Як жыве сабака з коламі замест лапаў. Гісторыі ратавання жывёлінаў з безнадзейных сітуацыяў


Усіх гэтых жывёлінаў вырвалі з лапаў смерці. Нехта згубіўся, хтосьці з нараджэння жыў на дварэ, некага проста выкінулі. Але ім пашчасціла сустрэць неабыякавых людзей і знайсці дом. Аповеды пра тое, як любоў змяняе лёсы.

Ўіл на інвалідным вазку. «Ён не заслугоўваў смерці»

Яшчэ шчанюком, у ліпені 2018 года, гэтага сабаку збіла машына. Рыта, ягоная гаспадыня, якая з самага пачатку ім апякуецца, распавяла, што ён двое сутак праляжаў на абочыне, пакуль дачакаўся дапамогі. Рыта з сябрамі прывезла яго ў ветэрынарную клініку. Здымак паказаў, што зламаны хрыбетнік, сабака хадзіць не будзе. Лекары прапанавалі ўсыпіць. Але Рыта адмовілася: «Ўіл – вельмі добры сабака, і ён не заслугоўваў смерці».

Ўіл на інвалідным вазку

Дзяўчына знайшла доктара, які зрабіў Уілу аперацыю, паставіў адмысловую пласціну. Потым павезла сабаку на рэабілітацыю ў вёску. Валанцёры зрабілі для Ўіла вазок, каб ён мог гуляць. Ўіл дасюль жыве ў Рыты ў Менску, яна з ім займаецца, мяняе яму падгузнікі, ходзіць на адмысловую рэабілітацыю, плануе заняткі ў басейне.

«Жывёліны ўмеюць прабачаць». Гісторыі ратавання з Бабруйску

Пра Дану распавяла дырэктарка бабруйскага прытулку для жывёлінаў «Дабрадзейнасць» Ірына Кавалерава.

Дана пасля хваробы

«Напрыканцы кастрычніка 2017 года мне патэлефанавала жанчына, якая ехала з лецішча, і сказала, што каля вёскі Глуша пад Бабруйскам, недалёка ад прыпынку, ляжыць сабака. Не першы дзень ужо, людзі кідаюць хлеб, каўбасу, але ён адмаўляецца ад ежы. Мы выехалі ўжо зацемна, пасля 21-ай гадзіны. Прыехаўшы, пабачылі, што сабачку ўжо пакідалі сілы. На посцілцы мы перанеслі яго ў машыну і заўважылі, што ў яго не працуе задняя частка цела. Мы назвалі сабачку Данай і павезлі ў прытулак. Запрасілі да яе лекара, які прызначыў лячэнне. Уколы, таблеткі ды штодзённы масаж падзеялі. Паступова з’явілася адчувальнасць у задніх лапках, Даначка наноў вучылася хадзіць, набрала вагу, абрасла поўсцю і зноў стала шыкоўным сабакам. Крыху пазней яе забралі ў сям’ю».

Рыжулю валанцёры «Дабрадзейнасці» знайшлі на бабруйскім «Спецаўтапрадпрыемстве», якое займаецца адловам бадзяжных сабак. Але Рыжулю туды прынесла гаспадыня. Як яна патлумачыла, ён захварэў, а яна з фінансавых ды іншых прычынаў не магла яго ўтрымліваць.

Рыжуля ў клініцы
Рыжуля дома

«Мы ўбачылі такую карціну: у вальеры ляжыць сабака і сцякае крывёй, – распавяла Ірына Кавалерава. – Наўпрост з «залы чакання смерці» мы даставілі Рыжулю (такую мянушку мы ёй далі) у ветэрынарную клініку. Ей тэрмінова зрабілі аперацыю, але ветэрынар папярэдзіла, што, раз сабака згубіў шмат крыві, шанцаў на добры вынік мала. Але Рыжуля выжыла. Мы забяспечылі ей ператрымку, а пасля пастанавілі знайсці былую гаспадыню. Жанчына не магла паверыць, што ейная сабачка не толькі жывая, але і здаровая. Па слязах пакаяння гаспадыні і радасці сабакі мы пабачылі – жывёліны ўмеюць прабачаць».

Зубаціка ягоная сям’я таксама знайшла ў «Дабрадзейнасці». Ён з нараджэння бегаў па вуліцах Бабруйску. Гэтак трапіў на «Спецаўтапрадпрыемства», адкуль яго ўратавалі валанцёры.

Зубацік у прытулку
Зубацік дома

«Напэўна, пра яго думалі – які страшны сабака», – кажа дырэктарка прытулку. У Зубаціка дэфект прыкусу, ягоныя зубы бачныя звонку. Але гэта не спужала жанчыну з Санкт-Пецярбургу, якая пабачыла фотаздымкі Зубаціка на старонцы прытулку і вырашыла забраць сабе. Арганізавала яму пераезд з Бабруйску. «Цяпер гэта любімы, адданы, самы прыгожы і незвычайны хатні сабака», – кажа пра яго Ірына Кавалерава.

«Яна важыла 750 грамаў. Думалі – кацяня, аказалася дарослай коткай»

Алена з Жодзіна ратуе жывёлінаў ужо не першы год. Як яна сама кажа, атрымліваючы неблагі заробак, амаль усе грошы траціць на бадзяжных жывёлінаў. На пачатку сакавіка Алена знайшла ў падвале інтэрнату котку Ветачку. Такую мянушку жывёліна атрымала таму, што была як тая галінка – тоненькая.

Ветачка

«Там быў сапраўды адзін шкілет і скура на ім, – распавяла Алена. – Я яе павезла ў клініку, бо нават баялася яе карміць. Там яе найперш узважылі. Вага была 750 грамаў. Я спачатку думала, што гэта кацяня 5–6 месяцаў. Але лекарка, паглядзеўшы на ейныя зубы, сцвердзіла, што гэта дарослая котка, недзе паўтара года ёй. У яе было моцнае знясіленне. Тэмпература цела была 33 градусы пры норме 38–39 у катоў. За двое сутак у клініцы яна набрала 120 грамаў. Але трымаць яе там было вельмі дорага – каля 40 рублёў на дзень, нават запазычанасць набегла. У мяне Ветачка пабыла тры дні на ператрымцы, пакуль я шукала годных гаспадароў. Цяпер у сям’і яна ад’ядаецца, паціху прыходзіць у норму, ужо навучылася на канапу заскокваць».

Дома ў Алены таксама жывуць восем выратаваных ад нягодаў вулічнага жыцця катоў.

Чорны прыгажун Кузя ёй трапіўся ў красавіку мінулага года, яму было не больш за два месяцы. Кацяня было настолькі з’едзенае блохамі, што на ім амаль не было поўсці. Алена вытравіла яму тых блох, кот аброс поўсцю, вырас. Не пазнаць цяпер, заўважае гаспадыня.

Кузя пасля таго як яго знайшлі
Кузя сёння

«Я не магу спакойна праходзіць міма іх усіх, – кажа Алена. – І не магу зразумець, чаму ў нас не прынята стэрылізаваць жывёлінаў, каб не пладзіліся гэтыя няшчасныя бяздомныя. А з імі яшчэ і змагаюцца, падвалы закрываюць. Блохі нібыта. Але ж гэтыя каты не толькі грэюцца ў падвале, але і ад крыс людзей ратуюць».

Па рацэ плыў пакет, а ў ім пішчалі нованароджаныя шчанюкі

Трагічную і адначасова шчаслівую гісторыю ратавання сабачкі Варажкі распавяла Марыя з Менску.

Варажка пасля ўратавання
Варажка сёння

«Сын знаёмай гуляў з дзяўчынай у кастрычніку каля рэчкі, пачуў піск і адважна вылавіў з ракі пакет. У ім – сямёра нованароджаных шчанюкоў. Некалькі сабачак памерлі адразу, астатніх адвезлі да адной самаадданай жанчыны, якая мала таго, што ўсю гэтую кампанію прыняла, дык яшчэ і цалкам апекавалася: карміла кожныя дзве гадзіны, давала лекі. Нават праводзіла рэанімацыю. Але, на жаль, выжылі толькі трое. Яны і атрымалі імёны: Макрэц, бо пакідаў пасля сябе лужыны, Атос, бо самы вялікі і «заўсёды цягнуўся да бутэлькі», і Варажка – проста Варажка, як уяўная сабачка з савецкага мульціку. На жаль, Макрэц усё ж такі памёр. А мы хоць і не планавалі заводзіць сабаку, але ва ўзросце 4-ох месяцаў Варажка пераехала да нас. Яна разумная, самы ласкавы і добры на свеце сабака».

Бабруйскае абʼяднанне аховы жывёлаў «Дабрадзейнасць» працуе з 2009 года. У склад арганiзацыi уваходзiць адзiны у горадзе прытулак для бадзяжных жывёлаў. Зараз у iм утрымлiваюцца каля 250 сабак. У хуткiм часе валанцёры будуць прымаць i котак – да канца вясны плануецца пабудаваць для iх адмысловае памяшканне.

Марына Маўчанава belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары