З Навальнага знялі абмежаванне на выезд за мяжу


Федэральная служба судовых прыставаў (ФССП) Расеі паведаміла, што з Аляксея Навальнага знятыя ўсе абмежаванні, паколькі ён аператыўна аплаціў запазычанасць.

«Усе накладзеныя абмежаванні і забароны па выканаўчай вытворчасці на дадзены момант адмененыя з улікам добрасумленнага стаўлення даўжніка да выканання сваіх абавязацельстваў. Падставаў для абмежавання ў праве выезду за межы Расейскай Федэрацыі ў рамках згаданай вытворчасці не маецца», – сказалі ТАСС ў ФССП.

Раней Навальны заявіў на сваёй старонцы ў Twitter, што павінен быў вылецець на абвяшчэнне рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека ў Страсбург, але атрымаў апавяшчэнне, што яго выезд з Расеі абмежаваны на падставе рашэння ФССП. У сваю чаргу, у службе патлумачылі, што ў дачыненні да Навальнага 9 лістапада распачатая выканаўчая вытворчасць. На карысць Кіраўскага абласнога прадпрыемства «Кировлес» з яго спагналі суму матэрыяльнай шкоды ў памеры 2 164 618 рублёў і 63 капеек.

Сам Навальны сцвярджае, што гэта было зроблена пост-фактум, адзначаючы, што яшчэ напярэдадні адпаведнага рашэння не было на сайце службы судовых прыставаў Кіраўскай вобласці.

У ліпені 2013 года суд Кірава прысудзіў Навальнага да пяці гадоў калоніі па справе аб крадзяжы маёмасці кампаніі «Кировлес», пазней пакаранне замянілі на ўмоўнае. У 2016 годзе пасля патрабаванні ЕСПЧ Вярхоўны суд адмяніў прысуд, і справа была разгледжана паўторна. Па яго выніках Навальны зноў атрымаў штраф і ўмоўны тэрмін, які не дазволіў яму балатавацца ў прэзідэнты РФ.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў