«Гэта па ТБ кажуць, што ўсяго 200 памерла. Смела можна дадаваць 0». Як перажывае каронавірус гомельская туббольніца


Гомельская туббольніца. Фота суразмоўцы belsat.eu

Belsat.eu раней паведамляў пра каранцін у Гомельскай туберкулёзнай больніцы. Адна з пацыентак шпіталю распавядала пра наплыў хворых з падазрэннем на каронавірус на пачатку красавіка. Цяпер, кажа жанчына, сітуацыя не палепшылася, пра зняцце каранціну гаворка не ідзе.

Штодня з акна палаты Вікторыя бачыць каля галоўнага ўваходу некалькі машынаў хуткай дапамогі і рэанімабіляў. У закрытым аддзяленні больніцы, дзе ляжыць гамяльчанка, каронавірусных хворых няма. Пацыентаў са станоўчым дыягназам адпраўляюць у галоўны корпус з адкрытымі аддзяленнямі (раней туды пускалі наведнікаў. – Заўвага belsat.eu):

«Медсёстры паміж сабой абмяркоўваюць, што корпус амаль цалкам занялі COVID-19. Яны гаварылі, што смяротныя выпадкі таксама ёсць, але, вядома, не красамоўныя з гэтай нагоды».

Hавiны
Гомельскі туберкулёзны шпіталь закрылі праз наплыў пацыентаў з каронавірусам?
2020.04.11 13:25

Сама Вікторыя чорных мяхоў, у якіх звычайна вывозяць смяротных ахвяраў інфекцыі, не бачыла, але думае, што іх могуць забіраць уночы:

«Гэта па тэлебачанні кажуць, што ўсяго 200 памерла. Смела можна дадаваць нуль, а то і два нулі. Дагэтуль некаторых прывозяць у спецыяльных капсулах. Гледзячы на інтэнсіўнасць завозу новых пацыентаў, свабодныя месцы карыстаюцца ажыятажам. Персанал кажа, што трэба рыхтавацца да другой хвалі інфікаваных».

Дэзынфекцыю ў шпіталі праводзяць пасля кожнага прыезджага з каронавірусам. На дзвярах вывешваюць чырвоную картку – гэта значыць, што цягам гадзіны медперсанал апрацоўвае ўчастак. Ніхто не можа ўвайсці і выйсці з будынку. Яшчэ ў лютым у галоўным корпусе былі вельмі кепскія ўмовы ўтрымання пацыентаў – аблезлая тынкоўка, іржавыя душы, грыбок і цвіль. Пасля нашага артыкулу адміністрацыя лякарні прыспешыла рамонтныя працы. Паводле старшыні Гомельскага аблвыканкаму Генадзя Салаўя, на капітальны рамонт выдзелілі дадатковыя сродкі і плануюць завяршыць яго сёлета. Вікторыя кажа:

«Магчыма, месцаў не хапае, таму яны спяшаюцца скончыць рамонт у адным з аддзяленняў, каб туды перавесці каронавірусных. Калі хворыя на сухоты заразяцца яшчэ і COVID-19, мала хто выжыве».

Каментар галоўнай доктаркі туберкулёзнай больніцы Гомля быў стрыманы.

«Я не ўпаўнаважаная каментаваць сітуацыю ані ў шпіталі, ані ў краіне. Для гэтага ёсць адмыслова навучаныя людзі, якія маюць права адказваць на пытанні. Усё добра, аказваем дапамогу, як аказвалі, усім пацыентам па ўсіх профілях. Не ўсё так страшна», – распавяла пра сітуацыю галоўная доктарка ўстановы Наталля Жураўлёва.

Статыстыкі захварэлых у Гомлі і вобласці Міністэрства аховы здароўя не прыводзіць. Тым часам у Гомельскім абласным упраўленні аховы здароўя запэўніваюць, што ўсім пацыентам з COVID-19 хопіць месцаў у шпіталях.

Hавiны
«Не шпіталь, а прытон». Гамяльчанку год прымусова трымаюць у туббольніцы
2020.02.19 11:08

ДР belsat.eu

Стужка навінаў