Заходні вектар Украіны больш «не трагедыя» для Расеі


Міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў заявіў, што «не бачыць трагедыі» у жаданні Украіны актыўна развіваць супрацу з Еўразвязам.

«Мы не разглядаем памкненні нашых суседзяў да ўмацавання сувязяў з Еўразвязам, як трагедыю. Хоць, канешне, каб усё гэта было ў пазітыўным ключы, неабходна, развіваючы сувязі з Еўразвязам, не падрываць законныя інтарэсы Расейскай Федэрацыі», – заявіў Сяргей Лаўроў падчас выступу ў Савеце Федэрацыі Расеі.

Ад наступнага году пачне дзеяць Пагадненне аб зоне вольнага гандлю паміж ЕЗ і Украінай, што раней выклікала пратэсты з боку Крамля. Больш за тое – Пятро Парашэнка паабяцаў, што праз пяць гадоў Украіна дасягне ўзроўню, які дазволіць падаць заяўку на сяброўства ў ЕЗ, ды правядзе рэферэндум аб уступленні ў NATO.

«Мы прызнаем права нашых суседзяў, былых савецкіх рэспублік, а цяпер суверэнных дзяржаваў, на шматвектарную вонкавую палітыку. У Расеі таксама шматвектарная вонкавая палітыка. Таму мы з разуменнем ставімся да іх сувязяў з іншымі гульцамі ў Еўропе, Амерыцы ды іншых рэгіёнах. Адзінае, мы настойваем, каб гэты працэсы былі адкрытыя і не мелі аніякіх схаваных замыслаў», – дадаў міністр замежных справаў Расеі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў