ЗША ўвядуць санкцыі супраць «мільярдэраў Пуціна»


Санкцыі будуць уведзеныя ў дачыненні да фігурантаў гэтак званага «крамлёўскага спісу», паведамляюць агенцтва «Reuters» і амерыканскае выданне «The Washington Post» са спасылкай на некалькі ананімных крыніцаў.

Паводле «The Washington Post», санкцыі закрануць асобаў з «крамлёўскага спісу», апублікаванага ў студзені Міністэрствам фінансаў ЗША. У спіс увайшлі 210 чалавек, у тым ліку кіраўнік кампаніі «Газпром» Аляксей Мілер, ды кіраўнік кампаніі «Роснефть» Ігар Сечын.

Санкцыі будуць уведзеныя праз магчымае ўмяшальніцтва Расеі ў прэзідэнцкі выбары ў ЗША ў 2016 годзе, на якіх перамог Доналд Трамп.

Паводле «Reuters», санкцыі могуць быць абвешчаныя 5 красавіка. «The Washington Post» атрымаў інфармацыю, што гэта адбудзецца не пазней за 6 красавіка.

4 красавіка амерыканскі тэлеканал CNN са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміў, што каманда былога агента ФБР Робэрта Мюлера правяла допыт двух «расейскіх алігархаў», якія наведвалі ЗША. Каманда спецпракурора Мюлера спрабуе ўстанавіць ці сапраўды расейскія бізнесмены бралі які-кольвек удзел у перадвыбарчай кампаніі Трампа.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары