Жыхары Бешанковічаў пра каронавірус: Выжыве той, хто п’е самагонку, і ў каго трактар ёсць

Што думаюць звычайныя жыхары гарадскога пасёлку, медыкі, а таксама чыноўнікі пра каронавірус? Чым жыве мястэчка, якое на другім месцы ў колькасці хворых на COVID-19 у краіне? Карэспандэнт Belsat.eu з’ездзіў у Бешанковічы.

Фота: Belsat.eu

Гарадскі пасёлак Бешанковічы невялікі, і людзей удзень на дварэ няшмат. Зрэдку праязджаюць машыны, але найчасцей гэта патруль міліцыі ці хуткая дапамога. Бешанковічы добраўпарадкуюць перад бліжэйшымі святамі: прыбіраюцца вуліцы, рамантуюцца асобныя будынкі ў цэнтры. Рабочыя носяць маскі, звычайныя мінакі на вуліцах – таксама. Мясцовыя адзначаюць, што пасля выяўлення каронавіруса ў гарадскім пасёлку, людзі пачалі менш выходзіць з дому.

– Людзей на дварэ стала відавочна менш. Усе ў масках, у пальчатках – адзінкі. Усе баяцца. Канечне, сустракаюцца асобы, якім усё адно, але такіх не вельмі многа. Па падʼездах ляжаць памяткі пра каронавірус і пра тое, што ён асабліва небяспечны для сталых людзей. Ведаем, што многа пнеўманій і медыкі хварэюць. Людзі ўсё пра гэта ведаюць, чуткі разыходзяцца, – каментуе сітуацыю belsat.eu мясцовы жыхар Аляксандр.

Фота: Belsat.eu

У групе рызыкі знаходзяцца людзі ў гадах. Яны таксама карыстаюцца сродкамі індывідуальнай аховы.

– Складаная абстаноўка. Разумееце, паніка ў людзей. Я не магу сказаць, колькі канкрэтна смерцяў, але яны ёсць. Людзі баяцца. Во, ходзім у масках. Улады маўчаць. Улады разумеюць, але не хочуць паніку распаўсюджваць, таму крыху хаваюць. Не зусім верыцца. Сітуацыя не вельмі добрая. Таму мы стараемся неяк сябе абараніць, а з іншага боку, трэба змагацца, – дзеліцца сваім бачаннем становішча ў райцэнтры пажылы мужчына.

Фота: Belsat.eu

Пенсіянеры, з якімі мы размаўлялі, больш больш хвалююцца не за сябе, а за малодшае пакаленне.

– Ну, у нас другое месца пасля Менску [па колькасці заражаных. – Belsat.eu], так гавораць. Але калі людзі ва ўзросце паміраюць – можа, і не ад каронавіруса, тут і проста пнеўманія можа быць. Я ўжо ва ўзросце, мне 70 год – я не баюся. А вось за дзяцей страшна. Яны за нас баяцца, а мы – за іх, – гаворыць пажылая жыхарка Бешанковічаў.

Фота: Belsat.eu

Нягледзячы на цяжкае становішча ў гарадскім пасёлку, людзі працягваюць жартаваць на тэму віруса і выказванняў Лукашэнкі на гэты конт.

– Выжыве толькі той, хто пʼе самагонку, і ў каго трактар ёсць, – смяецца мужчына, убачыўшы журналістаў у горадзе.

Пра трактар узгадваюць і іншыя:

– Я не баюся, як і Лукашэнка. Ён не баіцца, і я не баюся. 100 грамаў не пʼю, але на трактары езджу, – кажа адзін.

– У каго імунітэт слабейшы, той хварэе. Але мы працуем на трактары і самагонку п’ем, – дадае іншы.

Фота: Belsat.eu

Але не да жартаў цяпер у Бешанковіцкай цэнтральнай раённай больніцы. Афіцыйную інфармацыю па хворых на каронавірус і пнеўманію ў ёй кіраўніцтва не падае, аднак мясцовыя работнікі пацвярджаюць складаную сітуацыю.

– Людзей возяць. Пнеўманія ў асноўным, але вызначыць, якая яна, ці ад каронавіруса – ніяк. Не ўсіх правяраюць, па так званых паказаннях толькі, бо тэстаў не хапае. Шмат медыкаў зараз захварэлі – 37,5 стабільна тэмпература ў многіх, і 38 таксама часта. Прывозяць на хуткай, у асноўным пажылых. 5 чалавек дакладна памерлі ад каронавіруса, а шосты пад пытаннем. Афіцыйна ніхто не хоча гаварыць. Але тут такі горад, усе ўсё ведаюць. Кожны кожнаму расказвае, – распавядае belsat.eu работніца мясцовай больніцы.

Фота: Belsat.eu

У самой больніцы цяпер каранцін, аднак людзей на тэрыторыі хапае. У адным з карпусоў знаходзіцца прыёмны пакой, дзе працягваюць прымаць пацыентаў.

– Людзі ходзяць і на прыём. Маглі б хоць зрабіць асобны ўваход для людзей з ВРВІ. Хуткая пастаянна туды-сюды ездзіць. Хто з тэмпературай, сімптомамі – заходзьце асобна, а пераломы якія ці яшчэ што – у іншы ўваход. Даўно б ужо каранцін увялі ў горадзе, было б больш сэнсу. Я ўсё разумею, але не абяднелі б за гэтыя два тыдні якія. Ва ўсіх ёсць нейкія запасы, – разважае працаўніца больніцы.

Фота: Belsat.eu

Паводле жанчыны, амаль усе аддзяленні больніцы цяпер занятыя хворымі на пнеўманію. Назіраецца пастаянны недахоп сродкаў індывідуальнай аховы для медыкаў.

– Не, гэтую інфармацыю я вам каментаваць не буду, бо гэта не зусім у маёй кампетэнцыі. Наконт увогуле абстаноўкі ў раёне, калі ласка, звярніцеся ў наш выканкам, у іх ёсць уся інфармацыя, якая вас цікавіць, – кажа галоўная лекарка Бешанковіцкай цэнтральнай раённай больніцы Святлана Рошчына.

Кіраўнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі на паседжанні абласнога штабу па барацьбе з распаўсюдам каронавіруса паведаміў, што ў бешанковіцкім раёне зафіксаваныя 27 выпадкаў каронавіруса. Аднак гэткія звесткі былі актуальнымі па стане на 17 красавіка. Колькі ж цяпер хворых на каронавірус у горадзе і раёне – невядома.

Фота: Belsat.eu

Віктар Старавойтаў, фота аўтара Belsat.eu

Hавiны