Маці асуджаных па 328 артыкуле пачалі галадоўку і дамагаюцца сустрэчы з Лукашэнкам. СТРЫМ


Opublikowany przez Ларыса Шчыракова Piątek, 27 kwietnia 2018

Жанчыны, чые блізкія адбываюць пакаранне за ўжыванне наркатычных сродкаў (артыкул 328 Крымінальнага кодэксу), пачалі бестэрміновую галадоўку. Яны дамагаюцца змякчэння пакарання па гэтым крымінальным артыкуле і асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Яшчэ ноччу ў Калінкавічах шэсць маці асуджаных сабраліся ў канфідэнцыйным месцы, каб пачаць галадаваць. Яны ўжываюць толькі вадкасць (п’юць ваду, сокі), ад поўначы ніхто з іх ня еў. Як стала вядома belsat.eu, да групы ў Калінкавічах плануюць далучыцца яшчэ 3-4 асобы, а потым прыедуць тыя, хто цяпер галадуе на лецішчы ў Пухавіцкім раёне. Там цяпер знаходзяцца пяцёра жанчын.

Усяго ў галадоўцы возьмуць удзел прыкладна 20 чалавек.

Галоўнае патрабаванне удзельніцаў руху «Маці 328» – змены ў заканадаўства і змякчэнне артыкула 328.

«Нам давялося доўга шукаць месца, на шматлікіх пляцоўках нам адразу перакрывалі кісларод. Нарэшце мы сабраліся ў Калінкавічах і чакаем астатніх. Нашыя родныя ў зняволенні, спатканняў даводзіцца чакаць па 4 месяцы… Таму некаторыя з «Маці 328» прыйдуць адразу пасля сустрэчы са сваякамі ў калоніях», – тлумачыць Тацяна, адна з удзельніц галадоўкі.

Жанчына таксама распавяла пра перашкоды, з якімі яны ўжо паспелі сутыкнуцца.

«З намі разам хацеў галадаваць мужчына, чыя жонка сядзіць па 328, але яму патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, што выклікаюць яго ў пастарунак па падазрэнні ва ўгоне аўта. Потым яшчэ адной жанчыне патэлефанаваў былы муж і сказаў, што мае інфармацыю пра галадоўку. Ён пагражаў адабраць у яе сына, калі тая пойдзе на галадоўку», – кажа Тацяна.

Паводле яе словаў, «Маці 328» шмат разоў дамагаліся сустрэчы з дэпутатамі і мясцовымі ўладамі, каб паскардзіцца на занадта жорсткія пакаранні, калі іхныя дзеці «сядзяць за паўграмы наркотыка па 10 і болей гадоў».

«У першую чаргу, мы хочам бачыць нашых кіраўнікоў, асабліва – Аляксандра Лукашэнку. За ўсе гэтыя гады мы занеслі стос зваротаў у дзяржорганы, але рэакцыі не было. Тое, што мы робім цяпер – гэта крок адчаю», – гаворыць жанчына.

Belsat.eu будзе сачыць за развіццём падзеяў вакол галадоўкі, абвешчанай «Маці 328». Наш карэспандэнт знаходзяцца на месцы падзеі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў