Пуцін падарыў Мядзведзеву карціну «У цэху»


Прэзідэнт Расеі павіншаваў прэм’ера з днём нараджэння.

Журналіст крамлёўскага пула Дзмітрый Смірноў з «Камсамольскай праўды» паведаміў у «Тўітэры» пра падарунак расейскага прэзідэнта Дзмітрыю Мядзведзеву на дзень нараджэння.

Магчыма, карціна ўпрыгожыць адну са сценаў лецішча Мядзведзева ў адрэстаўраванай гістарычнай сядзібе Мілоўка 1775 года, пра якую сёння распавёў Фонд барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага.

Кошт рэстаўрацыі і пабудовы дадатковага комплексу лецішча прэм’ера ФБК ацаніў у $ 25 – 30 млрд.

На карціне «У цэху» намаляваны жоўты гусенічны трактар і група з чатырох чалавек, якія стаялі воддаль.

«Гэта адпавядае таму, чым Дзмітрый Анатольевіч сёння займаецца», – пракаментаваў сюжэт карціны Пуцін.

Пра карціну вядома, што яна напісана алеем на кардоне ў 1975 годзе, калі Мядзведзеву было 10 гадоў. Аўтар твору – савецкі мастак Мікалай Аўчыннікаў. Памер палатна – 69,2 см на 49,2 см.

Дзмітрый Мядзведзеў нарадзіўся 14 верасня 1965 года ў Ленінградзе (цяпер – Санкт-Пецярбург) у сям’і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары