Жаночы «трыумвірат»

Аб’яднанне штабоў «новай апазіцыі» і прэс-канферэнцыя трох смелых ды прыгожых жанчын не пакінула нікога абыякавымі. У інтэрнэце іх ужо называюць «дзекабрысткамі». Сам па сабе факт, што яны здолелі аб’яднацца, чаго не далі рады зрабіць усе апазіцыйныя мужчыны за 26 гадоў, дае надзею. Але гэта – эмоцыі. Калі ўключыць галаву, то пытанняў да «трыумвірату» і іх агучанай пазіцыі пакуль што больш, чым адказаў.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Выбары ці байкот?

І раней штабы Віктара Бабрыкі ды Валерыя Цапкалы выказваліся за ўдзел у выбарах, таму зразумела, што гэтая палітыка працягваецца і іхнымі штабамі. Логіка зразумелая: большасць беларусаў прыйдзе і прагаласуе супраць дзейснай улады. Кантроль за сумленнасцю выбарчага працэсу плануецца весці пры дапамозе назіральнікаў ад народу. І цалкам магчыма, што апытанні на выбарчых участках пакажуць, што большасць прагаласавала не за Лукашэнку, а пагалоўны пералік на месцах выявіць несупадзенне лічбаў выбарцаў.

І што далей? Ніхто не перашкаджае ўладзе агучыць тыя лічбы, якія ёй патрэбныя. Адзіны станоўчы эфект ад усяго гэтага, – гэта тое, што большасць народу нарэшце ўбачыць, як яго каторы раз мачаюць галавой у бочку з лайном. Нават тры з паловай мільёны галасоў можна сфальсіфікаваць, спадарыня Калеснікава!

«Трыумвірат» цалкам абвяргае магчымасць і мэтазгоднасць байкоту. Між тым, ніхто не можа гарантаваць таго, што ўлады не пойдуць на далейшы ціск і правакацыі. Па справе Віктара Бабарыкі за кратамі сядзіць дастаткова жанчын, таму сцвярджаць, што жанчын улада не будзе кранаць – цалкам наіўна. Упэўнены, што і на Святлану Ціханоўскую, і на іншых зараз узмоцнена «капаюць». Тым больш, што заўсёды штосьці можна выдумаць. Нашыя сілавікі – такія фантазёры! І тое, што перад імі жанчыны – гэта іх не спыніць. Вось чаму ідэю магчымага байкоту я цалкам бы не адкідваў. І роля масавых назіральнікаў, у дадзеным выпадку, цалкам лагічна ўпісваецца як у выбары, гэтак і ў байкот: зафіксаваць колькасць людзей, якія прыйшлі да выбарчых скрыняў ды магчымыя фальсіфікацыі з яўкай. Эфект аднолькавы.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Адзіны кандыдат і «спойлеры»

«Трыумвірат» абвесціў пазіцыю, што яны гатовыя да супрацы з усімі кандыдатамі, якія падзяляюць іх пяць пунктаў праграмы. Прагучала і тое, што «Андрэй Дзмітрыеў падтрымаў нашую ініцыятыву». Усё гэта цалкам для мяне не зразумелае, бо гэта ўсё толькі пустыя словы. Давайце выкажам здагадку, што пасля аб’яднання абсалютная большасць пратэстнага электарату – чытай, большасць беларусаў – на баку Ціханоўскай. У чым дзве «мышкі» могуць быць карыснымі «слану»?

Самае лагічнае, што трэба зараз зрабіць – гэта заклікаць Сяргея Чэрачня ды Андрэя Дзмітрыева не проста супрацоўнічаць, а зняцца з выбараў на карысць Святланы Ціханоўскай. Гэтым самым забіваліся бы два «зайцы». Па-першае, народ бы аб’яднаўся вакол адзінага кандыдата, што паспрыяла бы магчымай перамозе. Па-другое, беларусы нарэшце ўбачылі бы сапраўдны твар гэтых палітыкаў. Між тым, на прэс-канферэнцыі прагучала два супрацьлеглых заклікі: галасаваць за Ціханоўскую ды галасаваць за любога альтэрнатыўнага кандыдата…

Hавiны
Ганна Канапацкая адмаўляецца ад удзелу ў тэледэбатах
2020.07.18 17:42

Пратэсты

Наконт пратэстаў ніякага плана ў «трыумвірата» не існуе. Спадарыня Ціханоўская выдатна разумее чаму ад яе сышлі прадстаўнікі «Еўрапейскай Беларусі», між тым, на прэс-канферэнцыі яна вырашыла абмінуць гэтае пытанне. І сітуацыя з гэтымі вулічнымі пратэстамі выглядае цалкам горш, чым падчас папярэдніх выбараў. Тое, што яны адбудуцца – у гэтым ніхто не сумняецца. Роўна, як і ў тым, што пратэстоўцаў будуць біць, затрымліваць, катаваць ды інш. Аўтазакаў хопіць! Хопіць і месцаў за кратамі! Не будзе хапаць – павязуць у іншыя гарады, як напрыклад, у 2006 годзе везлі ў Барысаў.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Гэта азначае, што патрэбны нейкі інфармацыйны цэнтр, юрыдычная дапамога, каардынацыя з незалежнымі СМІ, стварэнне касы для фінансавай і медычнай дапамогі. Можна не заклікаць да вулічных пратэстаў, можна быць супраць Плошчы, але ж быць гатовымі да яе. Зварот Веранікі Цапкалы да сілавікоў падчас прэс-канферэнцыі : «Хлопцы! Калі ласка! Мы – з вамі! Мы такі ж народ, як і вы!» выглядае кранальным для нас, але не для тых хто лупцуе і катуе людзей. Гэта як крычаць «Міліцыя з народам!» і дарыць ім ружы – наіўнае глупства. Жонка АМАПаўца будзе радая кветкам!

Калі заклікі да сумлення сябраў выбарчых камісіяў і АМАПу – самы моцны аргумент, гэта ўжо параза. Хаця якія могуць быць прэтэнзіі да гэтых моцных жанчын, калі мужчыны не здолелі праявіць мужнасць нават на гэтыя крокі?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў