За раскіданыя самарэзы жыхара Магілёва хочуць пасадзіць на 1,5 года


Сяргей Бузук.
Фота: belsat.eu

1 год і 6 месяцаў за раскіданыя каля дзяржаўных установаў самарэзы патрабуе дзяржаўны абвінаваўца для жыхара Магілёва. Пра гэта паведамляе карэспандэнт belsat.eu.

20 студзеня ў Ленінскім судзе Магілёва працягнуўся разгляд крымінальнай справы Сяргея Базука. Яго вінавацяць у хуліганстве паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу за тое, што раскідаў самарэзы побач з будынкамі МУС, КДК, УСК і ГУБАЗіК у Магілёве.

Сёння на паседжанні выступіў пацярпелы – галоўны спецыяліст Камітэту дзяржаўнага кантролю ў Магілёўскай вобласці Дзяніс Касталомаў. Падчас следства ён заявіў страты на 30 рублёў, бо ягоны аўтамабіль Hyundai Creta наехаў адным колам на самарэз.

«Працы на шынамантажы каштавалі мне 10 рублёў, але яшчэ былі клопаты, такія, як маральная шкода», – заявіў пацярпелы на судзе.

Дзяржаўны абвінаваўца, памочнік пракурора Магілёва Дзмітрый Марусаў запатрабаваў для Базука самае жорсткае пакаранне з магчымых – пазбаўленне волі на 1 год і 6 месяцаў з накіраваннем у калонію агульнага рэжыму.

Адвакат Базука нагадаў, што абвінавачаны цалкам прызнаў віну, добраахвотна пагасіў усе страты і раскайваецца ва ўчыненым, таму няма сэнсу ў самым жорсткім пакаранні з магчымых. Як раней казаў сам Сяргей Базук, ягоны ўчынак ён быў спробаю выказаць пратэст супраць збіцця мірных людзей і супраць беспакаранасці тых, хто збівае беларусаў.

21 студзеня суддзя Аксана Ратнікава агучыць вырак у справе.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў