Мільён беларусаў могуць застацца без працы


Пасля каронавіруса беларусам варта рыхтавацца да каронакрызісу. Крызіс чакалі пасля прэзідэнцкіх выбараў, але звальненні і падзенне даходаў ужо пачаліся. У найлепшым выпадку эканоміка адновіцца да канца года, у найгоршым – згубім краіну.

Нас падкасілі нафта, расейскі рубель і вірус. Нават без іх аптымісты чакалі росту ВУП паводле вынікаў года не большага за 1–2 %. Але спачатку не ўдалося дамовіцца аб нафце з Расеяй.

«Без усяго астатняга была надзея, што пасля першага кварталу, магчыма, калі пастаўкі нафты ўзрастуць, сітуацыю ўдасца стабілізаваць і выйсці на рост ледзь-ледзь большы за нуль», – узгадвае старшы навуковы супрацоўнік цэнтру BEROC Зміцер Крук.

Але ж тут здарылася вайна коштаў на нафту. Ваюе Расея, а курс валютаў расце ў нас. Тыя, хто трымае грошы на дэпазітах у рублях, адразу ж затурбаваліся. Дроваў у пекла падкінуў і каронавірус.

«Шок, як кажуць эканамісты, з боку прапановы, – тлумачыць Зміцер. – Гэта значыць, перабоі ў вытворчасці, ланцужках паставак. Многія фірмы не разумеюць, як ім сябе паводзіць, колькі гэтая сітуацыя будзе доўжыцца. Ну і калі фірма не вырабляе, яны не маюць патрэбы ў працаўніках».

Давайце разбірацца
Найгоршы крызіс у гісторыі незалежнай Беларусі. Эканоміка з Чалым
2020.04.02 20:05

Нават пры аптымістычным развіцці сітуацыі, калі з вірусам свет разбярэцца да траўня, эканоміка будзе аднаўляцца да канца года. Цяжка ўявіць, што будзе, калі эпідэмія зацягнецца. Рубель ужо прасядае. Але гэта не самае горшае, што нас чакае. Наперадзе – зніжэнне даходаў.

Няма працы – няма грошай. Прадпрыемствы і рады былі б плаціць працаўнікам – але прыбыткаў няма, і значыць, няма з чаго плаціць нават падаткі, не тое што заробкі. У Беларусі можа адбыцца масавае банкруцтва прадпрыемстваў і рэзкі рост беспрацоўя.

«Калі прадпрымальнікаў у дадзенай сітуацыі не падтрымаць, не даць растэрміноўку на падаткі, растэрміноўкі выплаты людзям належных зваротаў, то яны абвесцяць сябе банкрутамі. І каму ад гэтага будзе лягчэй?» – упэўнены сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

У розных краінах цяпер па-рознаму дапамагаюць сваім грамадзянам. Напрыклад, грамадзянам ЗША выплацяць ад 1000 долараў. Маскоўскія пенсіянеры атрымалі 50 долараў, на расейскіх дзяцей да трох гадоў тры месяцы будуць выплачваць 64 долары. У Італіі ды Славаччыне бацькам пакрываюць паслугі нянек – да 600 еўраў.

Асабісты капітал
Гэты год будзе цяжкі для беларусаў
2020.03.30 20:05

У Беларусі працаўнікоў ужо адпраўляюць у адпачынак за свой кошт. Хто меў здзельную аплату працы – не зарабляе. Абвяшчэння агульнага каранціну з захаваннем заробку бюджэт не пацягне.

«Павінны наймальнікі падумаць, якім чынам вымушаны прастой аплаціць. І банкам трэба мець на ўвазе: калі ў прадпрыемстваў не будзе грошай, даць беспрацэнтны крэдыт, каб людзям можна было выжываць у гэтым стане, купіць харчы ці лекі», – заклікае лідар Незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Менскі аблвыканкам патрабуе забяспечыць сярэдні ўзровень аплаты працы на стратных прадпрыемствах паводле вынікаў кварталу на ўзроўні 500 рублёў. Каго ратаваць у першую чаргу: прадпрыемствы ці людзей? Віктар Маргелаў згадаў сітуацыю ў ЗША пасля ўрагану Кэтрын.

«І перш за ўсё амерыканскі ўрад сказаў: давайце дапаможам прадпрыемствам. Бо гэта праца. Запусцяцца прадпрыемствы – у людзей будзе заробак, і яны будуць далей працаваць. Быў другі варыянт: выплаціць людзям кампенсацыю, а прадпрыемствам не дапамагаць. Але гэта аднаразова варыянт», – упэўнены Віктар Маргелаў.

Асабісты капітал
Каронавірус знішчае бізнес. Хто застанецца без працы і грошай?
2020.03.23 19:05

Нагадаем, што наймальнік не мае права прымусова выправіць работніка ў адпачынак за свой кошт. Паводле згоды бакоў работнік можа сысці ў сацыяльны адпачынак, але не больш як на 30 дзён за год.

«Безумоўна, трэба рыхтавацца да таго, што эканоміка дасць збой. Але я лічу, што гэта часова. Мы павінны далей, калі пройдзе гэты вірус, паступова вяртацца ў звычайнае рэчышча», – не губляе аптымізму Генадзь Фядыніч.

Эканамісты ўзгадваюць, што сітуацыя, найбольш падобная да цяперашняй, была ў сярэдзіне 70-х, калі здарыўся нафтавы крызіс. Тады краінам прыйшлося перабудоўваць свае эканомікі ды прыстасоўвацца на новых умоваў ажно 5 гадоў!

«Зараз надыходзіць момант ісціны. Альбо мы збяромся і зробім дзеяздольную стратэгію краіны, альбо (па сутнасці, у нас іншых варыянтаў няма) мы страцім нашы прадпрыемствы», – робіць выснову Віктар Маргелаў.

І хіба што гэта апошні шанец. А простым беларусам тым часам варта рыхтавацца да далейшага зніжэння заробкаў і масавага беспрацоўя.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Як пара расейскіх пенсіянераў «раздзела» беларуску
  • Перасталі плаціць за другасную сыравіну
  • Ці пагражае беларусам лічбавізацыя?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».