Жанчыны, якія пачалі галадоўку ў Калінкавічах і Пухавічах: «Мы паедзем у Адміністрацыю прэзідэнта галодныя»

Фота

Удзельніца галадоўкі

Напрыканцы першага дня галадоўкі (27 красавіка) да жанчын, чые сваякі адбываюць пакаранне за ўжыванне наркатычных сродкаў (артыкул 328 Крымінальнага кодэксу), прыйшоў старшыня Калінкавіцкага райвыканкаму Сяргей Гвоздзь і старшыня мясцовага савету дэпутатаў Віктар Замосцік.

Нагадаем, што ў Калінкавічах і Пухавічах распачаліся бестэрміновыя галадоўкі актывістак руху «Маці 328». Яны дамагаюцца змякчэння пакарання па крымінальным артыкуле 328.

Чыноўнікі прапанавалі жанчынам сустрэцца 2 траўня з кіраўніцаю Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай.

Удзельніцы галадоўкі заявілі, што «Качанава нічога не вырашае» і выставілі свае патрабаванні. Яны склалі спіс чыноўнікаў, якіх хацелі б убачыць на сустрэчы:

  • Аляксандр Лукашэнка
  • кіраўнік МУС
  • старшыня Вярхоўнага Суда
  • старшыня Палаты прадстаўнікоў
  • кіраўнік СК
  • генеральны пракурор
  • старшыня Савета Рэспублікі
  • старшыня Савета бяспекі

«Мы паедзем туды галодныя. Мы не спыняем галадоўку, – кажа Таццяна Канеўская з Гомля. – Яшчэ адна нашая ўмова, каб на сустрэчы былі незалежныя журналісты, бо ў нас няма даверу да дзяржаўных СМІ. Добра, што ўлады нарэшце нас пачулі і самі прапануюць сустрэчу. Спадзяюся, што і два другія пункты яны таксама пачнуць выконваць – перагляд крымінальных справаў асуджаных за наркотыкі і змены ў наркатычнае заканадаўства ў бок змяншэння тэрмінаў зняволення, а таксама ўвядзенне дыферэнцыяцыі пакарання ў залежнасці ад ступені віны».

28 красавіка адной з удзельніц галадоўкі стала дрэнна. Ёй выклікалі хуткую.

ЮВ, Ларыса Кавальчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары