Як Русалка ўцякала ад мужыкоў у жыта. Фантастычны абрад на Палессі


Русалак у старажытнасці палешукі баяліся, але і не грэбавалі звяртацца да іх па дапамогу ды паважалі за цнатлівасць.

У нядзелю напрыканцы Гранога тыдню (які яшчэ на Палессі наздаюць русальным) паводле старажытных паверʼяў русалкі вяртаюцца ў азёры і рэкі. А да гэтага часу вадзянік вызваляў душы нябожчыкаў, перадусім дзеўчын, ці дзетак якія памерлі, не зведаўшы зямнога кахання, сям’і і мацярынства.

Іхныя душы выходзілі з вады гуляць па вёсцы, гушкаліся на бярозах, заманьвалі маладых мужчынаў сваёй нябеснай прыгажосцю і чароўным позіркам. Потым, калі тыя паддаваліся іх чарам, твары русалак ператвараліся ў твары старых жанчын з вачыма смерці і хлопцы ці мужыкі звычайна пужаліся да смерці. Таксама русалка магла запалохаць ці засмяшыць да магілы таксама і маленькіх дзетак.

Каб выклікаць дождж ды атрымаць добры ўраджай, у вёсцы Вялікі Бор русалку праводзілі ў жытняе поле. На ролю Русалкі абіралі маладую прыгожую дзяўчыну, ці наадварот, старую жанчыну, што засядзелася ў дзеўках.

Русалку ўпрыгожвалі лісцем папараці, ліпы ці бярозы ды кветкамі. Дзеўкі і жанчыны рабілі вянкі для сабе, русалкі, а таксама адзін вялікі вянок для ўсіх жыхароў вёскі.

Традыцыйна Русалку ахоўвалі два хлопцы з ахапкамі крапівы ў руках. Разам з імі ішлі жанчыны з вянкамі ды спявалі адмысловыя русальныя песні.

Ля жытняга поля разводзяць вялікае вогнішча, вакол якога спачатку водзяць карагоды са спевамі, а потым жанчыны праносяць вялізны вянок над агнём, ачышчаючы яго. Пасля гэтага распачынаецца дзяльба – кожны імкнецца набраць як мага больш лісця з вянка, бо гэтае лісце, калі пакласці яго ў агародзе, гарантуе гаспадарам багаты ўраджай.

Следам за вянком абрывалі і Русалку, у той час калі яна спрабавала збегчы ў жыта ад мужыкоў і хлапцоў. Ахоўнікі, «узброеныя» крапівою, усяляк імкнуліся абараніць Русалку.

 

У сучасным Вялікім Бару, абрад сканчаецца тады, калі з Русалкі абарвалі ўсё лісце. Усе ахвотныя могуць яшчэ ачысціцца ад нечысці праз скокі на вогнішчам.

Людзі з аднаго боку баяліся русалак, а з іншага – паважалі іх, бо верылі, што гэта душы тых, хто памёр у цноце. Лічылася, што русалкі маглі прынесці ў час спякоты дажджы і ўвогуле паспрыяць добраму ўраджаю, жаночай пладавітасці.

Абрад «Провады Русалкі» у Вялікім Бары ўжо атрымаў статус нематэрыяльнайгісторыка-культурнай каштоўнасці, а яго захавальніцы мясцовыя жыхаркі Галіна Харошка, Ганна Сачанка, Жанна Харошка і Эмма Кузьменка лічаць, што праводзіць Русалку мясцовыя жыхары штогод будуць і далей, таму што ў Вялікім Бары ўлетку заўсёды бракуе дажджу, і надзея на дапамогу Русалкі ніколі не знікае.

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў