Заробак 1 000 рублёў атрымліваюць толькі ў лічаных рэгіёнах Беларусі


Статыстычныя органы апублікавалі звесткі пра сярэдні заробках у гарадах і раёнах Беларусі за люты. Правяраем, дзе заробкі былі найбольш высокія, а дзе – самыя нізкія.

Паводле Белстату сярэдні налічаны заробак у краіне за люты 2019 года склаў 977,6 рублёў. У параўнанні з лютым 2018 га заробак павялічыўся на 15 % у намінальным выражэнні і на 7,8 % – у рэальным.

Пры гэтым у ніводнай з вобласцяў Беларусі заробкі не выйшлі на ўзровень сярэдняга па краіне. Бліжэй іншых да гэтай адзнакі наблізілася Менская вобласць (967). З прычыны нізкіх заробкаў з рэгіёнаў уцякае працаздольнае насельніцтва.

Акрамя Менску ў Беларусі ёсць яшчэ 10 гарадоў абласнога падпарадкавання і 118 раёнаў. Па кожнай з гэтых тэрыторыяў улады даюць звесткі аб памеры сярэдняга налічанага заробку. Па выніках лютага налічаныя заробкі вышэй за 1 000 рублёў адзначаліся толькі ў 7 гарадах і раёнах – Салігорскім (1 419), Жодзіна (1 219), Менскім (1 157), Наваполацку (1 127), Дзяржынскім (1 044), Рэчыцкім (1 036) і Жлобінскім (1 019). Як бачна, ва ўсіх абласных цэнтрах заробак быў ніжэй за 1 000 рублёў.

Самыя вялікія заробкі фіксаваліся або на перыферыі Менску (Менскі і Дзяржынскі раёны), або там, дзе ёсць буйныя дзяржпрадпрыемствы (Салігорскі, Рэчыцкі, Жлобінскі раёны і Жодзіна з Наваполацкам).

Паводле banki24.by, у лютым 2019 года заробкі на рукі больш за 1 000 рублёў за межамі Менску атрымлівалі толькі працаўнікі ў Салігорскім і Менскім раёне, а таксама ў Жодзіна. Налічаныя заробкі ад 900 да 1 000 рублёў статорганы назіралі яшчэ ў 7 гарадах і раёнах – Берасці (987 рублёў), Астравецкім раёне (972), Горадні (966 рублёў), Мазырскім раёне (960), Гомлі (938), Смалявіцкім раёне і Магілёве (па 920). Адзіным абласным цэнтрам з сярэднім заробкам ніжэй 900 рублёў стаў Віцебск (899 рублёў).

Сярэднія заробкі ад 800 да 900 рублёў улады адзначалі ў 20 гарадах і раёнах, ад 700 да 800 рублёў – у 44 раёнах, ад 600 да 700 рублёў – у 48 раёнах.

Лютаўскія заробкі ў Мсціслаўскім і Шаркаўшчынскім раёнах былі ніжэй 600 рублёў – 590 і 571 рублёў адпаведна. На Мсціслаўшчыне сярэдні заробак склаў 72,8 % ад сярэдняга па вобласці, у Шаркаўшчынскім – 69,2 %. Па выніках лютага Мсціслаўскі раён з’яўляўся самым бедным у Магілёўскай вобласці, Шаркаўшчынскі раён – у Віцебскай вобласці і па ўсёй Беларусі. На Берасцейшчыне самым бедным быў Столінскі раён (656 рублёў), у Гомельскай – Кармянскі (637 рублёў), у Гарадзенскай – Свіслацкі (647 рублёў), у Менскай – Капыльскі (685 рублёў).

СК belsat.eu

Стужка навінаў