Ярмошына: 200 кандыдатаў паленаваліся нават скласці праграму


Па стане на 6 лістапада ў Беларусі налічвалася 523 кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – гэта на 37 чалавек менш, чым было зарэгістравана першапачаткова, распавяла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына падчас відэаінтэрв’ю ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Знялі свае кандыдатуры 29 чалавек, у дачыненні да дзесяці чалавек камісіі скасавалі рэгістрацыю за парушэнне заканадаўства. Адноўлены камісіямі і судом два чалавекі. Сёння Вярхоўны суд будзе разглядаць яшчэ адну скаргу кандыдата, чыя рэгістрацыя была раней адмененая.

Ярмошына заявіла, што з 523 кандыдатаў толькі 330 апублікавалі сваю перадвыбарчую праграму ў СМІ.

«А дзе яшчэ каля 200? Гэта значыць, яны паленаваліся нават скласці гэтую праграму і падаць яе СМІ. Не ўсе выступалі па тэлебачанні, радыё і ўдзельнічалі ў дэбатах. Нават у Менску, дзе ва ўсіх акругах больш за два кандыдаты, некаторыя дэбаты ішлі з удзелам двух кандыдатаў у дэпутаты. Гэта сведчыць аб тым, што гэтыя кандыдаты не маюць сурʼёзных намераў на абранне», – сказала старшыня Цэнтрвыбаркаму.

Некаторых кандыдатаў яна абвінаваціла ў тым, што яны «актыўныя выключна ў напісанні скаргаў і патрабуюць, каб выбарчыя камісіі за іх працавалі».

Асобных удзельнікаў кампаніі раней здымалі праз змест іхнай праграмы, агучаны падчас выступаў па тэлебачанні. Напрыклад, за намер ініцыяваць імпічмент Лукашэнкі. Аднак пра гэтыя выпадкі Лідзія Ярмошына нічога не сказала.

Hавiны
Выступ кандыдата ў дэпутаты знялі з эфіру за заклік да імпічменту Лукашэнкі
2019.10.23 10:16

Нагадаем, выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада, датэрміновае галасаванне распачнецца 12.га.

КА belsat.eu

Стужка навінаў