Як мяняўся вобраз Святланы Ціханоўскай: ад хатняй гаспадыні да элегантнай лэдзі


У сярэдзіне траўня гомельскаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму адмовілі ў рэгістрацыі заявы на ўдзел у выбарах. У той жа дзень дакументы ў ЦВК падала ягоная жонка Святлана Ціханоўская. 15 траўня сталася пачаткам незваротных пераменаў у ейным жыцці і ейным абліччы. «Белсат» размаўляў з людзьмі, якія працавалі над стылям Святланы.

Аб жонцы блогера было вядома мала – Святлане 38 гадоў, яна перакладчыца паводле адукацыі і хатняя гаспадыня, якая выхоўвае дваіх дзяцей. Выглядала яна ў гэты дзень проста – джынсы, кашуля, сабраныя ў пучок валасы. Яна была, бадай, самым неспрактыкаваным палітыкам з усіх вылучэнцаў у прэзідэнты, але за кароткі час паспела паспела замацаваць за сабою фірмовы колер – белы.

Святлана Ціханоўская падала дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы на выбарах-2020.
Фота: Уладзь Грыдзін / RFE/RL

Хатняй гаспадыні і маці давялося ўзяць на сябе абавязкі мужа не толькі ўдома, але і працягнуць ягоную справу пасля таго, як той трапіў пад варту. Святлана стала жанчынаю, вакол якой аб’ядналіся штабы наймацнейшых альтэрнатыўных вылучэнцаў, якім Лідзія Ярмошына адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатамі – Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі.

Тытульнае фота Святланы на профілях у сацыяльных сетках.

Разам з ростам яе папулярнасці і адказнасцю змяняўся ейны стыль. Фатаграфіі да пачатку актыўнага грамадскага жыцця паказваюць сціплую жанчыну, якая не надта цікавіцца модаю. Але з кожным этапам кампаніі, з кожным новым інтэрвʼю ўпэўненасць Святланы прыкметна ўзрастае і разам з ёю фармуецца стыль. Строгі цёмна-сіні камбінезон у дзень рэгістрацыі кандыдаткаю заяўляе пра цвёрдасць намераў.

Святлана Ціханоўская накіроўваецца ў ЦВК.
Фота: kp.by

Пад час першых інтэрвʼю Святлана апранала кашулі з прынтамі ў дробную кветачку, якія падкрэслівалі жаноцкасць.

Святлана Ціханоўская у памяшканні штабу Віктара Бабарыкі ў Менску. Фота з Інстаграм

Пад час абʼяднання трох штабоў кандыдатка пераапранулася ў белую сарочку, якая нагадвае вышыванку. І ўжо неўзабаве белы колер стаў візітнаю карткай Святланы і яе кампаніі – за чытае сумленне, праўдзівы падлік галасоў і справядлівасць.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Ваўкавыску.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Як публічны дзеяч Святлана пачатку раскрывацца дзякуючы намаганням абʼяднанага штаба: ёй зрабілі першую іміджавую фотасесію, з ёю пачаў працаваць трэнер па аратарскім майстэрстве. На змену простым блузкам прыйшлі касцюмы-оўвэрсайз, расслабленыя па кроі блузы, зʼявілася адважнае спалучэнне красовак з дзелавымі штанамі.

Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю выданню Наша Ніва. Фота з Інстаграм Ціханоўскай

Святлана выкарыстоўвае мінімум біжутэрыі, не робіць яскравага макіяжу, аддае перавагу лаканічным ліням і актуальнаму крою. У яе стылі ёсць спалучэнне далікатнасці жанчыны з рашучасцю ў рэчах быццам з мужчынскага пляча. Belsat.eu размаўляў з людзьмі, якія працавалі над стылям Святланы падчас фотасесіяў і запісаў відэазваротаў.

