З Кіпра экстрадавалі беларуску, якая была ў вышуку Інтэрпола


Беларуску 1976 года нараджэння падазраюць у незаконных дзеяннях па працаўладкаванні грамадзянаў за мяжой (ч.3 арт. 187 КК), паведамляе БелТА са спасылкай на МУС Беларусі.

Жанчыну даставілі з Ларнакі ў Менск яшчэ ў суботу, 7 красавіка. Ініцыятарам абвяшчэння ў міжнародны вышук выступіла Цэнтральнае РУУС сталіцы. Паводле следства, з канца 2000 года па 2004-ы, дзейнічаючы па папярэдняй змове з замежнымі грамадзянамі, жанчына падманам завербавала па меншай меры 19 беларусак з мэтай іх сексуальнай эксплуатацыі ў начных клубах Кіпра і Швейцарыі. У адпаведнасці з беларускім заканадаўствам жанчыне можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 8 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Яе затрымалі на Кіпры яшчэ ў 2015 годзе і ўвесь гэты час вырашылі пытанне з экстрадыцыяй.

У МУС распавялі пра злачынную схему, якой карысталася жанчына.

Каб прыцягнуць увагу патэнцыйных ахвяр, яна размяшчала аб’явы ў газетах аб наборы танцорак на высокааплатную працу за мяжой, распаўсюджвала візітныя карткі, дзе заяўляла пра сябе як пра прадстаўніка шоў-бізнэсу, ствараючы ўражанне легальнасці сваёй дзейнасці.

«Працадаўца» падбірала дзяўчат, як правіла, беспрацоўных і малазабяспечаных, якія не выязджалі раней за мяжу. У сілу цяжкага матэрыяльнага становішча і недасведчанасці аб рэальным становішчы спраў іх было лёгка ўвесці ў зман. Атрымаўшы згоду ахвяры, жанчына перадавала копіі пашпартоў, медыцынскіх даведак і фатаграфіі кандыдатак замежнікам для ацэнкі знешніх дадзеных. У далейшым, маючы звесткі пра адабраных для паездкі дзяўчат і аплочаных авіябілетах, дастаўляла іх у аэрапорт. За кожную дзяўчыну яна атрымлівала грашовую ўзнагароду ад замежных саўдзельнікаў.

Па прыбыцці на месца з дзяўчынамі заключаліся працоўныя кантракты, і толькі пасля гэтага ім тлумачылі сапраўдную мэту іх прыезду – аказанне інтымных паслуг.

Тыя, хто гэта рабіць адмаўляўся, падвяргаліся псіхалагічнаму ціску з боку адміністрацыі забаўляльных устаноў, пазбаўляліся заробку, харчавання і свабоды.

Экстрадыцыю правялі супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола ў Беларусі і ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС. Генеральная пракуратура ўзаемадзейнічала з праваахоўнікамі Кіпра ва ўрэгуляванні прававых пытанняў.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары