«Я пабачыў, як для нас рыхтуюць канцлагер. Думаў, нас прывезлі, каб забіць»


54-гадовы мянчук Вадзім Паддубскі быў затрыманы ўвечары 9 жніўня. Ён распавёў belsat.eu пра катаванні, якія перажыў і пабачыў у аўтазаку, на Акрэсціна, а таксама падчас транспартавання ў Слуцк.

«Жывёліны, усім ляжаць!»

У тую нядзелю адразу пасля выбараў прэзідэнта Вадзім быў у раёне Нямігі. У пэўны момант амапаўцы адціснулі людзей, з якімі быў мужчына, у бок скверу Адама Міцкевіча. Перадаем аповед менчука пра тое, што адбывалася далей.

«Гэта была ўжо амаль ноч. У скверы ў нас пачаў страляць спецназ. Ляцелі гумавыя кулі, выбухалі святлошумавыя гранаты. Побач я ўбачыў мужчыну, у якога была вырваная скура на галаве. Потым яны пусцілі слезацечны газ. Не было чым дыхаць. Мы пабеглі.

Вадзім Паддубскі. Фота прадстаўлена героем публікацыі

Каля тэатру імя Горкага мы трапілі ў ачапленне. Наперадзе былі салдаты, ззаду, у дыме ад гранатаў рухалася калона спецназаўцаў на машынах. Выглядала, як у кіно пра фашыстаў.

Нехта спрабаваў збегчы, пералезці праз браму каля тэатру. Я зразумеў, што не змагу, бо мне далёка ўжо не дваццаць гадоў. Я сеў на прыступкі і назіраў за тым, што адбываецца. Яны падышлі бліжэй і загадалі: «Жывёліны, усім ляжаць». Гэта было іхнае ўлюбёнае слова. Інакш да нас не звярталіся. «Жывёліны, галавой у зямлю!» Лупцавалі страшна. Было жудасна. Нас паставілі на калені. Гэта быў менавіта спецназ, я ўпэўнены, іхная экіпіроўка. Абыходзіліся з намі, як кажа іхны любімы прэзідэнт, жэстачайшэ. Лаяліся, прыніжалі нас словамі, фізічна.

Пасля збіцця на Акрэсціна. Фота прадстаўлена героем публікацыі

Прыехаў аўтазак. Асаблівае зверства – гэта пагрузка ў машыну. Калі чалавек падаў на прыступках, яго білі, закідвалі ўсярэдзіну. У машыне зноў каманда: «Жывёліны, на калені!». Нас там было каля 30 чалавек. Людзі ляжалі адно на адным. Калі нехта спрабаваў размаўляць з амапаўцамі, яго жорстка білі. Адзін мужчына казаў: я ж служыў там жа, дзе і вы, што вы робіце? Калі мы выходзілі, яму сказалі – застанься, мы табе распавядзем, хто з намі служыў. Не ведаю, што з ім было далей, я яго болей не сустракаў».

«Праз 30 гадзінаў далі паесці – блакадны кавалак хлебу»

«Нас завезлі на Акрэсціна. Раней я не ведаў, што гэта такое, дзе гэта. Нас сустрэлі ў той жа форме, з тымі ж здзекамі. Вельмі моцна збівалі, калі мы выходзілі з машыны. Потым збівалі працаўнікі ІЧУ. Амапаўцы пазначалі людзей крыжам на спіне – тых, хто супраціўляўся, у каго былі нейкія татуіроўкі. Гэтых людзей з адзнакай асабліва жорстка збівалі.

Інтэрв’ю
«У нашым шпіталі хлопец, якога АМАП згвалтаваў дубінкай». Рэаніматолаг з Менску пра ахвяраў 9–10 жніўня
2020.08.21 09:49

Нас загналі ў камеру № 5 на другім паверсе – агулам 22 чалавекі, хоць камера была на чатырох. Пераважна маладыя хлопцы, старэйшыя былі толькі я і яшчэ адзін мужчына 51-гадовы. У суседняй камеры было 30 чалавек.

Шмат хто з сукамернікаў быў збіты. У аднаго хлопца няспынна цякла кроў з вуха, у іншага – раненне ў жывот.

У камеры не было амаль ніякай вентыляцыі. Дыхаць не было чым. Хлопцы здымалі цішоткі ды клаліся на іх спаць на падлозе – добра, што драўлянай. Самай файнай падушкай былі красоўкі.

Вадзім Паддубскі разам з мамай. Фота прадстаўлена героем публікацыі

Пашанцавала, што быў умывальнік з вадою. Можна было памыць рукі, твар, але ўжо праз пяць хвілінаў было адчуванне, нібы ты іх не мыў тыдзень. У суседняй камеры, казалі, па сценах проста сцякала вада – такая страшэнная вільгаць.

Праз трыццаць гадзінаў нам першы раз прынеслі паесці – такі «блакадны» кавалак хлебу.

Мы чулі, як прывозілі людзей, білі. Мы разумелі, што пачаліся масавыя арышты. Тады якраз наступілі самыя халодныя ночы. Да нас прывялі трох моцна пабітых і змерзлых мужчынаў, яны не маглі паверыць, што трапілі ў цёплае памяшканне. Дзве ночы іх трымалі на холадзе ў дворыку для шпацыраў.

Інтэрв’ю
Засталася толькі пятка. Затрыманыя распавядаюць пра траўмы і бесчалавечнасць сілавікоў. Фота 18+
2020.08.20 20:30

Праз нейкі час нашую камеру таксама вывелі ў такі дворык – 6 на 7 метраў, пад адкрытым небам, зверху калючы дрот. Нас там было 55 чалавек. У суседнім – 80 чалавек. Нам не давалі ні ў прыбіральню схадзіць, нічога. Некаму там на месцы даводзілася спраўляць патрэбу, тады проста ўсе адварочваліся, і потым закрывалі тое месца нейкімі анучамі, што там валяліся.

Фота прадстаўлена героем публікацыі

14 гадзінаў мы заставаліся ў гэтым дворыку. Раніцай маладыя хлопцы былі ў шоку ад холаду. Мужчыны прасілі адзін аднаго – не бянтэжцеся, хлопцы, бо замерзнем тут усе, давайце прытуляцца адзін да аднаго».

«Я ўбачыў жанчын з кветкамі ды зразумеў, што надзея яшчэ ёсць»

«Яшчэ праз ноч людзей пачалі адпускаць. Але перад гэтым моцна збівалі. Казалі – вас адпусцяць, але, жывёліны, проста так вы адсюль не выйдзеце.

У адной з суседніх камераў ноччу пачалі крычаць «Жыве Беларусь!». Нашыя хлопцы таксама падняліся – маўляў, давайце і мы падтрымаем. Мы з тым сукамернікам 51-гадовым стрымлівалі іх, казалі – маўчыце, бо гэтак паб’юць, што вас мамы не пазнаюць. Яны нас паслухаліся, а ў суседняй камеры праз хвілінаў пятнаццаць мы пачулі, як людзей білі, і як яны крычалі.

Hавiны
Бясконцая ноч катаванняў у аўтазаку і РАУС. Юнака схапілі амапаўцы, калі той вяртаўся дадому
2020.08.19 11:04

12 жніўня нас пачалі судзіць. Але гэта былі не суды, нават не «тройкі» знакамітыя, а «двойкі» – суддзя і нейкая дзяўчына, якая штосьці там пісала. Суддзя зачытваў справы. Ва ўсіх было напісана абсалютна адно і тое ж: прымаў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!», «Ганьба» і «Сыходзь», парушыў арт. 23.34 КоАП РБ.

У мяне мама інвалід 2-й групы, ёй 84 гады. Я нават не ведаў, ці нехта сказаў ёй, дзе я. Я папрасіў у суддзі штраф, бо маму трэба глядзець. А суддзя ў адказ паглядзеў на мяне і сказаў – 15 содняў.

Жанчыны зноў выйшлі на акцыю салідарнасці з ахвярамі і пацярпелымі. Выйшла каля 200 чалавек. Яны паказваюць, што ім усё яшчэ не страшна. Плошча Перамогі, Менск, Беларусь. 20 жніўня, 2020 г. Фото: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

У той жа дзень нас вывелі ў дворык і пачалі раскідваць па аўтазаках. Зноў – жывёліны, на калені. І павезлі. Праз хвілін трыццаць старэйшым дазволілі прысесці. Тады я ўбачыў праспект Дзяржынскага і што навокал стаяць дзяўчаты з кветкамі. Я казаў пра гэта хлопцам у камеры: толькі калі нашыя мамы, сёстры, жонкі падтрымаюць нас, гэта можа спыніцца. Бо ўсіх мужчынаў, якія будуць выходзіць, будуць збіваць. Калі я пабачыў дзяўчат, я зразумеў, што надзея ў нас яшчэ ёсць.

Нам не казалі, куды нас вязуць. Я ўбачыў, што мы едзем па Слуцкай трасе. Нас прывезлі да нейкай брамы. Адзін з тых, хто нас суправаджаў, сказаў: ну рыхтуйцеся. У вокны мы пабачылі, што там стаяць вайскоўцы ў сур’ёзнай экіпіроўцы, мы падумалі, што ўсё – адсюль мы ўжо нікуды не выйдзем, нас прывезлі забіваць.

