Зоркі і карты Таро – з народам. Што пра будучыню Беларусі гавораць вышэйшыя сілы?


Калі вам надакучыла доўгая і красамоўная аналітыка розных гатункаў, то, магчыма, час звярнуцца да прадказанняў іншага кшталту. Гаданне на картах Таро, прадказанні паводле зорак і нават рунаў актыўна набываюць папулярнасць у «YouTube». Мы паглядзелі, што вышэйшыя сілы рыхтуюць для нашай краіны ў 2021 годзе.

Карты Таро. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: unsplash.com

Дзявятка мячоў на дапамогу пратэстоўцам

Найбольшая колькасць прадказанняў на YouTube адносна будучыні Беларусі робіцца з дапамогаю карт Таро. Рамір Таро – адзін з найбольш папулярных такіх прадказальнікаў. На ягоны YouTube-канал на момант публікацыі артыкулу падпісаныя 26 тысячаў чалавек. Першае відэа на канале з’явілася 25 лістапада 2019 году і прыкладна да жніўня 2020 году Рамір з большага гадаў на падзеі ў жыцці ў розных знакаў задыяку.

Але недзе з паўгода таму ён пачаў рабіць расклады карт Таро на розныя палітычныя падзеі. Пачынаючы ад роднай Украіны (вось відэа, якое выкрывае, ці зʼяўляецца Уладзімір Зяленскі наркаманам), але не забывае сачыць за падзеямі ў свеце: раскладвае карты на будучыню Сяргея Ціханоўскага, аналізуе крадзеж Марыі Калеснікавай, прадказвае вынікі выбараў прэзідэнту ЗША. Дарэчы, з гэтым прагнозам Рамір памыліўся – карты паказалі яму перамогу Доналда Трампа. Але наконт Народнага Ультыматуму расклад быў карэктны – у роліку Рамір пацвердзіў, што будзе народны пратэст, але зазначыў, што рабочыя не пачнуць масава страйкаваць.

Зрабіў таролаг і прадказанне для бліжэйшай будучыні Беларусі – на студзень 2021 году. Карты яму паказвалі, што сітуацыя з пратэстамі зацягнецца, але Лукашэнка ўтрымае свае пазіцыі нягледзячы на стомленасць. У студні ён будзе сябе актыўна праяўляць, імаверна ў заканадаўчай сферы, але не зменіць Канстытуцыю. Магчыма, ён будзе кепска пачувацца праз праблемы са здароўем.

Удар у спіну для Лукашэнкі, добры чалавек як ратаванне

Іншы папулярны ў сеціве таролаг – Марына Дар. Яна паходзіць з Расеі, і, апроч гадання на Таро, ў спісе сваіх кампетэнцыяў зазначае псіхалогію, коучынг, біоээнергалекаванне і метафізіку. У сваіх відэа Марына Дар шчыра кажа, што ёй вельмі важна падтрымліваць бадзёры настрой у беларусаў.

Свой YouTube-канал яна завяла зусім нядаўна, у траўні 2020 году. Практычна адразу ўзялася за палітычныя тэмы. У сярэднім ейныя расклады збіраюць каля 20 тысячаў праглядаў.

У сваіх восеньскіх раскладах Марына не аднойчы казала, што перад Новым годам у Беларусі ўсё будзе станавіцца толькі горш і горш. Надзею прынясе разам з сабою жанчына з-за мяжы – і гэта не Святлана Ціханоўская. Таксама яна сцвярджала, што Лукашэнка знаходзіцца пад уплывам моцнай і валявой жанчыны. Але менавіта ад яе прыйшла здрада.

У прагнозе на 2021 годзе Марына кажа, што першая палова году будзе нестабільная і трывожная. Пакой прыйдзе ўжо бліжэй да канцу году. Прычым яна падкрэслівае, што вектар развіцця мяняецца – людзі з ранейшых стабільных краінаў (напрыклад, ЗША), будуць з’язджаць ва Усходнюю Еўропу. Для Лукашэнкі 2021 год будзе нешчаслівым. Нейкая жанчына пад выглядам сябра зробіць яму ўдар у спіну.

Ва ўладзе ў выніку будзе жанчына звонку, менавіта яна прынясе даўгачаканую стабільнасць. Беларускі стары парадак будзе зруйнаваны, але ў выніку краіна здабудзе стабільнасць. Сапраўдны беларускі шлях паспрабуе зруйнаваць нейкая жанчына (варажбітка называе яе «Княгіняй»), але гэтая спроба не будзе паспяховай.

Напрыканцы 2021 году перад Беларуссю адкрыюцца цудоўныя шанцы, Марына Дар бачыць вельмі шмат фінансавай дапамогі.

«Прыйдзе нейкі цёплы і добры чалавек, які будзе клапоціцца аб нашай краіне. І паступова краіна будзе зорачкай на небасхіле», – абнадзейвае яна.

Што гавораць руны пра Беларусь?

Руны – старажытная пісьменнасць вікінгаў, якая з даўніх часоў выкарыстоўваецца для прадказанняў. Яшчэ Гай Юлій Цэзар апісваў, як германцы кідалі галінкі з выразанымі на іх рунамі, і чыталі па ім будучыню. Таксама руны выкарыстоўваюцца як абярэгі.

Але старажытная пісьменнасць куды меней папулярная сярод прыхільнікаў акультызму за гараскопы або карты Таро. Відэа на Youtube-канале «LU NA магия рун» набіраюць у некалькі разоў меней праглядаў за відэа таго ж Раміра Таро. Ягоныя аўтаркі родам з Беларусі, і захоўваюць сваю ананімнасць. Дарэчы, першыя відэа на канале аніяк не былі звязаныя з магіяй, а пераказвалі папулярныя тэорыі змовы.

Вось так выглядаюць магічныя руны. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

Якім жа бачаць 2021 год для Беларусі руны? Перадусім, гэта будзе год маштабнага пераходу для нашай краіны. Адбудуцца зрухі, якія зменяць абсалютна ўсё. Змяніць або замарудзіць іх нельга. Руна «Гева» кажа, што ў Беларусі будуць партнёрскія і ўзаемавыгадныя стасункі. Партнёрства даць імпульс краіне.

«Народ прыйдзе да асэнсавання на ўзроўні вышэйшага “Я”», – сцвярджае прадказальніца. – «Нягледзячы на ўсе складанасці, беларусы здолеюць прайсці сваю дарогу. Багі маюць ласку да нас».

Прычым зрух з мёртвай кропкі адбудзецца ўжо ў першай палове году. Але руны заклікаюць беларусаў прайсці ўсе выпрабаванні такім чынам, каб не паўтарыць жахі 2020 году.

Гараскоп на Беларусь

Астралогія вядомая некалькі соцень гадоў, а гараскопы настолькі ўвайшлі ў нашую штодзённасць, што паказваюцца на найбольш папулярных тэлеканалах. Натуральна, і на YouTube яны знаходзяць сваіх прыхільнікаў.

Прагнозы Таццяны Калінінай у сярэднім глядзіць ад 5 да 10 тысячаў чалавек. На канале яна тлумачыць некаторыя прынцыпы астралогіі, але таксама робіць прагнозы – звычайна на будучыню пэўных краінаў. Беларусі яна прысвяціла некалькі відэа: глядзела ў светлую будучыню нашай краіны, а таксама аналізавала, што адбудзецца з БелАЭС.

У сваім Instagram Таццяна сцвярджае, што яна прадказала рэвалюцыі ў Беларусі і Кыргызстане, перамогу Байдэна а таксама замах на Аляксея Навальнага.

Паводле Таццяны, у 2021 годзе праз паражэнне Меркурыя, у Беларусі будзе вельмі кепская фінансавая сітуацыя, але ёсць імавернасць крэдытаў. Яна прадказвае правядзенне рэферэндуму, а ўжо красавіку 2021 году варта чакаць паляпшэнне сітуацыі. У той жа перыяд адкрыюцца межы. Будзе ўздым апазіцыйнай творчасці і фармаванне грамадзянскай супольнасці. Магчымыя праблемы ў шахтах.

Таццяна адзіная з прадказальнікаў, якая давала канкрэтныя даты для падзей. Так, 18 лютага 2021 Беларусь чакаюць перамены ў палітычнай сістэме краіны, а 22 красавіка 2021 году ўзнікнуць складаныя сітуацыі ў стасунках з суседзямі. Месяц падказвае астролагу, што 16 траўня 2021 году можа з’явіцца небяспека для народу, магчыма нават з-за мяжы. А ўвесь чэрвень наступнага году будуць чарговыя вельмі масавыя пратэсты.

Што далей?

Астролагі, тлумачальнікі рунаў, а таксама варажбіты на Таро даюць даволі супярэчлівыя прагнозы. Але адно становіцца дакладным – Беларусь у 2021 годзе чакаюць вялікія і пазітыўныя перамены. Яны не будуць лёгкімі, нам прыйдзецца цалкам перабудаваць сваё жыццё і заплаціць за гэта вялікі кошт.

Будзе шырыцца грамадская супольнасць, пратэставы рух ізноў набудзе сваю сілу. Але год будзе вельмі складаным фінансава, магчыма, Беларусь залезе ў яшчэ большыя даўгі. Але знойдзе новых сяброў і стане літаральна зорачкай на сусветным небасхіле.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў