Затрыманы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Аляксандр Дзядзько


Родныя і блізкія вядомага лекара Аляксандра Дзядзько, які працуе ў Менскім НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі (былая 9-я больніца Менску), паведамляюць пра яго магчымае затрыманне супрацоўнікамі КДБ. Пра гэта піша «Народная Воля».

«У сераду, 15 траўня Аляксандра Міхайлавіча выклікалі на размову ў КДБ, і адтуль яго ўжо не выпусцілі. Як мы разумеем, ён затрыманы. Мы ў шоку. Аляксандр Дзядзько без перабольшання – залаты фонд беларускай медыцыны. Прафесіянал сваёй справы, разумны і інтэлігентны чалавек», – распавялі «Народнай Волі» блізкія сям’і людзі.

У НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі пра затрыманне Аляксандра Дзядзько не кажуць. Яго працоўны тэлефон не адказвае з чацвярга.

Як паведамляюць «Naviny.by», Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандра Дзядзько. Медыка абвінавачваюць у атрыманні хабараў ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. З затрыманым працуюць следчыя.

Прэс-служба КДБ пакуль гэтую інфармацыю не каментуе.

  • Аляксандр Дзядзько доктар медычных навук, прычым яго доктарская была прызнана адной з лепшых прац за 2018 год. 25 студзеня сёлета Аляксандр Дзядзько быў у групе навукоўцаў, якім дыпломы доктара навук уручыў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

СК belsat.eu

Стужка навінаў