Ярмошына: Лукашэнка сказаў, што трэба мадэрнізаваць Канстытуцыю


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што змены ў Выбарчы кодэкс могуць быць унесены падчас «мадэрнізацыі Канстытуцыі» – менавіта так яна патлумачыла спецпрадстаўніку Парламенцкай Асамблеі АБСЭ Кенту Харстэду, чаму падрыхтаваныя яшчэ год таму змены ў выбарчае заканадаўства так і не былі ўнесены.

Харстэд прыбыў сёння ў Менск з афіцыйным візітам.

«Напэўна, не вельмі карэктна тлумачыць чужыя дзеянні, але я паспрабавала яму растлумачыць гэта так, як разумею сама, – распавяла Ярмошына TUT.by, – Па-першае, кіраўнік дзяржавы яшчэ ў ліпені, сустракаючыся і з Харстэдом, і з іншымі прадстаўнікамі Парламенцкай асамблеі АБСЭ, сказаў, каб нас не прыспешвалі з мадэрнізацыяй нашага заканадаўства, з дэмакратызацыяй, мы да ўсяго прыйдзем сваім шляхам. Акрамя таго, прэзідэнт у размове са мной і іншымі выказваўся, што трэба думаць пра тое, што нам трэба нейкім чынам мадэрнізаваць нашу Канстытуцыю. Змяненне Канстытуцыі прадугледжвае і змену выбарчай сістэмы. Таму, думаю, кіраўнік дзяржавы ўзяў перапынак, каб асэнсаваць гэта. Бо спачатку трэба вырашаць пытанні будаўніцтва, а потым касметыкі, рамонту, чым і з’яўляюцца змены выбарчага заканадаўства».

Ярмошына не ўдакладніла, пра якую «мадэрнізацыі» ідзе гаворка.

Упершыню аб тым, што трэба падумаць аб змене Канстытуцыі Лукашэнка заявіў восенню 2016 года.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў