«Жаночая сотня» з Чарнігава выкупляе камуністычную сімволіку за ежу


Што рабіць, калі з усходу едуць варожыя танкі, а войска не можа цябе абараніць? Украінцы выбралі шлях валанцёрства і добраахвотніцтва.

Адсюль да Данбасу – 600 км. Чарнігаў – пакуль што глыбокі тыл неабвешчанай вайны. І гэты тыл – добраахвотніцкі. Мясцовыя валанцёркі «Жаночай сотні» штодня ходзяць на сваю базу на вуліцы Горкага, як на працу, – пасля асноўнай працы.

ІНА ТРАЦЭНКА, ВАЛАНЦЁРКА «ЖАНОЧАЙ СОТНІ САМААБАРОНЫ»:

«Муж таксама перыядычна дапамагае нам, мая дачка таксама. Так што ўся сям’я са мною побач. Мы разам. Мы не можам інакш!»

«Жаночая сотня» ўзнікла падчас Еўрамайдану ў Кіеве. Тады жанчыны забяспечвалі харчаванне, вопратку і лекі для пратэстоўцаў. Пасля Рэвалюцыі годнасці спадзяваліся адпачыць. Аднак захоп Крыму і ўварванне баевікоў на Данбас прымусілі вярнуцца да негвалтоўнай барацьбы. Валанцёры амаль па ўсёй Украіне дапамагалі і дапамагаюць узброеным сілам ваяваць. Бо раскрадзенае і карумпаванае пры Януковічу войска за год не стала паўнавартасным і самастойным.

СВЯТЛАНА КАРАЛЁВА, ВАЛАНЦЁРКА «ЖАНОЧАЙ СОТНІ САМААБАРОНЫ»:

«Дзякуй нашаму ўраду і ўсім астатнім, хто нарэшце ўлетку пачаў выдаваць зімовую гуманітарку ў выглядзе зімовых берцаў. Хлопчыкі задаволеныя і «шчаслівыя» ў плюс 30 хадзіць у зімовых берцах. Таму ўсё зноўку кладзецца на плечы валанцёраў і берцы зноўку купляем мы».

Берцы і бронекамізэлькі, каскі ды медыкаменты валанцёркі купляюць у Еўразвязе. А туды на продаж адпраўляюць самаробныя торбачкі, вопратку ды сувеніры. Шыюць і для фронту, і не толькі аптэчкі і пальчаткі, але і маскавальныя сеткі, і гэтак званыя «кікімары» – адмысловыя строі для снайпераў.

АЛЕНА ЗАКА, ВАЛАНЦЁРКА «ЖАНОЧАЙ СОТНІ САМААБАРОНЫ»:

«Узімку мы вязалі белыя «кікімары», а цяпер мешкавіна і пойдуць зялёныя».

Апроч ваеннага, ёсць ідэалагічны фронт. Чарнігаўская «Жаночая сотня» зладзіла акцыю «Накармі камуніста». За ежу яны выкупаюць камуністычную сімволіку ва ўкраінцаў, якіх могуць завербаваць на свае мітынгі «рэгіяналы» ды камуністы. Людзі нясуць на абмен сцягі ды шмат георгіеўскіх стужак, якія ў народзе завуцца «каларадскімі». Адзін чарнігаўскі камуніст прыцягнуў вось такога гіпсавага Леніна.

АКСАНА РУБАН, ВАЛАНЦЁРКА «ЖАНОЧАЙ СОТНІ САМААБАРОНЫ»:

«За гэты бюст ён атрымаў 20 бляшанак тушонкі, 4 кг грэчкі, цукар і макароны».

Але найперш – накарміць байцоў. Праз сотні кіламетраў у войска і добраахвотніцкія батальёны едуць салаты, хатнія закруткі, сушаная гародніна ды розныя смакоткі. Каб вайскоўцы ведалі, што пра іх памятаюць і клапоцяцца і ў мірнай частцы Украіны.

Алесь Яшчанка, Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў