«Ён, як птушка, лётаў у Мекку». Узгадваем забытую легенду беларускіх татараў


Беларусь можа ганарыцца шматлікімі паломніцкімі мясцінамі, куды з’язджаюцца праваслаўныя і каталіцкія вернікі. Аднак хто ведае, што сваё «святое месца» некалі мелі беларускія мусульмане?

Мала хто сёння памятае, што адна невялічкая магіла на старых татарскіх могілках у вёсцы Католышы недалёка Наваградку некалі прыцягвала натоўпы паломнікаў, якія верылі ў яе цудоўную сілу. Мусульманскія вернікі, якія не мелі магчымасці трапіць на Бліжні Усход, яшчэ ў даваенныя часы прыязджалі ў Католышы, каб памаліцца ў адной з самых старажытных беларускіх мячэцяў і прывезці жменьку святой зямлі да сваёй хаты. Сёння пра гэта бытуюць толькі рэдкія згадкі ў гістарычных кніжках, а ў саміх Католышах не так даўно адышоў у лепшы свет апошні мусульманін.

Хоць сам татарскі мізар (назва могілак у беларускіх мусульманаў) і мячэць знаходзяцца ў вёсцы Католышы, паўсюль прынята лічыць і называць іх лоўчыцкімі, ад назвы суседняй вёскі Лоўчыцы. Чаму так здарылася, сёння цяжка адказаць. Упершыню сутыкнуцца з згадкай гэтай вёскі ў якасці месца паломніцтва мне давялося ў кнізе польскіх даследчыкаў Пятра Бараўскага і Аляксандра Дублінскага «Польскія татары: гісторыя, абрады, легенды, традыцыі», выдадзенай у 1986-м годзе.

Стары лоўчыцкі мізар каля мячэці. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Згодна з тэкстам даследчыкаў, самае старое апісанне пілігрымкі літоўскіх мусульманаў паходзіць з 1558 года. Ананімны аўтар апісання сцвярджае, што здзейсніць пілігрымку яго заахвоцілі іншыя літоўскія татары, якія раней наведалі святыя гарады ісламу – Мекку і Медыну. Аднак большасць татараў здзяйсняла пілігрымкі да ўласных святых месцаў. Самую большую пашану аддавалі магіле святога Эўліі Контэя (Контуся), якая знаходзіцца на мізары ў Лоўчыцах. Яму прыпісвалі цудатворную моц вылечвання хворых і калекаў. Перад Вайной у Лоўчыцы з’язджаліся татары з Беластоку, Клецку, Наваградку і Вільні.

Старажытна-сучасны лоўчыцкі мізар

Наваградчына – адна з тых мясцінаў, куды варта паехаць, каб заспець сапраўдную беларускую зіму. Калі аўта пад’ехала бліжэй да вёскі, на адным з пагоркаў, сярод аблепленых бялёсай шэранню дрэваў, пачаў высоўвацца яскрава зялёны будынак мячэці. Мабыць, мы выбралі самы лепшы час для вандроўкі: летам мячэць амаль цалкам схавалася б сярод зеляніны.

Лоўчыцкая мячэць

Мячэць у Лоўчыцах – адзін з самых старажытных малітоўных мусульманскіх храмаў вядомых у Беларусі, адлічвае свой час ад 1420 г. Будынак, які мы тут бачым сёння – адрэстаўраваны, яго атачаюць старыя заімшэлыя надмагільныя пліты, блукаючы сярод якіх, складана не наступіць на чыю-небудзь магілу. Крыху далей пачынаюцца сучасныя магілы мясцовых татар. На кожнай пліце ёсць паўмесяц з зоркай. Калі глядзець на магілу вачамі хрысціянаў, можа падацца, што некаторыя надмагіллі не маюць надпісаў. Аднак імёны нябожчыкаў выгравіраваныя на іншым баку пліты, бо павернутыя ў кірунку Меккі. На некаторых надпісы ёсць з абодвух бакоў, на іншых можна ўбачыць суры з Карана, надрукаваныя арабскімі літарамі. Прозвішчы і імёны тыповыя для беларускіх татараў: Шабановіч, Рафаловіч, Рызваловіч, Багдановіч і г.д. Калі прыгадаць імёны, для беларускага вуха некаторыя з іх могуць выдацца нязвыклымі: Суліман, Гузель, Аміня, Ханіфа, Мустафа, Фаціма, Ібрагім.

Звычайна, у побыце сярод мясцовых беларусаў татары насілі падвойныя імёны. Калі да прыкладу дзяўчынка атрымлівала імя Аміня, як маці прарока Мухамеда, то ў жыцці яе называлі Эммай. Мустафа ў сваю чаргу станавіўся Матвеем, Рашыд – Рыськам, а Ханіфа – Ганнай.

Да магілы святога Контуся ад мячэці вядзе бетонная сцежка. Сама магіла, як і некаторыя іншыя, абкладзеная камянямі і ўпрыгожаная, як у нас прынята, штучнымі яскравымі кветкамі. Каля яе стаіць невялікая лаўка, каб наведвальнікі маглі спакойна папрасіць у святога здароўя і спагады. Сам факт існавання легенды аб цудатворнасці святога цалкам пярэчыць вучэнню прарока, які забараняў пакланенне памерлым і ўвогуле не надта прыхільна ставіўся да культу смерці. Вядома, што мясцовыя традыцыі часцяком аказваюцца значна мацнейшымі за тэалагічныя вучэнні, аднак адкуль усё ж такі ўзяўся гэты Контусь?

 

Лоўчыцкая мячэць

Кажуць, быў нейкі пастушок, што ўмеў знікаць і з’яўляцца ў Мецы

Легенды пра Контуся можна прачытаць у інтэрнэце розныя. Самая распаўсюджаная, што Контусь быў звычайным пастушком, здольным на вялікі цуд: штодзень ён з Лоўчыц імгненна перамяшчаўся па паветры ў святы горад Мекку, дзе ўхваляў Алаха. Калі яго таямнічую здольнасць выкрылі, татарын раптам цяжка захварэў і памёр. Лічаныя на пальцах адной рукі жыхары вёскі Католышы ўвогуле досыць цьмяна ўяўляюць пра якога Контуся і якую святую магілку ідзе гаворка.

«Любачка, я б з вялікім задавальненнем распавяла б, але не ведаю нічога. Казалі, што нейкая святая магілка ёсць, але што да чаго… І мужык казаў, што святая. Прыязджаюць часам людзі, моляцца, але ці то яны да сваіх сваякоў ідуць, ці тутака на тую магілку, я не ведаю, не пільную», – кажа спадарыня Лёля.

У спадарыні Лёлі, якая жыве побач з татарскім мізарам, муж быў мясцовым татарынам. Сама беларуска, родам з суседняй вёскі Байкі. У Католышах жанчына пражыла ўсё жыццё, аднак у мячэці была два разы, калісьці па маладосці зазірнула з дзяўчатамі і на пахаванні свайго сужэнца.

Спадарыня Лёля, жыхарка вёскі Католышы, муж якой быў татарынам

«Калісьці, як яшчэ я дзяўчынай была, мы з дзяўчатамі з калгасу тут нешта рабілі на полі. Гной разбівалі ці што яшчэ. І ту бачым, прыехалі людзі, адчынілі мячэць. Яна ж у тыя часы зачыненая стаяла. І мы вырашылі паглядзець, што тамака. А мне ўсё так цікава было і я апошняя выйшла, то дзяўчаты ўсё з мяне рагаталі, што я, мусіць, за татарына замуж пападу, калі так інцерасуюся. Так і патрапіла», – прыгадвае спадарыня Лёля.

Хоць свёкар жанчыны быў мясцовым мулой, муж Юзік быў не надта практыкуючым мусульманскім вернікам. Савецкая барацьба з «опіумам для народа» дала свае вынікі. Традыцыя беларускіх татар у Католышах заняпала разам з закрыццём мячэці, якая шмат дзесяцігоддзяў пуставала.

«Я сама праваслаўная. Муж па-свойму, а я па-свойму, і мы ніколі не сварыліся. Святы ладзілі. Калі яго свята, я ўжо, што смачнейшае прыгатую, а потым на свае – Коляды, Вялікдзень. Так і жылі. Елі, што было. І свініну еў. А што, ёсць цяперака такія татары, што свініну не ядуць? Я не знаю. Сястра мужа ў горадзе жыла. Дык мы калі паршучка заколем, заўсёды ёй давалі. Яшчэ калі жыў мой хазяін, то мы прывозілі таго старога мулу з Іўя. І ён не супраць быў пахаваць па-нашаму. Апрануць у касцюм. Але стаў на яго месца той малады, новы, то не дазволіў. Пахавалі па-татарску, у мяшочку», – кажа жанчына.

Як прынята ў пахавальнай традыцыі беларускіх мусульманаў, нябожчыка закручваюць у белую прасціну – саван. Пасля малітвы над памерлым, цела нясуць на мізар, выкапаную магілу закладваюць дошкамі замест труны, пасля чаго закопваюць. Бытуе яшчэ адна цікавая традыцыя ў беларускіх татар. Прысутныя на паховінах прыносяць з сабой садагу – рытуальную ахвяру ў выглядзе цукерак, печыва і гальмы (салодкасць з мёду і мукі). Пасля малітвы садагой дзеляцца з тымі, хто прыйшоў.

«Я не камуніст і ў святых не разбіраюся»

Спадар Антось 93 гады жыве пад самымі могілкамі і мячэццю ў Католышах. Сам ён татарын на палову, але бацька ў мячэць не хадзіў.

«Бацька ўмеў толькі піць і дзяцей пладзіць. У мячэць бацька не хадзіў. Можа, на святы толькі. Памятаю, што калі пост быў, то ў нас у хаце ніводнай шкваркі некалькі тыдняў не было, толькі з кароўкі. Снашацца ў хаце забаранялася. Потым байрам святкавалі. Быка заколвалі. Бывала наедуць людзі і ўжо галосяць у мячэці. У нас тут крынічка цячэ побач, то жанчыны пакуль не падмыюцца, то маліцца не ідуць. Мустафа не пускае», – жартуе спадар Антось.

93-гадовы жыхар вёскі Католышы, спадар Антон, напалову татарын

Такое рытуальнае абмыванне, якое ўзгадвае старэйшы жыхар Каторыш, у беларускіх татар называецца – гусель. Пасля таго, як усё цела будзе вымытым, вернікі «гуслююцца», г.зн. чытаюць адмысловыя малітвы. Існуе яшчэ меншае абмыванне для не такіх сур’ёзных грахоў і хатняй малітвы, якое называецца абдэсь. Пра святую магілу старэйшы жыхар Католыш не ведае, хоць усё жыццё пражыў пад могілкамі:

«Ведаеце, я не камуніст і ў святых таксама не разбіраюся. Я ў мячэць не хажу, не малюся. Тут раней стораж быў. Прыходзіў часам. Якаўчык, крышку ёсць? Ну… дык набожныя ж? Давай усё роўна! Вып’е чарку, з’есць яешні і далей ідзе старажаваць».

«Прыязджаць прыязджалі, але параўноўваць з Меккай нельга»

Па дарозе назад, мы заехалі ў наваградскую мячэць. Акурат была пятніца, дзень, калі служыцца «джумя» – пятнічная малітва. Мула наваградскай мячэці – татарын родам з Клецку. Якуб Іосіфавіч Александровіч, распавёў, што ў Лоўчыцах татар фактычна не засталося, а сама практыка пакланення святому ў магіле з ісламам не звязаная.

Мула мячэці ў Наваградку Якуб Іосіфавіч Александровіч

«Калі нехта браў зямлю з магілы і вёз да хаты, то ён не ведаў, што рабіў. Гэтага ў ісламе няма і гэта не прынясе ніякай карысці. Прыязджаць прыязджалі, але параўноўваць з Меккай, ні ў якім разе нельга. Вы бачылі, што там дарожка бетонная да магілы. Акрамя, гэта адна з самых старажытных у Беларусі мячэцяў, – месца важнае для мусульманаў, але гэта не месца паломніцтва. Да таго ж, там ужо не засталося мусульманаў. Апошні памёр у мінулым годзе. А хто побач жыве, гэта звычайнае мясцовае насельніцтва», – тлумачыць мула.

Не зважаючы на тое, ці праўдзівая легенда пра Контуся і яго магілу, ці не, некалькі разоў на год, на святы Лоўчыцкая мячэць адчыняе свае дзверы. Мула спявае азан і кліча вернікаў на малітву. Прыезджыя татары наведваюць магілы сваіх блізкіх. А драўляная мячэць і стары мізар нагадваюць пра ўнікальную культуру беларускіх татар, якая здолела вытрываць, не зважаючы на непрадказальныя і часта даволі сумныя, павевы гісторыі.

Лоўчыцкая мячэць недалёка вёскі Католышы. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Стары лоўчыцкі мізар каля мячэці. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў