ЗВР Беларусі ўпалі больш як на $ 1,5 млрд. І гэта не мяжа


Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 красавіка склалі $ 7,787 млрд. Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным банку.

За сакавік золатавалютныя рэзервы знізіліся на $ 1,018 млрд, або на 11,6 %. Агулам за тры месяцы ЗВР Беларусі знізіліся на $ 1,607 млрд.

Запланаваны аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2021 года павінен скласці не менш за $ 7,3 млрд.

Зніжэнне ЗВР можа працягнуцца

Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб у каментары belsat.eu нагадаў, што планы адносна ўзроўню ЗВР у Беларусі будаваліся ў перыяд да нафтагазавага крызісу ў стасунках з Расеяй, а таксама да сусветнай рэцэсіі, выкліканай пандэміяй каронавіруса. Далейшая дынаміка рэзерваў Беларусі, паводле яго, будзе залежыць ад развіцця сітуацыі з пандэміяй у свеце, у асноўных гандлёвых партнёрах Беларусі ды ў самой краіне.

На думку эканаміста, зніжэнне ЗВР у бліжэйшыя месяцы можа працягнуцца, «але зусім не такімі тэмпамі, як у сакавіку».

«Дэвальвацыя беларускага рубля, падаражэнне імпарту і тое, што даходы насельніцтва аўтаматычна моцна знізіліся ў валютным выражэнні, прывядзе да моцнага зніжэння попыту на імпарт», – мяркуе ён.

У выніку на валютным рынку мае знізіцца попыт на валюту з боку імпарцёраў. А таму, дадаў Вадзім Іосуб, дынаміка рэзерваў, калі і захаваецца адмоўнай, «то гэта ўжо будзе не так хутка і не так сумна, як у сакавіку».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў