Затрыманыя 6 журналістаў «Белсату», іхнае месцазнаходжанне невядомае


Невядома, дзе цяпер шасцёра журналістаў «Белсату», якія былі затрыманыя цягам двух апошніх дзён.

9 жніўня затрымалі аўтара журналісцкіх расследаванняў Стася Івашкевіча. 10 жніўня былі затрыманыя Таццяна Белашова, Алена Шчарбінская і Віталь Дубік.

Аператара Віталя Дубіка з камерай затрымалі 10 жніўня каля 18.00 побач з гасцініцай «Юбілейная» – дзе ён цяпер, невядома. Аўтамабіль Віталя стаіць каля Цэнтральнага РУУС. Таццяну Белашову і Алену Шчарбінскую затрымалі каля Цэнтральнага РУУС а 23.00, дзе яны цяпер – невядома.

Затрыманні каля гатэлю «Юбілейны». Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

На другія содні стала вядома, што Стась Івашкевіч знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна. У момант затрымання Івашкевіч быў разам з аналітыкам Сяргеем Чалым, які распавёў, што затрыманне адбылося ў дзень выбараў, каля 21.00. Стась здымаў, як людзі каля гімназіі № 6 чакалі вынікаў галасавання, затрымалі яго людзі ў цывільным.

Таксама няма сувязі з журналістам з Віцебску Змітром Казакевічам. Верагодна, яго трымаюць у Віцебскім ІЧУ. Знікла сувязь з аператарам Уладзімірам Лунёвым, і невядома, дзе ён.

«Улады мусяць неадкладна вызваліць усіх затрыманых журналістаў. Ніхто з маіх калегаў не ўдзельнічаў у сутычках з міліцыяй, гэта забараняе кодэкс журналіста. Журналісты выконвалі свае прафесійныя абавязкі, арышт і затрыманне ў гэтых выпадках абсалютна незаконныя і недапушчальныя», – заявіў кіраўнік рэдакцыі інфармацыі Зміцер Ягораў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў фіксуе дзясяткі выпадкаў затрымання журналістаў у Беларусі цягам апошніх дзён.

Агулам у ноч з 9 на 10 жніўня, паводле МУС, у Беларусі былі затрыманыя 3 тыс. чалавек.

АА belsat.eu

Стужка навінаў