Юрый Варонежцаў: Трэба сачыць за тым, што мы ямо, бо існуе пагроза ўнутранага апрамянення


Фізік, кандыдат тэхнічных навук, былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савету СССР Юрый Варонежцаў у інтэрв’ю «Белсату» распавёў, якую стратэгічную памылку здзяйсняюць сённяшнія ўлады і чаму беларусы мусяць асцерагацца прадуктаў з забруджаных у выніку чарнобыльскай катастрофы тэрыторыяў.

Паводле Варонежцава, цяпер амаль немагчыма атрымаць істотную дозу радыяцыі ад зямлі або з вадаёмаў. Асноўная небяспека для беларусаў сёння – гэта ўнутранае апрамяненне. То бок апрамяненне праз забруджаныя прадукты харчавання.

«Цяпер наагул трэба больш сачыць за тым, што мы ямо, а не за тым, дзе ходзім і купаемся. На жаль, і людзі забыліся, і ім не нагадваюць, дзе яны жывуць. Ім жа кажуць, што Чарнобыль нібыта даўно скончыўся. Людзі п’юць забруджанае малако, ядуць прадукты і, самае галоўнае, збіраюць у лясах забруджаныя грыбы ды ягады, вязуць іх сваякам у горад. А потым здзіўляюцца, чаму ў людзей анкалагічныя захворванні. Яны забываюць што за зіму з’елі 20 банак кансерваваных грыбоў – а гэта самазабойства», – кажа ён.

Цяпер у Беларусі рэалізуецца 5-я дзяржаўная праграма па пераадольванню наступстваў катастрофы на ЧАЭС, яна завершыцца ў 2020-ым годзе. Такія праграмы распрацоўваюцца з 1990-га года і да першых з іх, яшчэ ў часы СССР, меў непасрэднае дачыненне Варонежцаў. Суразмоўца «Белсату» прыгадвае: у першых праграмах акцэнт рабіўся на развіцці медычнага абслугоўвання, кантролі за харчаваннем і забеспячэнні насельніцтва чыстымі прадуктамі. А цяпер улада робіць акцэнт на ўводзе ў сельскагаспадарчы абарот забруджаных земляў. Хаця на некаторых з іх наагул нельга вырошчваць сельскагаспадарчую прадукцыю.

«Цяпер назіраецца недапушчальны перакос: убухаюцца каласальныя сродкі на развіццё сельскай гаспадаркі ў гэтых рэгіёнах. А я ўпэўнены, што дзяржава абсалютна не мусіць лезці ў забруджаныя раёны з развіццём сельскай гаспадаркі. А тыя грошы, якія туды ўбухваюцца для вытворчасці ўмоўна чыстай прадукцыі лепш пусціць на вытворчасць прадукцыі на чыстых землях, а таксама на паляпшэнне стану аховы здароўя, якому катастрафічна сёння не хапае сродкаў», – тлумачыць Варонежцаў.

Праз забруджванне радыёнуклідамі пасля аварыі на ЧАЭС каля 264 тыс га беларускіх земляў былі выключаныя з сельскагаспадарчага абароту. Аднак улады Беларусі паступова распачалі рэабілітацыю забруджаных радыяцыяй раёнаў. Гэтак на Гомельшчыне на дадзены момант вярнулі ў сельскагаспадарчы абарот 16,1 тыс га. «За пяцігодку, якая пачалася, пры ўсіх праблемах і цяжкасцях мы канчаткова вырашым усе пытанні, якія звязаны з поўднем нашай краіны, каб гэтыя землі забыліся, якая адбылася трагедыя», – абяцаў Аляксандр Лукашэнка ў 2016 годзе. Гэтак, напрыклад, у 2017 годзе Лукашэнка падпісаў указ № 259, які пазбавіў кіламетровай ахоўнай зоны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік з мэтай зняцця абмежавання «па выкарыстанню зямельных участкаў».

Лукашэнка наведвае Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці, 2017 год. Фота – president.gov.by

Варонежцава абураюць заявы тых вучоных, якія кажуць, што цяпер ужо можна на некаторых землях аднаўляць сельскую гаспадарку.

«Нам кажуць, што прайшло 30 гадоў і гэта больш чым перыяд паўраспаду цэзію і стронцыю. Маўляў, цяпер зямля ў два разы чысцей стала. Але сур’ёзныя вучоныя смяюцца над гэтым. Для таго, каб казаць хаця б пра частковае ачышчэнне зямлі, трэба, каб прайшло мінімум 4-5 перыядаў паўраспаду, а лепш 10. Праз 100 гадоў мы скажам, што зямля больш-менш ачысцілася і на ёй можна нешта рабіць», – кажа ён.

Варонежцаў адзначае, што апошнім часам асаблівую небяспеку для беларусаў уяўляе амерыцый-241 – прадукт паўраспаду плутонія-241. Амерыцый – крыніца альфа-апрамянення і нясе смяротную пагрозу для чалавека. Перыяд паўраспаду вялізарны – 433 гады.

«Амерыцый вельмі небяспечны і ягонае з’яўленне кажа пра тое, што нашая праблема не вычарпаная. Нашая праблема надоўга. Не трэба сябе заспакойваць, казаць, што столькі гадоў прайшло і ўсё нармальна, таму давайце будаваць атамную станцыю. Для мяне проста дзіўна, як краіна, дзе на душу насельніцтва прыходзіцца амаль гектар сельскагаспадарчых зямель, укладае каласальныя сродкі, каб вырабіць вельмі дарагую і вельмі небяспечную прадукцыю на забруджаных землях», – кажа ён.

Варонежцаў адзначае, што распрацоўнікі першых праграмаў па пераадольванню наступстваў катастрофы на ЧАЭС разумелі небяспеку ўнутранага апрамянення, таму ў тыя часы прымаліся жорсткія рашэння высяляць людзей. Аднак у 90-е грошаў на такія маштабныя праекты не было і пра высяленне многіх тэрыторыяў гаворкі ўжо не ішло. Людзі засталіся там жыць. Адзінае выйсце – масава прапагандаваць вельмі асцярожнае стаўленне да прадуктаў харчавання.

«Аднак гэтага няма. Людзі забылі – што такое радыяцыя. А ў сувязі з будаўніцтвам АЭС нават прапаганда ў адваротным накірунку пайшла», – дадае Варонежцаў.

Hавiны
Радыяцыя вакол нас: дзе яна існуе і ці бяспечна для чалавека? Тлумачым на картках
2019.04.23 08:10

belsat.eu

Стужка навінаў