Законапраект «Аб абыходжанні з жывёламі»: Лепей, чым нічога


На разгляд у Палату Прадстаўнікоў паступіў законапраект, які будзе рэгуляваць абыходжанне з жывёламі.  Сярод новаўвядзенняў – забарона на кароткі ланцуг для сабак і стварэнне пунктаў утрымання бяздомных жывёлінаў.

Узгодненны на шматлікіх працоўных групах законапраект значна змяніўся пасля дапрацавання ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававой ініцыятывы. Пераважная частка ўзгодненых на працоўных групах фармулёвак была адкінутая, сцвярджаюць заабаронцы. Але нават такі законапраект, калі будзе зацверджаны, можа палепшыць сітуацыю ў галіне гуманнага абыходжання з жывёлінамі.

Асобныя прапановы заабаронцаў, якія праігнаравалі

  • Пазіцыя адносна абмежавання колькасці жывёлаў, якіх можна трымаць у хатніх умовах, а таксама чыпаванне жывёлаў.
  • Вярнуўся тэрмін «сабакі патэнцыйна небяспечных пародаў», які прапаноўвалася замяніць на «пароды сабакаў, якія патрабуюць асаблівага абыходжання». На думку кіноалагаў, перша азначэнне адцягвае ўвагу ад важнасці правільнага ўтрымання на пароду як такую.
  • З дакументу знік раздзел «Адлоў жывёлаў», які рэгламентаваў парадак адлову і дастаўкі жывёлаў у пункты часовага ўтрымання і пералічваў абавязкі адлоўшчыкаў.

Якія прапановы пачулі

  • Палепшыўся раздзел, які адлюстроўвае прынцыпы абыходжання з жывёламі і абавязкі ўладальнікаў. Напрыклад, з’явіўся пункт, які забараняе ўтрыманне сабакаў на прыдамавой тэрыторыі і на тэрыторыі арганізацыяў на прывязцы, карацейшай за 2,5 метры.
  • Раней колькасць бяздомных жывёлаў рэгулявалася шляхам адлову і ўмярцвення, цяпер такія жывёлы могуць захаваць жыццё і пасля стэрылізацыі патрапіць да новага гаспадара.
  • Пункты ўтрымання жывёлаў будуць створаныя ў райцэнтрах і гарадах абласнога падпарадкавання. На сённяшні момант такія пункты ёсць толькі ў Менску і ў абласных цэнтрах.

Першапачаткова закон «Аб абыходжанні з жывёламі» быў вынесены на разгляд Палаты Прадстаўнікоў яшчэ ў 2011 годзе, але тады не прайшоў другое чытанне. Цяпер ён быў істотна дапрацаваны, да кансультацыяў запрасілі заабаронцаў, ветэрынараў ды кінолагаў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў