Зінаіда Бандарэнка адзначае юбілей - «Белсат» віншуе!


Легендарная дыктарка Зінаіда Бандарэнка, якая прысвяціла прафесіі 40 гадоў, сёння святкуе свой юбілей. «Белсат» шчыра віншуе зорку беларускага тэлебачання, зычыць здароўя, плёну і жыццёвай энергіі!

Лёс спадарыні Зінаіды склаўся вельмі цікава: у юнацтве яна паступіла ў медычную вучэльню, але прайшла па конкурсе на Беларускае тэлебачанне і стала самай пазнавальнай дыктаркай. Некалькі дзесяцігоддзяў запар яе перадачы глядзела ўся краіна.

Спадарыня Зінаіда паходзіць з сямʼі медыка, да вайны яны жылі ў інтэрнаце ля чыгуначнага вакзалу ў Менску. Калі пачалася вайна, бацька застаўся ў горадзе, а маці з маленькай дачкой і сынам пешшу дайшла да роднай вёскі ў Лоеўскім раёне, на Палессі. У школу Зінаіда пайшла ў Гомлі. Ужо з восьмага класу яна пачала цікавіцца мастацтвам. Як распавядала Бандарэнка, настаўніца расейскай мовы заўважыла, што яна добра чытае вершы і параіла займацца ў тэатральным гуртку.

Працягнуць вучыцца ў тэатральным дзяўчыне перашкодзіў плеўрыт – захворванне органаў дыхання. Паслухаўшыся парады бацькі (з якім сустрэліся пасля вайны), Зінаіда паступіла ў медвучэльню. Але і там прага творчасці не пакідала – яна пачала наведваць студыю пры вучэльні, якой тады кіраваў заслужаны работнік культуры Сяргей Астравумаў.

Фота з асабістага архіву

У 1959 годзе на Гомельскім тэлебачанні абвясцілі конкурс дыктараў, і Астравумаў параіў 20-гадовай Зінаідзе паспрабаваць свае сілы. Сярод шматлікіх канкурэнтак журы абрала менавіта яе. Неўзабаве Бандарэнка ўжо вяла перадачы на Беларускай рэспубліканскай студыі тэлебачання, з 1976-га – кіравала групай дыктараў.

Даводзілася шмат падарожнічаць: канцэрты, запісы і фестывалі па ўсім Савецкім саюзе! Бандарэнка ўзгадвае, што заўжды імкнулася прадстаўляць Беларусь на роднай мове. Калі аднойчы, на Усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў у Кіеве, яна загаварыла па-беларуску – людзі апладзіравалі стоячы. Дарэчы, з экрану ў тыя часы дыктары БТ прамаўлялі на беларускай.

Зінаіда Бандарэнка і Генадзь Бураўкін, фота RFE/RL

У 1996 годзе, пасля арганізаванага Лукашэнкам рэферэндуму, той прыехаў на тэлебачанне, каб падзякаваць вядоўцам і журналіст за асвятленне падзеі. Напярэдадні тагачасны старшыня Белтэлерадыё Рыгор Кісель папрасіў Бандарэнку выступіць падчас візіту Лукашэнкі.

Аднак прамова аказалася зусім не кампліментарнаю: Бандарэнка прыгадала і нізкія заробкі пры новай уладзе, і ціск на прафесіяналаў і ўсё гэта па-беларуску. А неўзабаве вядомая дыктарка адчула пагрозу звальнення і падала заяву па ўласным жаданні.

Фота з асабістага архіву

Зінаіда Бандарэнка падтрымлівае апазіцыю і крытыкуе ўладу. Гэтак, пасля масавых арыштаў 19 снежня 2010 года яна звярнулася з адкрытым лістом да Лукашэнкі, дзе запатрабавала неадкладна вызваліць усіх зняволеных.

Апошнія падзеі ў Курапатах – знос уладамі мемарыяльных крыжоў – Бандарэнка асудзіла, а саму сітуацыю назвала «ганебнай».

Сёлета на краудфандынгавай платформе talaka.org сабралі больш за 11 тысяч рублёў на выданне кнігі «Мой шлях да Беларусі. Далягляды Зінаіды Бандарэнка». Прэзентацыя павінна адбыцца неўзабаве.

КА belsat.eu

Стужка навінаў