«Згублены рай» Міцкевіча ў невялічкай вёсцы на Беларусі


Вёска Студзёнкі непадалёк ад Нясвіжу. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Краязнавец з вёскі Студзёнкі непадалёк Нясвіжа знайшоў камень, на якім накрэсленыя словы Адама Міцкевіча, якія паэт пакінуў некалі ў альбоме гаспадарам маёнтку. Камень дзесяцігоддзямі быў умураваны ў кладку… склепу ля закінутай вясковай хаты.

Вёска Студзёнкі месціцца ля пасёлку Гарадзея, больш вядомага сваім буйным цукровым заводам. Пра колішнюю гісторыю сёння тут не нагадвае амаль нічога. Няма ані шляхецкай сядзібы з паркам, ані гістарычнай забудовы, ані нават каталіцкіх могілках, на якіх ляжалі колішнія гаспадары мясцовасці.

Зусім нядаўна мясцовы краязнаўца Аляксандр Абрамовіч знайшоў камень, які нібы ключ вядзе да гісторыі маёнтку, раскрывае яго таямніцы. А варта было ўсяго толькі выпадкова зайсці ў закінуты пусты склеп каля занядбанай хаты, у якой даўно ніхто не жыве. Там на сп. Абрамовіча чакаў сюрпрыз…

Закінуты склеп на падворку занядбанай хаты без гаспадароў. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Праходзіў побач з тым зарослым падворкам, думаю, пагляджу, – распавядае сп. Аляксандр, – Спусціўся ў склеп. Раніца была, сонца яго асвяціла. Бачу – надпіс на адным з камянёў у кладцы… У мяне ўсё абарвалася. Надпіс па-польску, але камень перакулены дагары нагамі. Апынулася – камень Міцкевіча з цытатай, якая ўжо фігуравала ў мемуарах!»

Студзёнкі – «малы зямны рай»

Камень са словамі Міцкевіча ў закінутым склепе. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Зараз надпіс прапісаны па камяні яшчэ і хімічным алоўкам – каб лепш было відаць. Словы гучаць так: «Ewa raj utraciła, Tyś go wskrzesiła. Mickiewicz» (Ева рай страціла, Ты ж яго ўваскрасіла. Міцкевіч). Паводле краязнаўцы, сам паэт не выбіваў гэтыя словы на камяні: ён пакінуў адпаведны надпіс у гасцявым альбоме гаспадароў маёнтку, бо бываў тут прыкладна ў 1820-м годзе. З часам жа гаспадары перанеслі надпіс на камень ды ўсталявалі яго ў парку: пры дарозе ад маёнтку да могілак.

Так выглядае сёння адна з двух сажалак, пра якія пісаў Міцкевіч. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Чаму менавіта такая цытата? Адкуль згадка пра рай? Вось вытрымкі з апісання маёнтку ва ўспамінах ксяндза Ежы Каліноўскага:

«…Заўжды ў той гасцёўні было светла, цяпло і прыемна. Капліца была з другога боку дому. На захад ад дому – дзве вялікія сажалкі, злучаныя між сабою рэчкай. Гэтыя сажалкі Міцкевіч апісаў у паэме «Пан Тадэвуш». На поўдзень і на ўсход вялікі прыгожы парк з рознымі мясцовымі дрэвамі: стогадовыя дубы, ліпы, лістоўніцы хвоі, грабы (…), кусты бэзу, язміну і ружаў. (…) з люстранымі шыбамі сажалак, з рэчкай, што ўецца як вуж па траве, з акуратна перакінутымі масткамі праз рэчку, усё гэта рабіла Студзёнкі малым зямным раем».

Аляксандр Абрамовіч мяркуе, што камень Міцкевіча стаяў некалі пры гэтай дарозе. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

У тых жа ўспамінах Ежы Каліноўскі піша пра камень з цытатай Міцкевіча, які гаспадары паставілі ў парку як памяць пра паэта, які ўпадабаў іх сядзібу. Дакладнае месца, дзе стаяў камень, сёння вызначыць ужо немагчыма. Ландшафт моцна змяніўся.

