Журналісты дзяржаўнага ТБ масава сыходзяць з працы


БТ, АНТ, СТВ – гэтыя дзяржаўныя тэлеканалы адзін за адным пакідаюць вядоўцы папулярных тэлеперадач. Яны больш не хочуць быць тварамі тэлеканалаў, з якіх плынню льюцца хлусня і прапаганда.

«Што я буду казаць дзецям?»

Мы не можам больш усміхацца з экрана тэлевізара – гэтак патлумачыла свой сыход з СТВ вядоўца Таццяна Бародкіна.

«Я пакінула любімую працу. Тэлебачанне для мяне – гэта мара дзяцінства, таму сыход з каналу – гэта быў складаны крок. Але як заставацца ў эфіры? Як глядзець дзецям у вочы? Праз 10 гадоў дачка запытае ў мяне: «Мама, што ты рабіла 9-10 жніўня? Што? Як я магу выходзіць у эфір на нашым тэлебачанні?».

Таццяна Бародкіна.
Фота: facebook.com

«Белсату» Таццяна распавяла, што цяпер з яе нібы знятыя гіры:

«Я павінная ганарыцца сваёй прафесіяй, а не саромецца яе. Не магу сустракацца ў калідорах з некаторымі калегамі. Я вырашыла звольніцца, калі вядоўца з аддзелу навінаў сказала, што ёй шкада АМАП. Я выкрасліла яе са свайго жыцця, тады ў мяне перафарматавалася свядомасць».

Акрамя таго Таццяна кажа, што да яе прыходзілі і пагражалі:

«Казалі, што заўтра можа згарэць мой дом і мая машына. Гэта былі мае знаёмыя!»

Мы запыталіся, чаму звальненні працаўнікоў дзяржаўных медыяў усцяж адзінкавыя?

«Мала хто можа сабе дазволіць звольніцца, бо нешта трэба есці. Аднак людзі яшчэ пішуць заявы! Паверце, там працуюць людзі, якія не згодныя. Іх трэба крышку падштурхнуць. У гэтых калідорах рэальна 3 % – за, а рэшта пакутуе. Уся краіна выйшла супраць улады, вусатага-паласатага, супраць Лукашэнкі. Мой муж штодня ходзіць на барыкады, прыходзіць дадому, а я пасля гэтага не магу казаць людзям з экрану, як добра жыць, як смачна есці».

Журналістка праз «Белсат» звярнулася да беларусаў:

«Людзі, калі ласка, не бойцеся праўды! Выбар ужо зроблены! Не бойцеся – усё ў нашых руках! Трэба падымацца! Нягледзячы на тое, што нам пагражаюць. Мы не павінныя гэта пакінуць!»

Таццяна Бародкіна была «тварам» праграмы «Раніца. Студыя добрага настрою» на СТВ, а пасля вядоўцай кулінарнай рубрыкі «Сняданак на траіх».

Сімвалы цемрашальства

Заяву аб звальненні падпісала сёння і Кацярына Ваданосава, вядоўца праграмы «Жывая культура», што выходзіла на канале «Беларусь 3».

Кацярына Ваданосава.
Фота: facebook.com

«Прывітанне! У эфіры была праграма «Жывая культура»….Магчыма, яна будзе існаваць і надалей, толькі з новай вядоўцай. …я не магу ўявіць, як я змагла б у верасні, з пачаткам новага здымачнага сезону, заходзіць у машыну, расфарбаваную лагатыпамі дзяржтэлеканалаў, якія для мяне і для ўсіх сумленных людзей з’яўляюцца сімваламі хлусні, цемрашальства, злосці, цемры, няпраўды….Я ніколі не хавала сваёй грамадскай пазіцыі. Яна ніколі не мянялася. Магчыма, мяне, «нядобранадзейную», цярпелі б і надалей, толькі я больш не магу цярпець іх», – напісала Кацярына ў сваім фэйсбуку.

А напрыканцы допісу перадала прывіт Яўгену, кіроўцу Белтэлерадыёкампаніі, які ціснуў і дамагаўся жанчыны шмат гадоў.

З каналу «Беларусь 1» звольніўся і вядоўца тэлепраекту Мінабароны, аўтар вайсковай праграмы «Арсенал» Уладзімір Бурко.

«Я ніколі б, нават у самым страшным сне, не падумаў, што салдаты і тэхніка, пра якія я расказваў, могуць быць ужытыя супраць свайго народу. Супраць мірнага насельніцтва краіны, супраць жанчын і, ня дай Бог, дзяцей.Я хачу звярнуцца да вайскоўцаў, салдатаў і афіцэраў. Вы чакаеце загаду. Вы выдатна ўсведамляеце, якім будзе гэты загад, і, хутчэй за ўсё, разумееце, якімі будуць наступствы для беларусаў, якія проста хацелі справядлівасці, а атрымаюць ад вас кулю».

Вядоўца запісаў зварот да сваіх ужо былых калегаў.

https://www.facebook.com/permalink.php?story_fbid=2629769333940856&id=2236852516565875

Сышлі галоўныя прапагандысты

Звольніўся і вядоўца навінаў на БТ Сяргей Казловіч:

«Апошні эфір. Гэта была дзіцячая мара, якой я прысвяціў 10 гадоў. Пачынаючы з відэамантажу на АНТ і заканчваючы прамымі эфірамі на «Беларусь-1». Праца ў кадры для мяне заўсёды будзе кайфам. А вось у студыі АНТ я ўчора сядзеў апошні раз. Рашэнне самастойнае. Наперадзе пошукі новай працы».

Прапагандыст, які па-майстэрску валодаў словам, у сваім апошнім эфіры апісваючы перамогу Лукашэнкі на выбарах, называючы назіральнікаў правакатарамі, а выбарцаў – агрэсіўнай моладдзю, пашкадаваў словаў, каб папрасіць у гледачоў прабачэння за сваю ранейшую хлусню з тэлеэкрану.

Бел-чырвона-белае сэрца абрала для ілюстрацыі вядоўца Вера Карэтнікава, каб паведаміць пра свой сыход з БТ, дзе яна вяла перадачу «Добрай раніцы, Беларусь».

«Гэта мой выбор❤.З маёй бясконцай любоўю да жыцця і да працы сёння мой апошні працоўны дзень. Я пісала, што хутка ўсё будзе добра. Так і будзе, я – Вера», – напісала Карэтнікава ў сваім інстаграме.

https://www.instagram.com/p/CDy4a0RF4IG/

Іншыя «твары» дзяржканалаў усцяж выконваюць «сваю місію».

Вольга Старасціна, belsat.eu

Стужка навінаў