«Зваротнага ходу для Беларусі няма». Калеснікава выставіла патрабаванні да ўладаў


Марыя Калеснікава на ўчастку для галасавання.
Фота: сацыяльныя сеткі

Прадстаўніца аб’яднаных штабоў Марыя Калеснікава ўвечары 13 жніўня выступіла з афіцыйным зваротам, паведамляе тэлеграм-канал экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі.

«З кожным днём нязгоду набірае моц. Рабочыя ладзяць забастоўкі, лекары выходзяць на вуліцы ў ланцугі салідарнасці, дзяўчыны раздаюць кветкі, гучыць «Перемен», сігналяць машыны, вядоўцы дзяржканалаў звальняюцца адно за адным, сілавікі здымаюць форму, айцішнікі і бізнесмены дапамагаюць пацярпелым і затрыманым. Грамадзяне збіраюць грошы, беларусы апладзіруюць адно аднаму і падтрымліваюць адно аднаго так, як гэтага не было яшчэ ніколі. Людзі больш не баяцца, яны больш не мірацца з падманам, іх больш не прымусіць падпарадкавацца тым, каго яны не выбіралі. Увесь свет разумее, што зваротнага ходу для Беларусі няма», – заявіла Калеснікава.

Паводле яе, «тое, што адбываецца пакуль не могуць ацаніць толькі беларускія ўлады».

У сувязі з гэтым яна заклікала ўлады:

  1. Неадкладна спыніць ужыванне фізічнай сілы і абмежаванне волі, каб беларусы маглі «мірна выказваць сваю нязгоду, гуляць па вуліцах, насіць бранзалеты тых колераў, якія ім падабаюцца».
  2. Выпусціць усіх палітычных зняволеных і затрыманых, лік якіх ужо пераваліў за 6 000.
  3. Паказаць рэальныя вынікі галасавання па кожным выбарчым участку, даць выбарцам дакументы на праверку.
  4. А мэры ўсіх гарадоў павінны 15 і 16 жніўня выступіць арганізатарамі мірных масавых сходаў у кожным горадзе і даць людзям магчымасць мірна выказаць сваё меркаванне.

Марыя Калеснікава спадзяецца, што дзейная ўлада «пачуе ўсіх беларусаў, прыме правільнае рашэнне і выканае ўсе пералічаныя пункты нашай прапановы».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў