Еўракамісія абвясціла пра распрацоўку паправак у візавыя правілы ЕЗ.
«Прапанаваная намі рэформа зробіць працэдуру атрымання візаў для законапаслухмяных падарожнікаў лягчэйшай і хутчэйшай», – заявіў камісар у пытаннях міграцыі, унутраных справаў і грамадзянства Дзімітрыс Аўрамопулос.
Новыя візавыя правілы прадугледжваюць істотнае скарачэнне тэрмінаў выдачы візаў – з 15 да 10 дзён.
Заяўкі на візу трэба будзе падаваць не за 3 месяцы да паездкі, а за 6. Працэдура падачы заяўкі будзе цалкам электроннай.
Таксама краінам, якія ўваходзяць у шэнгенскую прастору, прапаноўваецца дазволіць выдачу кароткатэрміновых візаў непасрэдна на мяжы. Выдача такіх візаў будзе абмежаваная, а іх атрымальнікі змогуць знаходзіцца толькі ў той краіне, дзе была выдадзеная віза.
Еўракамісія плануе павялічыць памер консульскага збору з атрымальнікаў візаў. У цяперашні час стандартны памер збору складае € 60, а па выніках рэформы яго плануюць павысіць да € 80.
«Гэты ўмераны рост дазволіць дзяржавам-членам падтрымліваць неабходную колькасць персаналу консульстваў для забеспячэння павышанай эфектыўнасці праверак, а таксама забяспечыць мадэрнізацыю IT-абсталявання і праграмнага забеспячэння, не ствараючы перашкод для тых, хто падае заяўкі на атрыманне візы», – паведамляе сайт Еўракамісіі.
ЮВ, belsat.eu