Заблакаваныя сайты і затрыманая рэдактарка: новыя рэпрэсіі супраць журналістаў


Улады Беларусі працягваюць ціснуць на незалежныя медыі ды іх працаўнікоў.

У Карэлічах затрымалі заснавальніцу і рэдактарку рэгіянальнага сайта Korelichi.by Караліну Князькову. Як піша афіцыйная група выдання ва «УКантакце», раніцай 9 снежня міліцыянты правялі ў ейным доме агляд, канфіскавалі тэхніку. Таксама затрымалі бацькоў журналісткі.

«Ужо на працягу двух тыдняў на яе аказваўся ціск на працы (дзяўчына працуе інструктаркай-метадысткай у Карэліцкай ДЮСШ. – Рэд. Belsat.eu). Мясцовыя ўлады любым чынам спрабавалі пазбавіцца ад Караліны, але ўзяць на сябе адказнасць і звольніць не змаглі», – паведамляе група выдання.

Караліна Князькова.
Фота: Кореличи.by / Vk.com

А Telegram-канал выдання KYKY.ORG распавёў пра блакаванне сайту.

«Гэта ўсё ж адбылося – хоць і на некалькі месяцаў пазней, чым мы думалі. KYKY заблакаваны на тэрыторыі Беларусі паводле рашэння Мінінфарма. Мы не сумуем, бо ведаем: вы разбіраецеся ў ВПНах і сучасных трафіках лепш, чым дзяржаўныя міністэрствы – у блакаваннях. Мы працягнем працаваць, хай гэта і клапатлівая справа!» – адзначылі ў KYKY.ORG.

Выданне ж mediazona.by даведалася пра прычыны свайго блакавання. Міністэрства інфармацыі даслала пісьмовае паведамленне адносна гэтага. У лісце гаворыцца, што прычынай забароны доступу на тэрыторыі Беларусі стаў «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай» і згадваецца забарона канала NEXTA Live.

У копіі загаду міністра інфармацыі Ігара Луцкага няма спасылак на канкрэтныя матэрыялы на сайце mediazona.by. «Медыязона» адзначае, што не публікавала спасылкі на тэлеграм-канал NEXTA Live ці фота і Відэа з яго лагатыпам пасля таго, як яны былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў