Як нядобранадзейнага выкладчыка прызвалі ў войска «партызанам» ды… ў той жа дзень адпусцілі


Гомельскі гісторык ды краязнаўца Яўген Малікаў быў асуджаны на 5 содняў па арт. 23.34, звольнены з універсітэту, а пасля нечакана атрымаў яшчэ і позву ў войска. Але нешта пайшло не так. Яўгена Малікава адпусцілі дадому з даведкай, што ён «праходзіў ваенныя зборы ў рэзерве ў колькасці адзін дзень».

Яўген Малікаў.
Фота: архіў героя

16 год без вымоваў і дзве за адзін тыдзень

Саракагадовы Яўген Малікаў шаснаццаць год адпрацаваў у Беларускім Дзяржаўным універсітэце транспарту (БелДУТ). Дацэнт кафедры «Архітэктура і будаўніцтва», кандыдат мастацтвазнаўства.

Яўген – выкладчык, які не хаваў сваёй грамадзянскай пазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў: хадзіў на маршы, актыўна выказваўся ў сацсетках на грамадска-палітычныя тэмы, атрымаў 5 содняў арышту за «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Вядома, гэта ўсё не падабалася кіраўніцтву ўніверсітэту. Яўгену вынеслі дзве вымовы і звольнілі з універсітэту.

– Працэс звальнення ўяўляў сабой цэлую камбінацыю, асновай якой стала вынясенне мне кіраўніцтвам універсітэту двух вымоў цягам васьмі дзён, пры тым што за папярэднія 16 гадоў працы не было ўвогуле ніводнай.

Яўген Малікаў з былымі студэнтамі.
Фота: архіў героя

Першую вымову Яўген Малікаў атрымаў за іранічны пост пра вусы на асабістай старонцы ў сацсетках – выкладчык разважаў пра ролю вусаў у стасунках паміж людзьмі ў Беларусі.

Другую ж вымову вынеслі за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве», за што Яўген ужо панёс перад дзяржавай пакаранне ў выглядзе 5 содняў арышту.

– Гэта ўжо старая гісторыя, але… Некалькі дзён таму ў БелДУТе была створаная спецыяльная камісія, якая разгледзела факт майго ўдзелу і затрымання ў ІЧУ, склала акт, у якім апісала, што выкладчык парушыў заканадаўства, пра гэта ён яшчэ некарэктна выказваўся і ў сацсетках, хаця ў абавязкі выкладчыкаў, згодна пасадавай інструкцыі, уваходзіць не толькі адукацыйная, але і выхаваўчая функцыя, – апісвае здарэнне Яўген. – Да таго ж выкладчык Малікаў Я.Р. яшчэ і куратар групы. Яго выказванні ў інтэрнэце могуць аказаць негатыўны ўплыў на выхаваўчы працэс. У сувязі з гэтым аб’явіць Малікаву Я.Р. вымову і адхіліць Малікава Я.Р. ад выканання працоўных абавязкаў 18.11.2020.

І наступным загадам ад 18.11.2020 было звальненне Малікава Я.Р. з БелДУТа з 19.11.2020 г. на аснове двух вымоў.

Яўген Малікаў на раскопках будучай будоўлі стадыёна на вуліцы Сожскай у Гомлі, дзе раней былі габрэйскія могілкі.
Фота: архіў героя

Усё выключна па законе

Праз тыдзень, 26 лістапада, Яўген Малікаў нечакана атрымаў позву ў войска. Юнаком Яўген быў прызнаны не годным да вайсковай службы па зроку. Таму прызыў на вайсковыя зборы агаломшыў былога выкладчыка.

– Безумоўна, усё выключна па законе. Праўда. І ў мяне няма ніякіх прэтэнзіяў ні да праходжання медкамісіі, ні да ваенкамату. Я ўсё разумею. Медкамісія – куды яны мяне толькі не адпраўлялі на абследаванні! Якія я аналізы толькі не здаваў! І зонд глытаў, і біяпсію яны бралі, і на веліку я ездзіў, і рэнтгенамі мяне прасвечвалі! Усё паглядзелі! Нават новыя хваробы пазнаходзілі! Аб’ектыўна па здароўю я стаў горш, чым быў у 18 гадоў, але аб’ектыўна па законе цяпер я годны для службы! Сітуацыя нагадвае прыгоды героя фільма «Жыве Беларусь!»

«Вы не трэба, ідзіце ў аўтобус!»

Да службы ў войску Яўген Малікаў паставіўся адказна: знайшоў часовы прытулак для свайго ката, сабраў вялізны заплечнік рэчаў і ежы, прачытаў парады, якія давалі сябры, што раней ужо бывалі на зборах.

Далей падзеі развіваліся імкліва. З гомельскага ваенкамату Яўгена разам з іншымі «партызанамі» павезлі ў вайсковую частку пад Добруш. Але Яўгена Малікава нават не выводзілі з аўтобуса.

Яўген Малікаў са студэнтамі ў БелДУТе.
Фота: архіў героя

Мужчына мяркуе, што гэта невыпадкова, што гэта за «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

– Выкажу асцярожнае меркаванне: мінулы вопыт прызываў паказаў ідэолагам вайсковай часткі, што на занятках па палітпадрыхтоўцы (ці як яна там у іх называецца) пры наяўнасці «кліента 23.34», ідэолагі абсалютна прайграюць бітву за душы вайсковаабавязаных, – кажа Яўген Малікаў. – Відаць, пабаяліся не вытрымаць ідэалагічнай канкурэнцыі.

У ваенкамаце былы выкладчык пазнаёміўся яшчэ з адным рэзервістам Сяргеем, якога таксама «забракавалі». У адрозненні ад Яўгена, з аўтобусу ён выйшаў. Мужчын выстраілі ў шарэнгу і спыталі, ці быў нехта пакараны адміністрацыйным арыштам або хадзіў на мітынгі. Сяргей яшчэ з адным хлопцам выйшлі наперад. На што ім сказалі: «Вы не трэба, ідзіце ў аўтобус!»

Яўген Малікаў падчас выступу на гомельскіх курсах «Мова нанова».
Фота: архіў героя

Пасля таго, як «адбор» быў скончаны, гісторык Яўген Малікаў атрымаў даведку, што ён «з 30 лістапада па 30 лістапада 2020 года праходзіў ваенныя зборы ў колькасці адзін дзень у вайсковай частцы 11724».

– Ну што, блін, дажыўся, нават і ў войска браць не хочуць. А я ж казаў дзеўчынам, што пад новы 2021 год прыму прысягу, адслужу, як трэба, і вярнуся. І буду пасля гэтага 100% мужыком. Заклікаў іх чакаць, – абураецца Яўген на сваёй старонцы ў фэйсбуку. – Можа ўвесну забяруць! Наступныя зборы пачынаюцца з сакавіка. А там ужо сітуацыя пакажа, глядзіш, «або ішак, або падзішах… ». Улічваючы, што ў нас падзішаха няма, ну, можа, тады хоць наш ішак.

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў