Закрываюць завод, які не працаваў ані дня. Абсталяванне для яго купілі ў Італіі за 20 млн еўраў


Трохгадовыя спробы ратавання прадпрыемства «Бярозатара» скончыліся нічым. Згодна з судовым рашэннем, завод мае быць ліквідаваны да сярэдзіны наступнага лета.

Пра ліквідацыю «Бярозатары» старшыня Эканамічнага суду Берасцейскай вобласці Сяргей Кулак паведаміў журналістам 8 жніўня, падае БелТА.

Завод па вытворчасці розных відаў упакоўкі ў Бярозе вырашылі будаваць яшчэ за савецкім часам. У 1997 годзе на прадпрыемстве паставілі вытворчую лінію па выпуску металічных накрывак для шкляных слоікаў, на пачатку нулявых запусцілі вытворчасць накрывак для слоікаў з дзіцячым харчаваннем, а таксама лінію па лакіраванню і літаграфіі бляшанак.

У цэху па вытворчасці накрывак для слоікаў на заводзе «Бярозатара». Фота з архіву БелТА

У 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект па стварэнні на заводзе вытворчасці ўпакоўкі для вадкіх харчовых прадуктаў тыпу «тэтрапак», падае «Tut.by». У Беларусі такая ўпакоўка не выпускаецца, і новая вытворчасць ідэальна ўпісалася ў праграму імпартазамяшчэння. Абсталяванне коштам 21,2 млн еўраў паставіла італьянская кампанія «Агратэхніка». Крэдыт на яго выдзеліў «Белагрампрамбанк».

Асноўны пастаўшчык тары тыпу «тэтрапак» у Беларусь – аднайменны міжнародны канцэрн са шведскімі каранямі. На здымку – адзін з заводаў кампаніі «Tetra Pak» у падмаскоўнай Лобні. Фота – Віталь Белавусаў/ТАСС/Forum

Цэх па вытворчасці «тэтрапакаў» у эксплуатацыю ўвялі ў красавіку 2011-га, але ён гэтак і не распачаў працу. Сыравіну для ўпакоўкі – беленую сульфатную цэлюлозу і поліэтылен нізкага ціску – у нашай краіне не робяць, а імпартаваць яе з-за мяжы не дазволіла б пазней канкураваць беларускай упакоўцы з імпартнай, піша «Вечерний Брест».

«Гэта новае прадпрыемства, якое не прапрацавала ніводнага дня. Было прынятае рашэнне ўласнікам, Мінсельгасхарчам, аб падачы заявы ў суд аб яго эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве). Мы спрабавалі яго саніраваць [аздаравіць, рэфармаваць – Заўв. «Белсат»], але, на жаль, беспаспяхова», – дадаў Сяргей Кулак.

Кошт актываў даўжніка складае Br 44 млн, агульная сума патрабаванняў крэдытораў – Br 25 млн.

Цэх па вытворчасці «тэтрапакаў» на Бярозатары, які так і не распачаў працу. Фота – «Tut.by»

Прадаваць прадпрыемства плануецца адзіным комплексам.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў