Замкнула абагравальнік? У Расеі на пажары загінулі 10 грамадзянаў Узбекістану


Згарэлы дом.
Фота: 70.mchs.gov.ru

Уначы 21 студзеня ў Томскай вобласці Расеі ахвярамі пажару ў жылым доме сталі 11 чалавек. Пра гэта паведамілі ў Галоўным упраўленні МНС па рэгіёне.

Паведамленне аб загаранні аднапавярховага драўлянага будынку ў пасёлку Прычулымскі Асінаўскага раёна паступіла 21 студзеня а 04:05 па мясцовым часе. На момант прыбыцця выратавальнікаў будынак быў цалкам ахоплены агнём.

З будынку самастойна эвакуяваліся два чалавекі. Пры разборы абваленых канструкцый выяўленыя целы 11 загінулых.

Пажар быў цалкам ліквідаваны а 11:40.

Губернатар Томскай вобласці Сяргей Жвачкін даручыў праваахоўнікам як мага хутчэй высветліць усе акалічнасці пажару і сам узначаліў аператыўны штаб, створаны ў сувязі з надзвычайным здарэннем.

Як паведамляе РИА «Новости», прычынай пажару магло стаць кароткае замыканне абагравальніка. Пачатая крымінальная справа аб прычыненні смерці па неасцярожнасці.

Згарэлае памяшканне было інтэрнатам лесанарыхтоўчай кампаніі ТАА «Грынвуд». У агні загінулі дзесяць грамадзянаў Узбекістану і адна расяянка.

МГ/МВ belsat.eu

Стужка навінаў