«Яна хавала пальцы без манікюру – гэта было вельмі кранальна»

«Са Святланай нам удалося папрацаваць на фотасесіі для яе перадвыбарных плакатаў літаральна хвілін 30, – распавялі фатографы Юлія і Яўген Канаплёў-Лейдзік. – Калі мы зайшлі ў студыю, яна была вельмі заплаканай, нервовай, ёй наагул было не да фотасесіі. Гэта як раз быў той момант, калі яна была вымушаная вывезці сваіх дзяцей за мяжу. Хацелася падысці і пашкадаваць яе, прытуліць. Уразіла тое, што ў Святланы не было манікюру. Яна хавала пальцы без манікюру – гэта было вельмі кранальна. Было бачна, што ўсялякія «дзявочыя» моманты яе на тым этапе не хвалявалі. Яна не імкнулася быць у кадры прыгожаю і пяшчотнай. У яе ў вачах і ў жэсце быў пасыл сілы і моцная энергія».

Святлана Ціханоўская ў замежжы. Фота з Інстаграм Ціханоўскай

Калі фатографы ўбачылі, што ёсць кадр, і сесія атрымліваецца, сказалі:

«Вось, Света, клас! Ты такая прыгожая тут! На што яна адказала: «Ды ну, перастаньце, вы ўсім кліентам так кажаце!»

Фатографы заўважылі, што ў яе ёсць ямачкі на шчоках пры ўсмешцы і што прыгожыя скулы. Звярталі ёй увагу, якая яна эфектная, але ёй было складана ў гэта паверыць.

«Потым яна адкрылася, троху адпусціла сітуацыю, якая не давала ёй расслабіцца. І дзесьці хвілін 5-6 у нас было, калі рабілі працу супольна і адчуваўся давер. У гэты час мы зрабілі самыя прыгожыя кадры».

Юлія і Яўген назіраюць за працэсамі ў краіне і за лёсам Ціханоўскай. Кажуць, што ім прыемна глядзець на моцную, прыгожую жанчыну, якая выклікае захапленне. І падабаецца, што яна апранае красоўкі.

«Такая па сапраўднаму еўрапейская бізнес-лэдзі. І прысутнічае такая сучаснасць, да якой мы ўсе імкнемся. Нам здаецца, што на змену стылю паўплывала і нашая фотасесія. Яна паглядзела на сябе па-іншаму і нават казала, што мы яе раскрылі візуальна як асобу, як чалавека».

Святлана Ціханоўская ў Берліне за дзень да першага спаткання з Ангелаю Мэркель. Фота з Інстаграм Ціханоўскай

Майстры лічаць, што пазаванне для праўдзівага партрэту – гэта псіхалагічная тэрапія, вызваленне ўсіх унутраных праблем і шчырае паказванне сябе аб’ектыву.

«Хацелася дадаць белага таму што гэта колер суфражыстак»

«За некалькі месяцаў Святлана Ціханоўская з хатнія гаспадыні ператварылася ў жанчыну-палітыка. Змены ў ейным стылі відавочныя. Гэта ўплыў маёй працы, і, магчыма, некага яшчэ, – кажа стылістка Рэгіна Паляйчук. – Мне хацелася падкрэсліць тое, што Святлана прыйшла ў палітыку па сутнасці з-за мужа. Таму на ёй кашуля мужчынскага крою. Выгляд больш мужны. Пры гэтым хацелася дадаць белага, таму што гэта колер суфражыстак, колер барацьбы. Як яшчэ назваць тое, што яна робіць як не барацьбою?»

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткаю Славакіі. Фота з Інстаграм Ціханоўскай

Рэгіна Паляйчук кажа, што Святлана выбірала вопратку беларускіх дызайнераў. Зараз – апранаецца ў стылі дзелавога адзення палітыка. Але яна можа выглядаць і больш жаноцка. Гэта відаць пасля яе сустрэчы з прэзідэнтам Эмануэлем Макронам, калі яна апранулася ў белае паліто і не строгую блузку. І калі была ў Нямеччыне, паказвала вельмі прыемныя вобразы: нюдавые штаны, вадалазка і паліто ў колер. Гэта вельмі выдатна выглядае. Адначасова і стылёва, і строга, і ня робіць вобраз надта строгім. Зараз Святлана выбудоўвае новы – мяккі, спакойны, інтэлігентны вобраз. У яе гардэробе зʼявілася некалькі нядрэнных касцюмаў, ёсць выдатныя паліто.

ІК Belsat.eu

Стужка навінаў