Журналістаў Любоў Лунёву і Змітра Краўчука будуць судзіць за супрацу з «Белсатам»

ВІДЭА

Любоў Лунёва і Зміцер Краўчук

Любоў Лунёву і Змітра Краўчука выклікаюць у суд Савецкага раёну Менску, які мусіць разгледзіць іх адміністратыўныя справы па арт. 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ). Паседжанне адбудзецца 4 снежня.

Як распавёў belsat.eu Зміцер Краўчук, адміністратыўных пратаколаў журналісты не бачылі: іх выклікалі ў Савецкі РАУС на 24 лістапада, але позву яны атрымалі толькі постфактум.

«Таму ніякіх пратаколаў не было – адразу ў суд пацягнулі», – кажа Краўчук.

Краўчук мяркуе, што падставай для складання адміністратыўнага пратаколу стала праца журналістаў над сюжэтам пра суды над удзельнікамі акцыяў пратэсту ў Менску. Здымкі як раз адбываліся каля Савецкага суду.

Гэта будзе ўжо другі суд для Краўчука і Лунёвай сёлета – 3 кастрычніка суд Завадскога раёну Менску пакараў абодвух журналістаў штрафамі ў памеры 690 рублёў за працу без акрэдытацыі.

Нагадаем, паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі толькі за гэты год журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве не менш за $ 14 000. Паводле «Рэпарцёраў без межаў», менавіта журналістаў нашага тэлеканалу беларускія ўлады пераследуюць часцей за ўсё.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары