ЗША і Еўразвяз рыхтуюцца ўвесці новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі


Злучаныя Штаты Амерыкі ды Еўрапейскі Звяз папярэдне дамовіліся пра новыя санкцыі ў дачыненні да дзейных уладаў Беларусі.

ЗША не прызнаюць Саюзную дзяржаву

Палата прадстаўнікоў кангрэса ЗША ўхваліла законапраект «Аб суверэнітэце, правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі». Дакумент прадставіў кангрэсмен Крыс Сміт, які быў адным з аўтараў актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў.

Законапраектам пашыраюцца «паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША да ўвядзення новых санкцыяў» у сувязі з выбарамі 2020 года Беларусі. Ён зможа «ўвесці візавыя санкцыі супраць любога замежніка, які з’яўляецца членам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі ці які ўдзельнічаў у маніпуляцыях на выбарах, або ў дачыненні да ўрадавай асобы, адказнай за пераслед незалежных СМІ, або прадстаўніка Саюзнай дзяржавы, або расейскага грамадзяніна, які прымаў значны ўдзел у пераследзе СМІ, парушэнні правоў чалавека датычна палітычных рэпрэсіяў у Беларусі».

Акрамя таго, абноўлены «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»:

  • прызнае Каардынацыйную раду законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і не прызнае Аляксандра Лукашэнкі «законна абраным лідарам Беларусі»;
  • заклікае правесці новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў свабоднай і справядлівай форме ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ;
  • заклікае вызваліць усіх палітвязняў без усялякіх папярэдніх умоў;
  • падтрымлівае імкненне народа Беларусі ў свабодзе веравызнання;
  • дазваляе дапамогу ў прасоўванні дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;
  • заяўляе, што ЗША не прызнаюць уключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расеяй;
  • патрабуе ад ЗША стратэгіі па прасоўванні вяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
  • аказвае падтрымку беларускім медыям і прадстаўнікам IT-сектара.

Ініцыятыва павінна атрымаць адабрэнне сенату, пасля чаго паступіць на подпіс прэзідэнту ЗША.

ЕЗ рыхтуецца ўвесці эканамічныя санкцыі

А міністры замежных справаў 27 краін Еўразвязу дамовіліся падрыхтаваць новы пакет санкцый супраць уладаў і ўстаноў Беларусі, заявіў кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль на прэс-канферэнцыі па выніках анлайн-сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін супольнасці.

«Сёння мы дамовіліся пачаць падрыхтоўку новага раунда санкцыяў у адказ на гвалт уладаў і з мэтай падтрымкі беларускага народа. Гэтыя санкцыі будуць уведзеныя не толькі супраць фізічных асоб, але і супраць [дзяржаўных] структур, кампаніяў і прадпрымальнікаў», – сказаў ён, піша ТАСС.

Паводле яго, ЕЗ больш не вылучыць ніводнага еўра ўраду Лукашэнкі, усе сродкі для Беларусі пойдуць грамадзянскай супольнасці.

Людзі застаюцца непадалёк ад плошчы Якуба Коласа.
Фота: Агата Квяткоўска / «Белсат»

Як паведамляе Reuters са спасылкай на двух еўрапейскіх дыпламатаў, новыя

абмежавальныя меры падрыхтуюць на працягу наступных некалькіх тыдняў. Яны закрануць у тым ліку структуры, якія, паводле крыніц, фінансуюць Лукашэнку. Пра якія менавіта кампаніях ідзе гаворка, не ўдакладняецца.

Раней Еўразвяз увёў санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і 54-х высокапастаўленых чыноўнікаў, прадстаўнікоў сілавых ведамстваў і ЦВК. Абмежаванні ўключаюць забарону на ўезд у Еўразвяз і замарозку наяўных у межах юрысдыкцыі актываў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў