«Ён быў жывою легендаю». Згадваем спачылага мітрапаліта Філарэта


Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі на паніхідзе патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II.
Фота: Krasilnikov Stanislav / TASS / Forum

12 студзеня, а 12:13 паводле менскага часу, памёр праваслаўны мітрапаліт Філарэт – ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Пакуль краіна развітваецца з іерархам, мы склалі царкоўны і грамадскі партрэт памерлага.

Будучы мітрапаліт Кірыл Вахрамееў нарадзіўся ў 1935 годзе ў Маскве ў купецкай сям’і, якая ў 1913 годзе атрымала дваранства. У 1959 годзе стаў манахам з імем Філарэт, а праз два гады святаром. У 1965 годзе яго пасвяцілі ў епіскапы. У 1975 годзе Філарэт быў прызначаны мітрапалітам Берлінскім і Сярэднееўрапейскім.

У 1978 годзе Філарэт быў прызначаны мітрапалітам Менскім і Беларускім. Кіраўніком Праваслаўнай царквы ў Беларусі ён заставаўся да 2013 года. Адначасова да 1984 года займаў пасаду Патрыяршага Экзарха Заходняй Еўропы і старшыні Аддзелу вонкавых царкоўных стасункаў Маскоўскага Патрыярхату з 1981 да 1989 года. У 1990–1995 гады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі.

Развітанне з мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Менск, Беларусь. 13 студзеня 2021 года.
Фота: ЛП / Беласт

Мітрапаліт Філарэт займаўся стварэннем і разбудовай Беларускай праваслаўнай царквы, арганізацыяй багаслоўскіх навучальных установаў. Пры ім быў адноўлены Крыж Еўфрасінні Полацкай, у царкоўны каляндар унесенае новае свята – Сабор Беларускіх святых, арганізаваны пераклад Бібліі на сучасную беларускую мову.

Ён спрыяў развіццю дыялогу

Як заявіла ў каментары «Белсату» праваслаўны багаслоў, эксперт у справах рэлігіі Беларусі Наталля Васілевіч, мітрапаліт Філарэт быў адной з ключавых хрысціянскіх асобаў ХХ стагоддзя не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Яна падкрэсліла, што і сёння «на сусветным узроўні імя мітрапаліта Філарэта вядомае не толькі ў праваслаўі, але і па-за яго межамі». А ў Беларусі, паводле яе, немагчыма знайсці ў мінулым стагоддзі чалавека, які б гэтак жа паўплываў на структуру, змест і царкоўнасць Беларусі.

«Чалавек 35 гадоў узначальваў Беларускую праваслаўную царкву. Быў яе лідарам і аўтарытэтам. Многія беларусы іншага праваслаўя і не бачылі. Калі ў 2013 годзе яго адправілі ў адстаўку, некаторыя людзі нават думалі, што Філарэт – гэта пасада. Яны пыталіся, хто будзе наступны Філарэт? Царква і Філарэт ішлі разам», – падкрэсліла багаслоў.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл з кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы Філарэтам падчас ягонага візіту ў Менск, 14 кастрычніка 2012 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Наталля Васілевіч адзначыла, што спачылы мітрапаліт згуляў вялікую ролю і для Расейскай праваслаўнай царквы. Гэтак, яго двойчы вылучалі на патрыяршы пасад, ён ачольваў вызначальныя аддзелы – вонкавых царкоўных стасункаў, дзе згуляў значную ролю ў арганізацыі святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русі ў 1988-м, а затым – багаслоўскую камісію РПЦ, дзе «фактычна вызначаў кірунак багаслоўскага развіцця царквы».

«І гэты кірунак уключаў адкрытасць да дыялогу, добрую адукацыю для святароў і вернікаў. Ён спрыяў развіццю багаслоўскага дыялогу, багаслоўскага пошуку. І ягоная спадчына для Расейскай праваслаўнай царквы застаецца актуальнай і да сёння», – адзначыла багаслоў.

Для яго існавала Беларусь

Нягледзячы на ўсю сваю, так бы мовіць, сусветнасць, мітрапаліт Філарэт быў вельмі лакальны, мяркуе Наталля Васілевіч.

«Ён бачыў Беларусь. Беларусь для яго існавала. Ён пра Беларусь казаў. Ён Беларусь прасоўваў. І цяпер, калі ты ездзіш на розныя праваслаўныя падзеі і кажаш там пра Менск, у людзей адразу ўзнікае асацыяцыя з Філарэтам. Нягледзячы на тое, што ён ужо доўгі час не займаў ніякай пасады», – сказала яна.

Гэтак, мітрапаліт, на яе думку, выступаў за адэкватную публічную прысутнасць царквы. Таму хоць дзяржаўнымі органамі не віталася тэма адмены смяротнага пакарання, мітрапаліт Філарэт трымаўся яе даволі грунтоўна. Для яго было важна засведчыць некаторыя ідэі і каштоўнасці, падкрэсліла Наталля Васілевіч.

Мітрапаліт Філарэт і Аляксандр Лукашэнка падчас святкавання Вялікадня, 11 красавіка 1999 года.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Багаслоў нагадала, што ў Беларусі спачылы іерарх стаў заснавальнікам сярод іншага багаслоўскага факультэту Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, які арыентаваўся на прыклад еўрапейскай багаслоўскай адукацыі ды на найлепшыя ўзоры навуковага і багаслоўскага пошуку.

«Прыязджалі самыя крутыя багасловы, якіх толькі можна было паклікаць. Я думаю, што ў свой час мітрапаліт Філарэт мог любога Папу Рымскага ў Беларусь прывезці, арганізаваць любы праваслаўны сабор», – мяркуе Наталля Васілевіч.

Агулам, паводле яе, статус Беларускай праваслаўнай царквы ў свеце быў забяспечаны мітрапалітам Філарэтам, які ў тым ліку пасылаў святароў у бясконцыя замежныя стажаванні ў еўрапейскія краіны. Цяпер жа, паводле яе, Інстытут тэалогіі БДУ перажывае вялікі крызіс і «фактычна ператвараецца ў хабзу». Але засталіся людзі, якія былі выхаваныя ў той час.

«Так што эфект ёсць, спадчына мітрапаліта Філарэта ёсць. Гэта ўсё не прайшло дарэмна. Магчыма, яно трошкі ў іншых формах. Магчыма, выпускнікі 1990-х – пачатку 2000-х не зусім упісваюцца ў сучасную сістэму царкоўную. Гэтак, мітрапаліт Павел свае парадкі насаджаў і знішчаў праекты, створаныя мітрапалітам Філарэтам. І мітрапаліт Веніямін у яшчэ больш шырокім маштабе працягвае гэтую справу знішчэння вольнага праваслаўя, якое ўзнікла пры мітрапаліту Філарэту. У мітрапаліта Веніяміна зусім іншы падыход да рэлігіі, зусім іншыя прыярытэты – духоўнасць, малітва, пост. А ў мітрапаліта Філарэта ўсё ж быў багаслоўскі пошук, дыялог з навукай і грамадствам», – робіць выснову Наталля Васілевіч.

Развітанне з мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Менск, Беларусь. 13 студзеня 2021 года.
Фота: ЛП / Беласт

Ён быў жывою легендаю

Таццяна Кузняцова, якая была супрацоўніцай інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы ў 2009–2020 гадах, у каментары belsat.eu назвала мітрапаліта Філарэта рэдкім прыкладам царкоўнага іерарха, «якога не толькі паважалі (не сакрэт, што некаторых не паважаюць), але і шчыра любілі – перадусім за чалавечнасць і інтэлігентнасць».

Развітанне з мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Менск, Беларусь. 13 студзеня 2021 года.
Фота: ЛП / Беласт

«Асаблівы піетэт да ягонай асобы я заўважала ў пакалення, якому цяпер 40+. Гэтыя людзі памятаюць, як уладыка прымаў літаральна ўсіх, знаходзіў для кожнага час і патрэбныя словы, не баяўся падтрымліваць творчыя ініцыятывы», – адзначыла яна.

Паводле яе, нават тыя з праваслаўных, хто ставіцца да ўладыкі больш стрымана, «таксама разумеюць, што сукупнасць ягоных дасягненняў – гэта вялікая частка і царкоўнай, і нацыянальнай гісторыі».

«Гэта і стварэнне Беларускага экзархату як асобнай адміністрацыйнай адзінкі (з раўнапраўным найменнем «Беларуская праваслаўная царква»), і адраджэнне гістарычных епархіяў, і ўсталяванне памяці Сабору Беларускіх святых, і працэсы кананізацыі хрысціянаў, пацярпелых ад савецкай улады, і заснаванне Менскай духоўнай акадэміі, і стварэнне, зыходзячы з замежных прыкладаў, тэалагічнага факультэту – спачатку на базе ЕГУ, потым БДУ. Усё гэта – своеасаблівая «залатая сума», страта любога з яе складнікаў будзе значным рэгрэсам», – падкрэсліла Таццяна Кузняцова.

Суразмоўца, якая ў 2009 годзе пасля філфаку БДУ прыйшла працаваць у рэдакцыю часопісу Менскай епархіі і тады ўпершыню ўбачыла мітрапаліта, адзначыла, што іерарх быў жывою легендай.

Развітанне з мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Менск, Беларусь. 13 студзеня 2021 года.
Фота: ЛП / Беласт

Улады і сілавікі не зрабілі высноваў

Ужо будучы на пенсіі, мітрапаліт Філарэт за вельмі рэдкімі выключэннямі служыў толькі ў дамавой бажніцы Менскага епархіяльнага ўпраўлення. Гэтыя службы заўсёды былі адкрытыя, і там заўсёды было шмат простых вернікаў, якія хацелі памаліцца побач з мітрапалітам Філарэтам.

«Балюча было назіраць за тым, як уладыка паступова слабеў: спачатку ён, як і належыць іерарху, узначальваў набажэнствы сам, потым проста маліўся ў алтары, у той час як службу здзяйснялі два святары. Пры гэтым, праходзячы (ці праязджаючы ў інвалідным вазку) па калідоры пасля службы, заўсёды дабраслаўляў людзей, сардэчна вітаўся са знаёмымі, калі бачыў дзяцей – пытаўся, як завуць. Такая ўвага вельмі кранала прыхаджанаў», – адзначыла былая супрацоўніца інфармацыйнага аддзелу.

Таццяна Кузняцова падкрэсліла таксама важнасць таго, што апошнім публічным зваротам мітрапаліта Філарэта было надрукаванае 31 ліпеня 2020 года пасланне з нагоды прэзідэнцкіх выбараў. У ім іерарх заклікаў грамадзянаў Беларусі не падымаць руку на брата, незалежна ад палітычных поглядаў трымацца закону, слухаць голас сумлення і быць людзьмі.

«Улада і сілавікі з гэтага паслання, як бачым, ніякіх высноў не зрабілі», – адзначыла суразмоўца, якая сама неўзабаве пакінула інфаслужбу БПЦ.

Развітанне з мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Менск, Беларусь. 13 студзеня 2021 года.
Фота: ЛП / Беласт

Працягнуў руку і сказаў: «Шалом!»

З цеплынёй пра спачылага мітрапаліта адгукаюцца і прадстаўнікі іншых беларускіх канфесіяў. Гэтак, галоўны рабін Рэлігійнага аб’днання супольнасцяў прагрэсіўнага юдаізму Грыгорый Абрамовіч згадаў сваю сустрэчу з іерархам у 2003 годзе падчас ушанавання памяці ахвяраў менскага гета.

«Мітрапаліт Філарэт не толькі прыйшоў у мемарыял «Яма», не толькі ўдакладніў, у які момант яму трэба прамаўляць, але і выступіў з глыбінёй душы і адкрытым сэрцам з нагоды памяці ахвяраў Галакосту. Ёсць у мяне і асабістыя ўражанні. Я, на той момант – малады рабін, толькі заступіў працаваць, і, напэўна, я павінен быў яму працягнуць руку і прывітаць, а ён быў першы: працягнуў і сказаў: «Шалом!» – успамінае Грыгорый Абрамовіч.

Развітанне з мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Менск, Беларусь. 13 студзеня 2021 года.
Фота: ЛП / Беласт

Паводле яго, нават пазней, калі стан мітрапаліта моцна пагоршыўся, ён знаходзіў сілы, каб узняцца і прывітаць людзей, пажадаць ім поспеху і дыялогу.

«Ён быў у дастатковай ступені адкрыты. Не дарма пра гэта пішуць і кажуць. Заўсёды можна быць больш адкрытым і менш адкрытым. Заўсёды можна зрабіць больш. Але не забывайма, у які час ён пачынаў, наколькі яму было няпроста і як шмат ён зрабіў для краіны ў плане хаця б будаўніцтва святыняў і падтрымання міжканфесійных стасункаў», – заявіў рабін.

Развітанне з Ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі мітрапалітам Філарэтам адбудзецца ў Свята-Духавым кафедральным саборы Менску і ва Успенскім Жыровіцкім манастыры. Пахаваюць яго ў Жыровічах 15 студзеня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў