ЗША накіравалі на Блізкі Усход авіяносец «Абрагам Лінкальн»: гэта папярэджанне Ірану


Адміністрацыя Трампа накіроўвае на Блізкі Усход ударную групу авіяносца «Абрагам Лінкальн» і бамбавікі, каб прадэманстраваць Ірану гатоўнасць ЗША да рашучых крокаў. Пра гэта заявіў 5 траўня дарадца Белага дома ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джон Болтан.

«ЗША накіроўваюць ударную групу авіяносца «Абрагам Лінкальн» і аператыўную групу бамбавікоў у рэгіён Цэнтральнага камандавання ЗША, каб паслаць выразны і адназначны сігнал іранскаму рэжыму, што любая атака на інтарэсы Злучаных Штатаў або іх саюзнікаў будзе сустрэтая бязлітаснай сілай», – заявіў Болтан.

Раней Іран папярэдзіў, што можа заблакаваць Хурмузскую пратоку: праз яе праходзіць прыкладна пятая частка нафты, што спажываецца ў свеце.

«ЗША не імкнуцца да вайны з іранскім рэжымам, але мы цалкам гатовыя адрэагаваць на любы напад, няхай гэта будзе з боку падкантрольных [Ірану] сіл, Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі або рэгулярнай іранскай арміі», – гаворыцца ў заяве Болтана.

У заяве ВМС ЗША гаворыцца, што авіяносец і іншыя караблі 1 красавіка выйшлі з Норфака.

  • За апошнія месяцы Вашынгтон узмацніў ціск на Іран. 9 красавіка ЗША ўнеслі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), элітнае фармаванне ўзброеных сілаў Ірана, у спіс тэрарыстычных арганізацыяў. З 2 траўня ЗША скасавалі дзеянні выключэнняў, якія дазвалялі шэрагу краінаў свету купляць іранскую нафту і пры гэтым не парушаць амерыканскіх санкцыяў.
  • Авіяносец «Абрагам Лінкальн» быў пабудаваны ў канцы 80-х. Прымаў удзел у вайне супраць Іраку ў 2003 годзе. Экіпаж карабля – 3200 чалавек. Мае авіяцыйную групу 90 самалётаў.

ІІ belsat.eu, паводле golos-ameriki.ru

Стужка навінаў