Жыхара Маладзечна аштрафавалі за скаргу на адсутнасць беларускамоўных класаў


Прычынай адміністрацыйнай справы стаў удзел у стрыме Ціханоўскага 15 красавіка, паведамляе «Рэгіянальная газета».

Аркадзь Жызнеўскі 15 красавіка браў удзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага. Калі блогер падышоў да маладзечанца, то той пачаў наракаць, што ў горадзе няма беларускамоўных класаў.

Аркадзь Жызнеўскі ў стрыме Ціханоўскага, скрын з відэа

«Раней я быў абыякавы, як ёсць так ёсць. Я, як бачыце, размаўляю па-беларуску, хацеў дзяцей аддаць, каб таксама вучыліся. Ці то загаду няма, ці як павінна адбывацца, што калі бацькі аддаюць дзіця ў першы клас, у іх пыталіся, на якой мове хочаце, каб вучылася дзіця. Мы самі ставімся да сваёй культуры, сваёй мовы так, нібыта не беларусы», – вось што сказаў Аркадзь.

Гэтыя словы суд трактаваў згодна з ч.1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). У выніку яго аштрафавалі на 810 рублёў. Аркадзь Жызнеўскі лічыць прысуд несправядлівым і збіраецца яго абскарджваць.

Тады на стрыме Ціханоўскага ён выказаў сваю пазіцыю. Раней Жызнеўскі звяртаўся ў мясцовы аддзел адукацыі, каб аддаць дачку ў беларускамоўны клас, аднак яму адмовілі. Маўляў, іншыя бацькі гэтага не хочуць.

Паводле звестак Міністэрства адукацыі на пачатак 2018/2019 навучальнага года толькі 11,1% ад усіх вучняў вучыліся па-беларуску.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў