Жыхары Кіраўску кажуць пра сотні інфікаваных каронавірусам, улады гораду ўвялі масачны рэжым

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй кіраўніцтва Кіраўскага райвыканкаму ўвяло дадатковыя захады для спынення распаўсюду каронавіруснай інфекцыі. Галоўная дзяржаўная санітарная доктарка Кіраўскага раёну Яўгенія Уласава распавяла «Белсату», што захады будуць дзеяць, пакуль сітуацыя не палепшыцца.

Паводле галоўнай доктаркі Кіраўскага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Яўгеніі Уласавай, адмысловае рашэнне прыняў Кіраўскі райвыканкам.

«Я не валодаю інфармацыяй, наколькі сітуацыя з захворваннямі ў Кіраўску адрозніваецца ад іншых раёнаў. Сітуацыя такая ж, як і паўсюль, гэта адзінае, што я магу сказаць. Статыстыку мае толькі Мінздароўя. Таму я не магу сказаць, колькі інфікаваных у Кіраўску», – сказала «Белсату» галоўная дзяржаўная санітарная доктарка Кіраўскага раёну Яўгенія Уласава.

Пастанова Кіраўскага райвыканкама. Фота: kirovsk.gov.by

Тым часам мясцовы райвыканкам абавязаў жыхароў раёну абавязкова выкарыстоўваць індывідуальныя сродкі абароны. Установам раёну дазваляецца не абслугоўваць кліентаў, якія не маюць масак. У гандлёвых аб’ектах уводзіцца абмежаванне колькасці наведнікаў. Цалкам у раёне забаронены выязны гандаль, рэкамендуецца абмежаваць правядзенне масавых мерапрыемстваў.

У мясцовым райвыканкаме атрымаць каментар вакол сітуацыі з абмежаваннямі і з захворваннямі на COVID-19 «Белсату» на працягу дня не ўдалося. Намеснікі старшыні райвыканкаму або знаходзяцца на бальнічным, або іх не было на працоўным месцы.

«Гэта па ТБ кажуць, што ўсяго 200 памерла. Смела можна дадаваць 0». Як перажывае каронавірус гомельская туббольніца

Мясцовыя жыхары кажуць, што менавіта райвыканкам і стаў адным з эпіцэнтраў заражэнняў каронавірусам.

«Ведаю, што доказаў таму няма, але людзі ў нас кажуць, што ў райвыканкаме адбыўся нейкі вялікі ці то сход, ці то семінар. Але прыехалі людзі з усяго раёну і падчас сустрэчы многія заразіліся. Інфікаваная каронавірусам і намесніца райвыканкаму. Дарэчы, раней на каранціне было мясцовае РАЙПО», – распавёў «Белсату» Аляксандр, жыхар Кіраўска.

Карэспандэнт «Белсату» спрабаваў дазваніцца да намесніцы райвыканкаму Таццяны Беляўскай, але сакратар пацвердзіла, што яна на бальнічным.

https://belsat.eu/news/u-minzdarouya-raspavyali-kolki-dzyatsej-u-belarusi-byli-infikavanyya-covid-19/

Жыхары гораду кажуць, што насамрэч колькасць інфікаваных у раёне даволі вялікая.

«Кажуць што ў нас больш за 160 чалавек заразіліся. Райвыканкам зачынілі і ўвялі паўсюль масачны рэжым», – распавяла «Белсату» жыхарка гораду Яўгенія.

Пастанова Кіраўскага райвыканкама. Фота: kirovsk.gov.by

Адметна, што пастанова райвыканкаму з’явілася 29 траўня, але падпісаная яна заднім чыслом. Абмежаванні ў раёне ўвялі з 25 траўня і захады будуць дзейнічаць да адмысловага распараджэння мясцовай улады.

«Панікі не чуваць толькі распавядаюць, што той падхапіў інфекцыю, або той. Вось, напрыклад, мой сябар з жонкай на тым тыдні захварэлі, але яны ў лёгкай форме, лечацца дома. Ну а так сапраўды, з нядзелі ў нас ужо без масак у краму не пускалі», – распавядае жыхар Кіраўску Аляксандр.

У Беларусі зарэгістравана 44 255 выпадкаў COVID-19, 243 чалавекі памерлі

СК belsat.eu

Hавiны