Які «морж» хутчэйшы. У Берасці прайшоў этап Кубка свету па спартовым зімовым плаванні


Як прайшоў этап Кубка свету па спартовым зімовым плаванні

Які «морж» хутчэйшы – вырашалі ў Берасці!?‍♀ Бррррр! ? Глядзіце, як прайшоў этап Кубка свету па спартовым зімовым плаванні:https://naviny.belsat.eu/news/yaki-morzh-hutchejshy-u-berastsi-prajshou-etap-kubka-svetu-pa-spartovym-zimovym-plavanni/

Opublikowany przez Белсат TV Niedziela, 24 listopada 2019

На дварэ каля нуля, тэмпература вады +8, людзі ў махровых халатах выходзяць з адміністрацыйнага корпусу Берасцейскага абласнога цэнтру алімпійскага рэзерву па веславанні, накіроўваюцца да вяслярнага каналу і лезуць у халодную ваду. Заплыў пачаўся.

Басейн для спаборніцтваў адгарадзілі на вяслярным канале.
Фота: Belsat.eu

21-23 лістапада ў Берасце прайшоў Кубак свету па спартовым зімовым плаванні. Амаль на марозе, у вельмі халоднай вадзе людзі спаборнічаюць – хто хутчэй праплыве пэўную дыстанцыю. За працэсам назіраюць цёпла апранутыя людзі, ратавальнікі і вадалазы – усё ж такі халодная вада рэч небяспечная. Хаця шмат удзельнікаў казалі нам, што вада цёплая і ў параўнанні з Мурманскам (у расейскім горадзе гэтымі днямі -23) у Берасці – проста тропікі.

Кантрасты зімовага плавання. Каб вытрымаць усе заплывы, суддзі ўцяплаюцца напоўніцу.
Фота: Belsat.eu

– Асаблівасць зімовага плавання ў параўнанні з плаваннем у басейне ў тым, што халадовая нагрузка значна вышэй, і таму вынікі будуць некалькі ніжэй. Але затое атрымліваеш непараўнальны зарад бадзёрасці. У басейне можна плаваць кіламетрамі, а тут так не атрымаецца. Шмат хто кажа, што першы раз страшна нырнуць у халодную ваду, але першы раз страшна практычна ў любой справе, другі і дзясяты раз ужо не страшна. Самае простае – прымай кожны дзень халодны душ. Вось табе і першы крок да зімовага плавання, – кажа «Белсату» берасцеец Аляксандр Кабанаў.

Берасцеец Аляксандр Кабанаў удзельнічае ў турніры ва ўзроставай катэгорыі 70+.
Фота: Belsat.eu

На этап Кубка свету па зімовым плаванні прыехалі ўсе мацнейшыя плыўцы з Беларусі, Польшчы і Расеі. Для расейцаў беларускія этапы – сапраўдная аддушына, бо ў іх краіне гэты від спорту афіцыйна не прызнаны, а вось Беларуская федэрацыя зімовага плавання працуе з 2015 года.

Вадалаз пільна назірае за спартоўцамі.
Фота: Belsat.eu

Каб займацца гэтым спортам, сапраўды трэба быць адважным чалавекам. У Берасці спартоўцы плылі дыстанцыі ад 25 да 1000 метраў. Цікавы момант, што ў адрозненні ад класічнага спартовага плавання ўсе старты робяцца не з тумбы, а з вады.

Заплыў на 50 метраў брасам.
Фота: Belsat.eu

– Я заўсёды любіла плаваць. Раней плавала ў басейне, на моры – як усе нармальныя людзі. А потым вырашыла паспрабаваць маржаванне. Усё пачалося з Вадохрышча – мне спадабалася гэтае адчуванне пасля выхаду з ледзяной вады, – кажа «Белсату» адна з лепшых беларускіх спартовак у гэтым відзе, жыхарка Менску Алена Бацяноўская.

Алена Бацяноўская (у ружовай шапачцы) удзельнічае ў заплыве на 25 метраў вольным стылем.
Фота: Belsat.eu

Пасля таго, як Алена даведалася, што ў Менску праводзяцца спаборніцтва па спартыўным зімовым плаванні, яна пачала ў іх удзельнічаць. Мянчанка адразу ўзяла прызавыя месцы, уступіла ў федэрацыю.

– Ужо трэці год займаюся. Што гэта мне дае? Здароўе і выдатны настрой, адчуванне эйфарыі, вось гэтае свята асабліва на спаборніцтвах, гэта проста непаўторнае задавальненне. Зараз жаданне паплаваць не залежыць ад надвор’я. Галоўнае – каб была вада і месца, дзе пераапрануцца, і кампанія, таму што па адным ні ў якім разе нельга хадзіць, – распавядае Бацяноўская.

Заплыў на 50 метраў брасам.
Фота: Belsat.eu

Прыехалі ў Берасце на спаборніцтвы і сапраўды легендарныя асобы. Напрыклад, 27 гадовая Асман Дэлібаш з Масквы, чые дасягненні сапраўды ўражваюць:

– Я трохразовая рэкардсменка свету па выжыванні ва ўмовах экстрэмальнага холаду – адна гадзіна ў палонцы, семдзесят і восемдзесят хвілін – у ледзяным кубе. Гэта ўсё сусветныя жаночыя рэкорды, – кажа дзяўчына.

Асман Дэлібаш падчас заплыву на 100 метраў вольным стылем.
Фота: Belsat.eu

Таксама Дэлібаш пераможца і прызёр шматлікіх міжнародных спаборніцтваў і кубкаў свету, уладальніца Кубка Беларусі па зімовым плаванні. Па прафесіі яна акторка драматычнага тэатру, каскадзёр, мае больш за 100 паспяховых трукаў у кіно, звязаных пераважна з ныраннем у ледзяную ваду, а таксама выратавальніца на водах.

Асман Дэлібаш на старце заплыву 100 метраў вольным стылем.
Фота: Belsat.eu

– Я займаюся чатырнаццаць гадоў. У Берасці я плыву ўсе дыстанцыі – ад кіламетру да 25 метраў. Вытрымліваю выдатна, арганізм падрыхтаваны. Галоўнае – стабільнае трэнаванне, падыходзіць разумна, слухаць свой арганізм, ніколі не скакаць вышэй за галаву і заўсёды сыходзіць з дыстанцыі, калі чуеце ў арганізме змены ў горшы бок, – дае парады Асман Дэлібаш.

Алесь Ляўчук, фота Мілана Харытонава Belsat.eu

Стужка навінаў