Эксперты распавялі, якой будзе Арменія пасля Саргсьяна


Сэрж Саргсьян. Фота – Baghdasaryan/Photolure/Reuters/Forum

Даследчыкі рэгіёну кажуць, што Саргсьян сышоў у адстаўку, каб захаваць стабільнасць у краіне. Сітуацыя ў якой пасля адстаўкі прэ’ер-міністра не зменіцца.

Адстаўка Сэржа Саргсьяна пасля дэманстрацыяў па ўсёй краіне стала нечаканасцю для большасці экспертаў: масавыя пратэсты адбываліся ў Арменіі шмат разоў ад пачатку прэзідэнцкага тэрміну Саргсьяна – у тым ліку пасля выбараў 2008-га, калі, паводле апазіцыі, Саргсьян перамог у выніку фальсіфікацыяў. Тады ад куляў снайпера загінула 10 чалавек.

«Усе былі ўпэўненыя, што пратэсты працягнуцца або наступіць эскалацыя напружання, але Саргсьян не саступіць, – кажа ў размове з «Белсатам» Конрад Заштаўт, даследчык кафедры еўрапейскага ісламу Факультэту арыенталістыкі Варшаўскага ўніверсітэту.

Дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі кажа «Белсату», што сыход Саргсьяна ў адстаўку сведчыць аб тым, што палітык даволі рацыянальна і аб’ектыўна ацэньвае сітуацыю, і разумее, што стабільнасць і незалежнасць краіны важнейшыя за ягоныя палітычныя амбіцыі.

«Мне здаецца, галоўны фактар, які паўплываў на адстаўку – жаданне захаваць стабільнасць у краіне, – заяўляе Сівіцкі. – Зараз армянскія ўлады будуць вымушаныя пайсці на больш глыбокі дыялог з армянскім грамадствам, і з гэтага пункту гледжання адстаўку Саргсьяна трэба разглядаць як кампрамісны крок. Хутчэй за ўсё армянская ўлада зараз будзе лічыць, што грамадства павіннае зрабіць сустрэчны крок і не давесці сітуацыю да сурʼёзнага ўнутрыпалітычнага крызісу, якім могуць скарыстацца не толькі Азербайджан, але і Расея».

«Не чакаў, што ён засуне свае амбіцыі кудысьці далёка, і сыдзе,піша супрацоўнік Украінскага інстытуту будучыні Ілля Куса.Аднак, для Арменіі нічога не зменіцца. «Таксічнага» палітыка памяняюць на іншага, таксама з кіроўнай партыі, каб зрабіць вітрыну чысцейшай».

Хутчэй за ўсё партыя запрапануе новую фігуру на пасаду прэм’ера, лічыць Конрад Заштаўт.

«Рэспубліканская партыя застанецца ўва ўладзе і будзе працягваць свой курс. У апазіцыйных партыяў, якія стаялі за пратэстам, няма іншага бачання замежнай палітыкі, чымся ў кіроўнай партыі, – заяўляе эксперт. – У пэўным сэнсе Нікол Пашыньян мае імідж прыхільніка Расеі. Удзел Арменіі ў АДКБ і ЕўрАзЭС не стаялі на павестцы ўва ўдзельнікаў пратэсту. Я б не спадзяваўся нечаканых зменаў у гэтым пытанні. У Арменіі няма асаблівага выбару: прапановы ад Захаду даволі сціплыя – ані ЕЗ, ані ЗША не абяцаюць сур’ёзнай арганізацыйнай інтэграцыі з заходнімі структурамі».

«Для самой Арменіі нічога не зменіцца, уключаючы вонкавапалітычную арыентацыю, таму што супраць геаграфіі і рэгіянальнай палітычнай кан’юнктуры не папрэш, – працягвае Куса. – Краіна заблакаваная з усіх бакоў і наўпрост залежыць ад Расеі, якая фактычна зʼяўляецца гарантам стабільнасці Арменіі, а ўсё з-за «кручка» у выглядзе Нагорнага Карабаху».

Паводле Сівіцкага, адстаўка не азначае, што Саргсьян сыдзе з палітычнай арэны, але хутчэй за ўсё ён будзе вымушаны прыйсці да больш глыбокага дыялогу з армянскім грамадствам.

«У пэўным сэнсе гэта канец ягонае кар’еры, але не канец кіравання Рэспубліканскай партыі. Магчыма, Саргсьян будзе ўплываць на палітыку з-за кулісаў», – дадае Конрад Заштаўт.

ДД

Глядзі таксама
Каментары