Закрытая размова Мэркель з Ціханоўскай. Што раскрыў яе дарадца?


Візіт Святланы Ціханоўскай у Берлін адбыўся ў добры для беларусаў момант. Пра што Ангела Мэркель спытала беларускую лідарку на пачатку закрытай размовы? Што дапамагло беларусцы прыцягнуць увагу немцаў да нашых праблемаў? Як рэжым Лукашэнкі знішчае беларускую дыпламатыю, ды што прынясе выдаленне з Беларусі персаналу заходніх амбасадаў?

Святлану Ціханоўскую ў Нямеччыне сустрэлі на найвышэйшым узроўні як дзяржаўнага лідара. Паводле дыпламатычнага пратаколу Ціханоўская спачатку мусіла сустрэцца з канцлеркаю ФРГ Ангелай Мэркель, а потым ужо з сябрамі Бундэстагу ды іншымі палітыкамі.

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах:

«Першае пытанне, якое задала канцлерка: ці падобныя беларуская і расейская мова, ці бліжэйшая [да беларускай. – «Белсат»] украінская? На што Святлана Ціханоўская адказала: вядома, што ўкраінская, але мы разумеем расейцаў, а расейцы нас – не».

Візіт у Нямеччыну – іміджавы. Заходнія палітыкі хочуць пазнаёміцца з тварам новай Беларусі і даць выразны сігнал як беларускаму рэжыму, гэтак і кіраўніку Расеі, на чыім яны баку.

«Цяпер працуем у двух кірунках: першае – дабіцца перамоваў і большай увагі міжнародных арганізацыяў. Беларусь, па сутнасці, дзейнічае ў ААН і АБСЕ, не падпісвала міжнародных дамоваў пра міжнародны трыбунал. Праз АБСЕ і ААН будзем працягваць ціснуць», – распавядае Франак Вячорка.

Hавiны
Сустрэча Ціханоўскай і Меркель, выкраданні актывістаў, пратэсты ў Кыргызстане. Вынікі 59-га дня пратэстаў
2020.10.07 00:47

Відавочна, каманда Ціханоўскай шукае саюзнікаў сярод еўрапейскіх краінаў, якія маглі б стаць медыятарамі ў перамовах паміж беларускім народам і ўладамі. Ці гатовая на сябе такую ролю ўзяць Нямеччына? Каментуе Кляўс Бахман, прафесар Вышэйшае школы грамадскай псіхалогіі ў Варшаве:

«Праблема ў тым, што, каб станавіцца медыятарам, трэба зважаць на два бакі. А цяпер ёсць адзін бок: Ціханоўская ў Берліне, – а з другога боку Лукашэнка, які не хоча перамоваў. Але трэба паглядзець, што цяпер адбываецца ў самой Нямеччыне: пасля замаху на расейскага палітыка Аляксея Навальнага і замоўнага забойства ў цэнтры Берліну былога чачэнскага палявога камандзіра стаўленне нямецкіх палітычных партый ды грамадства да Расеі мяняецца. Таму момант візіту Ціханоўскай удалы».

Рэжым можа сесці за стол перамоваў у выпадку, калі пабачыць рэальную пагрозу. Ці такой пагрозай можа стацца пашыраны санкцыйны спіс?

«Тое, што цяпер гэты візіт змяніў, – пачаліся размовы, каб у санкцыйны спіс дадалі і Лукашэнку. І відаць з выказванняў нямецкіх палітыкаў, што ёсць шмат зацікаўленых у тым, каб пашыраць санкцыйны спіс, уключна з прозвішчам Лукашэнкі», – мяркуе Кляўс Бахман.

Канада і Вялікая Брытанія ўжо занеслі Лукашэнку ў гэты спіс. Але, мабыць, асноўны выклік для Беларусі – роля, якую адыграе Расея ў перамовах з беларускім рэжымам. Пазіцыя Ціханоўскай у гэтым пытанні адназначная:

«Вы ведаеце, я заўсёды кажу, што тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта толькі нашая ўнутраная справа. І мы не хочам казаць, што Пуцін павінен вызначаць, як развязваць нашыя праблемы. Гэта нашая ўнутраная праблема, і залежыць толькі ад беларусаў, як выйсці з гэтага палітычнага крызісу. Мы хочам запрасіць яго быць пасярэднікам разам з іншымі лідарамі, быць пасярэднікамі ў наладжванні дыялогу паміж уладамі ды народам. І ўсё. Мы хочам развязаць гэтую праблему самастойна».

Засцерагчы ад расейскага звышуплыву ў перамовах можа пляцоўка АБСЕ, але місіі АБСЕ былі ў Карабаху, Асетыі ды Абхазіі, Прыднястроўі, на ўсходзе Украіны, і найбольшае дасягненне такой дыпламатыі – замарожванне канфлікту. Ці мэтазгодна задзейнічаць гэткую пляцоўку нам?

Каментуе Павел Латушка, сябар Прэзідыуму Каардынацыйнае рады:

«Мы кажам пра тое, што да дыялогу больш актыўна мусяць далучыцца сусветныя лідары. Калі яны далучацца да дыялогу ў тым ліку ў межах кантакту ў Менску, выкарыстоўваючы кантакты з Масквы. Уплыў такога мандату можа быць больш значным».

ВІДЭА
План для Беларусі без Лукашэнкі
2020.09.18 17:05

Напярэдадні візіту Святланы Ціханоўскай у Берлін рэжым Аляксандра Лукашэнкі распачаў дыпламатычную вайну, прымусіў пакінуць Беларусь кіраўнікоў дыпмісіяў Нямеччыны, Літвы і Польшчы.

Кацярына Шмаціна, даследніца Нямецкага фонду Маршала Злучаных Штатаў:

«Выглядае, што такі жэст беларускага МЗС, – гэта жэст адчаю, у беларускіх уладаў няма іншых магчымасцяў у выбудоўванні адносінаў з ЕЗ. Яны разумеюць, што адаслаць паслоў – гэта адзіны спосаб выказаць крытыку ў адрас Захаду. Іншых інструментаў у іх проста няма».

Пасля фальсіфікацыі выбараў з афіцыйным Менскам ніхто размаўляць не гатовы. І акно ў Еўропу беларускі рэжым закрывае ўласнаручна. Прычым паслабляе вонкавую палітыку ўнутранымі чысткамі вонкавапалітычнага ведамства.

«Гэта не перазагрузка МЗС, гэта фактычна знішчэнне вонкавапалітычнай службы ідэматывацыя вонкавапалітычнай службы. Бо калі звальняюцца з працы паслы, калі адыходзяць старэйшыя дыпламаты – гэта выключныя з’явы, якія фактычна паказваюць лінію, якую абрала беларускае МЗС – немагчымасць, каб беларуская дыпламатыя мела права свайго голасу, права сказаць «не» гвалту», – мяркуе Павел Латушка.

І таму такім голасам у Еўропе застаецца Святлана Ціханоўская. Заходнія палітыкі ва ўнісон кажуць пра гуманітарнае падтрыманне беларусаў, якіх пераследуюць. А таксама пра гатовасць фінансавага падтрымання ў часе пераходнага перыяду, так званы План Маршала для Беларусі. Гэта перспектывы, а пакуль, як паведамляе выданне EUobserver, ЕЗ закупіў 15 дронаў для Беларусі. Адначасова Літва заблакавала транш Еўразвязу на 3 мільёны еўраў, які меўся атрымаць афіцыйны Менск.

Наста Ільіна для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Michal Burza / Zuma Press / Forum; Omer Messinger / ddp images / Forum

 

Стужка навінаў