ЗША не прызнаюць Лукашэнку. Калі будуць санкцыі?


Новы амбасадар Злучаных Штатаў у Беларусі можа прыляцець у Менск найбліжэйшымі днямі. Калі афіцыйны Вашынгтон зацвердзіць санкцыі супраць асобаў, якія фальсіфікавалі выбары ды праводзілі рэпрэсіі? Ці наведае Святлана Ціханоўская сталіцу ЗША? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Джорджам Кентам, намеснікам асістэнта дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Майка Пампэа. Высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік кіруе Бюро Еўрапейскіх і Еўразійскіх справаў у Дзяржаўным дэпартаменце ЗША.

Нямеччына, Данія, Эстонія, Літва, Славаччына ды іншыя краіны ўжо абвесцілі, што яны не прызнаюць легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі. Ён больш не прэзідэнт Беларусі. А якая пазіцыя ЗША ў гэтым пытанні?

Нашая пазіцыя таксама канкрэтная: тое, што здарылася 9 жніўня, нельга назваць ані свабоднымі, ані справядлівымі выбарамі. Абвешчаныя вынікі выбараў былі сфальшаваныя, таму іх ні для кога нельга лічыць падмуркам легітымнасці. Адпаведна, ЗША не можа прызнаць Аляксандра Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам. Для далейшага прагрэсу і развіцця [краіны] мы лічым неабходным зрабіць гэтак, каб народ Беларусі меў магчымасць абіраць прэзідэнта на свабодных і справядлівых выбарах, у прысутнасці незалежных назіральнікаў.

Ці гэта азначае, што амерыканская дыпламатыя працягне працаваць з прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, напрыклад, з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем?

Мяркую, што дачыненні паміж краінамі часта бываюць складанымі. Мы будзем праводзіць палітыку, скіраваную на тое, каб Беларусь ішла наперад і дасягала поспехаў як краіна. Мы падтрымліваем суверэнную і незалежную Беларусь, мы верым, што ёсць месца для прадуктыўных дачыненняў паміж нашымі дзяржавамі. І гэта тое, дзеля чаго мы працуем.

Беларусы чакаюць новую амбасадарку ЗША ў Менску. Ці гэта магчыма ў новай складанай палітычнай сітуацыі?

Камітэт замежных справаў Сенату ўхваліў кандыдатуру Джулі Фішэр. Мы чакаем наступнага галасавання, якое неўзабаве адбудзецца. [Поўны склад. – «Белсат»] Сенату мае зацвердзіць яе ў намінацыі; і калі гэта адбудзецца, мы будзем радыя як найхутчэй накіраваць яе ў Менск.

Гэта пытанне тыдняў ці месяцаў?

Гэта можа быць пытанне дзён.

Нават дзён…

У нашай сістэме гэта залежыць ад Сенату.

На якім этапе цяпер рыхтаванне санкцый ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі? Як мы памятаем, дзяржаўны сакратар Пампеа зрабіў адпаведную заяву два тыдні таму.

Мяркую, што хутка будуць звесткі з Вашынгтону аб прымяненні санкцыяў супраць чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыяў выбараў і гвалту супраць беларускага народу.

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абвесцілі пра больш частыя і больш інтэнсіўныя ваенныя вучэнні ў Беларусі. Гэта вельмі падобна да разгортвання ваеннае базы на ратацыйнай аснове; гэта азначае амаль пастаянную прысутнасць расейскіх войскаў у Беларусі. Ці вы заўважылі змены ў вайсковай стратэгіі ды ці будзе нейкая рэакцыя Вашынгтону на гэта?

Мы заўважылі, што быў праведзены другі этап вучэнняў «Славянскае Братэрства», мы заўважылі прыбыццё расейскіх дэсантнікаў. Думаю, што нашыя польскія саюзнікі ды сябры, з якімі я абмяркоўваў сёння беларускае пытанне, вельмі заклапочаныя з гэтае нагоды. Я ўпэўнены, што беларусам і расейцам не варта разглядаць абарончы альянс NATO, як нейкую пагрозу. Нашыя адносіны з Польшчай заснаваныя на супольнай працы, а не на стварэнні пагрозаў іншым.

ВІДЭА
Новая ваенная стратэгія Пуціна ў Беларусі. Ці Лукашэнка запрасіў «зялёных чалавечкаў»?
2020.09.19 10:05

Польшча, Літва і Румынія прапанавалі Еўразвязу распрацаваць праект падтрымання Беларусі, які б уключаў фінансавую дапамогу, бязвізавы рэжым, свабодны гандаль, дапамогу ў правядзенні рэформаў і гэтак далей. Ці гатовыя ЗША далучыцца да гэтай ініцыятывы?

Мы вельмі заахвочваем нашых партнёраў і саюзнікаў з Еўрапейскага Звязу працаваць у межах ініцыятывы Усходняе Партнёрства, каб пашырыць магчымасці для Беларусі. Падчас маёй ранейшай працы ў Польшчы, я бачыў, якія рэсурсы можа даць ЕЗ, каб дапамагчы ўсходняму суседу, які намерыўся шчыльна супрацоўнічаць з ЕЗ. ЗША – не чалец Еўразвязу, але мы вельмі падтрымліваем стварэнне альтэрнатываў і магчымасцяў для беларусаў. Мы працягнем размаўляць пра тое, як ЗША могуць падтрымаць Беларусь на шляху яе развіцця, а таксама пра тое, як прыцягнуць людзей, якія парушылі базавыя нормы і правы, да адказнасці. Будуць перамовы ў гэтым пытанні паміж Бруселем і Вашынгтонам; нават калі мы будзем дзеяць паралельна, нашыя дзеянні будуць каардынавацца.

Святлану Ціханоўскую, лідарку беларусаў, прымаюць на высокім узроўні ў Бруселі ды іншых еўрапейскіх сталіцах. Што павінна адбыцца, каб яе запрасілі ў Вашынгтон?

Цяпер яна канцэнтруецца на тым, што адбываецца ў Беларусі. Мяркую, што ўбачу яе наступнымі днямі, і мы ўбачым, ці яна зацікаўленая ехаць у Вашынгтон. Уся ўвага цяпер – на развіцці падзеяў у Беларусі. Але паглядзім: я думаю, у першую чаргу, у яе мусіць быць жаданне зрабіць гэткі візіт, па-другое, вызначым, якія ёсць магчымасці.

Міжнароднае падтрыманне цяпер вельмі важнае для беларусаў. І запрашэнне Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон, гэткі знак ці жэст, паказаў бы яе легітымізацыю ў вачах цэлага свету і беларусаў.

Мяркую, яна не мае патрэбы ў легітымізацыі ў вачах беларусаў, бо беларусы галасавалі за яе, і гэта найважнейшае. Думаю, што з ейных размоваў з палітыкамі ЕЗ і ЗША зразумела, чаму беларусы выбралі яе 9 жніўня. Як яна сама нам казала, мы ніколі не даведаемся дакладных вынікаў гэтых выбараў. І таму вельмі важна пачаць працэс, які б прывёў да свабодных і справядлівых выбараў, каб будучыню краіны вызначыць беларускі народ.

ВІДЭА
План для Беларусі без Лукашэнкі
2020.09.18 17:05

Што вы думаеце пра таемную інаўгурацыю Лукашэнкі?

Як я казаў, калі мы лічым гэтыя выбары сфальсіфікаванымі, то сёння не было аніякай падставы для інаўгурацыі.

Але як ацаніць сітуацыю, калі чалавек, які называе сябе прэзідэнтам, хаваецца ад уласнага народу і ладзіць інаўгурацыю як сакрэтную аперацыю?

Паспяховыя дачыненні паміж кіраўніком і народам засноўваюцца на згодзе, гэта фундаментальны элемент для развіцця кожнае краіны. Цяпер няма легітымнасці, таму мы, ЗША і еўрапейскія партнёры, падтрымліваем ідэю дыялогу ў Беларусі, гэта той крок наперад, які можа падтрымаць беларускі народ.

Калаж з фота: David Mdzinzrishvili / Reuters / Forum; Aleksey Nikolskyi/Kremlin Pool; Carlos Barria / Reuters / Forum

belsat.eu

Стужка навінаў