На ІЧУ і ЦІП Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Калі адчынілі дзверы, мы думалі – зараз зноў будзем лятаць з гэтай машыны. Але ўсё было даволі спакойна. Нас пашыхтавалі, перапісалі, падышоў нейкі афіцэр і сказаў: вы прыбылі на тэрыторыю вайсковай часткі, тут з вамі будуць абыходзіцца паводле закону.

Неверагодна, але нас адвялі ў душ.

Працягвалі яшчэ прывозіць людзей. Мы былі на тэрыторыі нейкай часткі ў лесе. Потым высветлілася, што ў звычайны час гэта жаночы ЛПП. У корпусе былі двух’ярусныя пакоі. Нам нават дазволілі выходзіць па пяць чалавек паліць, накармілі і далі адпачыць».

«Збіваючы нашых родных, яны і з нас робяць звяроў»

«А раніцай, калі нас павялі на сняданак, я пабачыў, як тэрыторыя навокал пачала ператварацца ў канцлагер. Нейкія людзі капалі ямы пад драўляныя слупы каля карпусоў, абносілі іх калючым дротам прамым, а зверху – круглым. Гэта было жудасна. Побач была вялізная паляна з вайсковымі намётамі – яе таксама абносілі слупамі з калючым дротам.

Акцыя салідарнасці каля будынку КДБ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Раптам нам сказалі, што нас адпусцяць, калі мы падпішам паперу, што ў выпадку паўторнага арышту ў нас будзе ўжо крымінальная справа і 5 гадоў пазбаўлення волі. Адзін адмовіўся. Яго вярнулі назад. Мы падпісалі, і нас адпусцілі. Проста ў лес. На шчасце, там былі валанцёры, якія сустракалі нас і дапамагалі. Гэта была пятніца, 14 жніўня.

Мяне прывезлі ў лякарню, зрабілі тамаграфію – нейкіх асаблівых парушэнняў не знайшлі. У адрозненне ад хлопцаў, што былі са мной у камеры, – у аднаго былі пераламаныя некалькі рэбраў.

Hавiны
Маладая пара захрасла ў корку, а ў іх машыну трапіла граната. «Кроў была ўсюды»
2020.08.17 21:43

Мне распавядалі пра страшэнныя зверствы ў Цэнтральным РАУС. Хлопцаў змушалі ляжаць 8–10 гадзінаў жыватом на бетоне. Пыталіся, ці хоча нехта піць. Калі нехта казаў «так», яго падымалі, аблівалі вадой і вярталі назад на халодны бетон.

Са мною быў у камеры хлопец з Жодзіна, якому прастрэлілі руку гумавай куляй. Да яго падышоў амапавец і запытаўся: ты калі-небудзь у космасе быў? І дубінкай па галаве. А потым праз пару хвілінаў далі панюхаць нашатыр – з вяртаннем на зямлю, маўляў. Ад гэтага ўдару па галаве людзі трацілі прытомнасць. Дарослы мужчына, старэйшы за мяне, распавёў, што амапаўцы каталіся на самакаце паміж хлопцамі, якія ляжалі на зямлі.

На Акрэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Цяпер я баюся пагрозаў на свой адрас, нейкага далейшага ціску. Я думаю, што з’еду з гэтай краіны. Я не пачуваюся тут у бяспецы. Гэты чалавек, кіраўнік дзяржавы, ужо бяды нарабіў, і яшчэ наробіць. Ён не спыніцца ні перад чым. Мірна тут нічога не атрымаецца. Я з самага пачатку ведаў, што ён страшны чалавек. Цяпер шмат хто пабачыў гэта, нават тыя, хто сумняваўся, спадзяваўся. Ягоныя сабакі, якіх ён цяпер выпусціў з клеткі, гатовыя забіваць. І страшна не толькі гэта, а і тое, што яны заражаюць агрэсіяй усё грамадства. Я чую ад звычайных людзей на адрас амапаўцаў: я гатовы спаліць усю ягоную сям’ю. Гэтак яны і з нас робяць звяроў, збіваючы і забіваючы нашых родных».

Вадзім Паддубскі. Фота «Белсат»

МУС паведамляе, што падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі сілавікі затрымалі каля 7000 чалавек. Шмат хто з іх заяўляе пра збіццё і катаванні. Ёсць і загінулыя, але афіцыйнага расследавання смерці ўдзельнікаў пратэсту сілавікі не распачынаюць.

  • 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, які, паводле відэакрыніц, быў застрэлены на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
  • У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня.
  • 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла машына на Партызанскім праспекце.
  • 19 жніўня у вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
  • У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова, які будучы чальцом участковай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам. Прычыны смерці пакуль невядомыя.

НА belsat.eu

Стужка навінаў