алімкін стваралі тэксты для «Regnum» з абразамі беларускай мовы, дзяржаўнасці і народу, за даволі невялікі ганарар.

Хто ў Беларусі падтрымаў затрыманых?

Дзмітрый Алімкін апошні час працаваў вартаўніком у берасцейскай школе № 13. Ягоная сямʼя ад размоваў з журналістамі адмаўляецца, а суседзі ў шоку ад справы аб распальванні антыбеларускай варожасці.

«Што Беларусь? Нічога ён не пісаў. Я яго нават асабіста вучыла. Нармальны чалавек».

«Звычайны, спакойны, нармальны, Акадэмію скончыў».

«Ну, хворы чалавек, што з яго возьмеш?».

– кажуць суседзі Дзмітрыя.

Пад Радыётэхнічным універсітэтам, дзе да арышту працаваў Юрый Паўлавец, сёння прайшла кароткая акцыя пратэсту.

«Мы гатовыя пратэставаць каля тых месцаў, дзе яны жывуць і працуюць, каб прыцягваць да ўвагі грамадства», – патлумачыў Віктар Корбан, лідар грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва».

Аднак пікет сарвалі студэнты-дружыннікі пад кіраўніцтвам прарэктара выхаваўчай часткі Дзмітрыя Кузняцова. Дайшло да сутычкі.

Зрэшты, абаронцы Паўлаўца і Алімкіна знайшліся не толькі тут. Актывістка Вольга Карач прыраўняла «рэгнумаўцаў» да палітвязняў, а экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Таццяна Караткевіч адзначыла, што іх затрымалі за іхную пазіцыю.

«Таццяна Караткевіч з Андрэем Дзмітрыевым 7-га снежня была ў Маскве на сустрэчы, там, дзе быў і Юрый Баранчык», – зазначыў блогер і экс-палітвязень Эдуард Пальчыс.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Sputnik / Віктар Талачко