Журналісту «Белсату» Ігару Ільяшу прысудзілі 15 содняў нібыта за ўдзел у пікетаванні 26 кастрычніка


Журналіст «Белсату» Ігар Ільяш.
Фота: ДД / belsat.eu

Як раз у той дзень, 26 кастрычніка, каля Чырвонага касцёла праходзіў сумесны марш студэнтаў і пенсіянераў, на якім нібыта прысутнічаў журналіст. Аднак у гэты час Ігар накіроўваўся на завод МАЗ па працы.

На судзе Ігар заявіў, што ў вечар затрымання трое невядомых у цывільным адчынілі дзверы яго кватэры ключом, верагодна, тым, які канфіскавалі ў яго жонкі Кацярыны Андрэевай, журналістыкі «Белсату», якая зараз з’яўляецца падазраванай па крымінальнай справе.

Сілавікі паказалі пастанаўленне аб канфіскацыі тэхнікі Кацярыны, але пачалі забіраць і тэхніку Ігара, пра што ён сказаў. У выніку журналіста забралі для дачы паказанняў па справе яго жонкі. Аднак у Цэнтральным РУУС Ільяшу быў прадʼяўлены пратакол аб правапарушэнні.

Гісторыі
Хто такая журналістка Кацярына Андрэева? Расказваюць яе муж і дзядуля
2020.11.21 14:52

На судзе адвакат заявіў хадайніцтва аб спыненні справы за недоказам вінаватасці, бо паказанні сведак не адпавядалі рэчаіснасці, каля Чырвонага касцёлу Ігара быць не магло, таму што сведкі адмовілі ў прадстаўленні фатаграфіяў з шэсця, на якім нібыта прысутнічаў Ігар.

«Мая пазіцыя, што трэба дабівацца справядлівасці ў гэтай краіне», – сказаў Ігар у судзе.

Судзіла нашага калегу сумнавядомая суддзя Вікторыя Шабуня.

  • 24 лістапада Ігар Ільяш перастаў выходзіць на сувязь. З 19-ай гадзіны тэлефоны журналіста былі недасяжныя. Ён не прыйшоў на сустрэчу з калегамі. У кватэры Ігара Ільяша ягоны брат знайшоў пратакол вымання кампутара, тэлефона і г.д. Каля апоўначы стала вядома, што Ігар утрымліваецца ў ІЧУ на Акрэсціна.
  • Жонку Ігара Ільяша, Кацярыну Андрэеву, затрымалі 15 лістапада за стрым на плошчы Пераменаў. Ёй выставілі абвінавачанне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).
  • 24 лістапада Кацярыну Андрэеву праваабаронцы прызналі палітзняволенай.
  • Паводле падлікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, за час выбараў і поствыбарчы перыяд ахвярамі пераследу сталі 390 журналістаў, 77 з якіх прайшлі праз адміністратыўны арышт.
Стужка навінаў