«Засталіся адно сажалкі, пара старых дрэваў ды – успаміны», – з сумам кажа краязнаўца Аляксандр Абрамовіч.

«Каб салдацікам не сумна было!»

Якім жа чынам камень апынуўся ў склепе? Пасля прыходу бальшавікоў ды ўсталявання новых парадкаў, уся спадчына колішніх гаспадароў была знішчаная. Сядзіба разрабаваная і разабраная. Нават каталіцкія могілкі былі расцягнутыя на камяні, якія пасля выкарыстоўвалі ў гаспадарцы.

На месцы колішніх могілак зараз пустка. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Там далей, за могілкамі, быў яр, дзе падчас вайны расстрэльвалі чырвонаармейцаў, – распавядае сп. Абрамовіч, – па вайне парэшткі тых жаўнераў вырашылі перапахаваць у брацкай магіле. А на каталіцкіх могілках яшчэ стаяла капліца-усыпальніца. Зазірнулі і туды… Старажылы казалі, што знайшлі там «пані ў белым вэлюме». Дык яе косці таксама закінулі ў брацкую магілу чырвонаармейцаў. Казалі: «Каб салдацікам не сумна было!»… Такі сумны гумар».

«Лёсы закальцаваліся на невялікім кавалку зямлі»

Надмагілле Віктара Каліноўскага са знішчаных каталіцкіх могілак. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

На месцы колішніх каталіцкіх могілак зараз пустка. Побач, у пары дзясятках метраў пры вясковым плоце ляжыць самотнае надмагілле з імем «Віктар Каліноўскі» і датай смерці – 12 снежня 1880 году. Паводле сп. Абрамовіча, Віктар Каліноўскі прымаў удзел у Паўстанні 1863 году, сядзеў у астрозе ў Менску, але пасля яго адпусцілі. Ягоныя браты Юзаф, Караль і Габрыэль былі сасланыя ў Сібір… Віктар жа памёр тут на 47-м годзе жыцця. Ягонае надмагілле – адзінае ацалелае з колішніх «панскіх» могілак.

«Тут, дарэчы, таксама цікавая сувязь з Міцкевічам, – працягвае сп. Абрамовіч, – бацькам братоў Каліноўскіх, якія бралі ўдзел у Паўстанні, быў Анджэй. Ён быў жанаты тройчы. Дык вось, трэцяя ягоная жонка – Сафія Путкамер. А гэта – дачка той самай Марылі Путкамер (Верашчакі), каханай Адама Міцкевіча! Бачыце, як лёсы закальцаваліся на невялікім кавалку зямлі!»

«Хацелася б, каб гэтая гісторыя засталася тут»

Лічыцца, што бэз можа жыць пару сотняў год. Магчыма, гэты яшчэ памятае часы Міцкевіча. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Спадар Абрамовіч кажа, што гісторыяй гэтых мясцінаў займаецца фактычна ён адзін. Калі з’явіўся кампутар, то пачаў перапісвацца з даследчыкамі і архівістамі, у пэўным сэнсе стала прасцей. Разам з тым, пра мемарыялізацыю ацалелых камянёў, а тым больш пра стварэнне музею пакуль застаецца адно марыць.

Камень са словамі Міцкевіча ў закінутым склепе. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Краязнаўца лічыць, што камень з цытатай Міцкевіча трэба было б выразаць з кладкі і дастаць з закінутага склепу, каб усталяваць або на месцы колішняга парку, або ля сажалак, апісаных паэтам, або – на месцы знішчаных могілак. Перадаваць рэліквію ў музей Міцкевіча ў Наваградку сп. Абрамовіч не лічыць неабходным.

«Вельмі хацелася б, каб гэтая гісторыя засталася тут», – кажа краязнаўца.

Reportaż
Komu potrzebne białoruskie dziedzictwo Elizy Orzeszkowej?
2016.06.25 10:05

Алесь Кіркевіч, Фота: Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў