Прэс-служба Мядзведзева зняпраўджвае, што шыкоўнае лецішча належыць прэм'еру Расеі


Расея – краіна кантрастаў. Пры гэтым кантрасты могуць спалучыцца літаральна ў адной асобе. Прэмʼер краіны Дзмітрый Мядзведзеў, які яшчэ нядаўна заклікаў крымскіх пенсіянераў трываць безграшоўе, прафігураваў у новым антыкарупцыйным дакладзе.

Што робіць расейскі прэм’ер і адначасова лідар партыі «Единая Россия» ў цэху, можна пабачыць прынамсі на карціне, падоранай напярэдадні ў акупаваным горадзе Керч. А вось чым ён займаецца на сваім лецішчы ў Плёсе, разгледзець перашкаджае ажно шасціметровы плот. Між тым працаўнікі Фонду барацьбы з карупцыяй, які ачольвае вядомы расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны, усё-ткі зазірнулі – з дапамогаю дрона.

Чытайце яшчэ >>> У РФ паліцыя затрымала мужчын, якія віталі Мядзведзева з плакатамі «Грошай няма, трымаемся»

Агулам – больш за 80 гектараў збудаванняў, палёў і лясоў, рэзюмуе кіраўнік Фонду барацьбы з карупцыяй. Гэта як тры Крамлі альбо ажно 30 Красных плошчаў. Агульны кошт рэканструяванай дваранскай сядзібы XVIII-га стагоддзя з прылеглым участкам, паводле расследавання, – каля $ 0, 5 млрд.

«Дзіўна атрымліваецца: нашая краіна – бедная, а яе кіраўнік жыве ў трыста разоў шыкоўней за лідараў багатых краінаў!», – зазначыў кіраўнік Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксей Навальны.

Прэс-служба Мядзведзева скандальную інфармацыю паспяшалася зняпраўдзіць.

«Пералічаныя аб’екты, як і іншыя аб’екты часовага пражывання, не ўва ўласнасці Дзмітрыя Мядзведзева ды не выкарыстоўваюцца ім і ягонымі сямейнікамі на іншай прававой падставе. Да прыкладу, арэнда», – адзначыла прэс-сакратарка Дмітрыя Мядзведзева Наталля Цімакова.

Зрэшты, пра тое, што лецішча фармальна належыць не Мядзведзеву, адзначаюць і антыкарупцыянеры. Пасля шэрагу купляў-продажаў праз структуры, ачоленыя блізкімі расейскага прэм’ера, сядзіба з участкам афіцыйна перайшла ўва ўпраўленне Фондам захавання гістарычна-культурніцкае спадчыны.

«Вось такім цікавым чынам захоўваюць расейскую культурную спадчыну: за шасціметровым плотам, з аховай ФСА і спецсувяззю! Па выходных і святах культурную спадчыну ахоўвае асабіста прэмʼер-міністр Расеі», – заўважыў Аляксей Навальны.

Карупцыйныя скандалы ў найвышэйшых эшалонах расейскай улады ўзнікаюць перыядычна – ад палацаў прэзідэнта Уладзіміра Пуціна коштам $ 1 млрд да сабакаў першага віцэ-прэм’ера Ігара Шувалава, якіх чыноўнік возіць па ўсім свеце на выставы прыватным самалётам. Што ж да звычайных грамадзянаў РФ, то для іх парада адная: «Папросту грошай няма. Вы трымайцеся тут! Усяго вам найлепшага і добрага настрою!»

ВР, «Белсат». Фота navalny.com